• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ён робіць мільён карысных спраў непублічна». Хто такі Павел Мажэйка, які згуртаваў людзей у Гродне

    Дырэктар гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка трое сутак прабыў за кратамі па абвінавачанні ў рэабілітацыі нацызму, але ў панядзелак выйшаў на волю.

    Следчыя не пабачылі падстаў для пакідання менеджара культуры ў зняволенні. Справа была заведзеная паводле факта выстаўлення ў «Цэнтры гарадскога жыцця» карціны Алеся Пушкіна, на якой быў намаляваны антысавецкі партызан з Пастаўскага раёна Аўген Жыхар.

    Хто ж такі Павел Мажэйка, які змог стварыць такі моцны грамадскі асяродак у абласным цэнтры?

    Фота baj.by.

    Калі паглядзець на фота, то мала хто паверыць, што Паўлу далёка не 25 або 30 гадоў, яму 42. Нарадзіўся ў Гродне. Увесь ягоны род з абодвух бакоў паходзіць з Гродзенскага раёна. Мабыць, таму для Паўла заўжды так важна было дзейнічаць менавіта ў сваім горадзе, а не ў Мінску, Варшаве ці дзесьці яшчэ.

    Бацькі ў Мажэйкі — звычайныя працоўныя людзі: мама працавала на кансервавым заводзе, перабірала рукамі гародніну, пабыла і ў гандлі, бацька ж працаваў у Дэпартаменце аховы, але быў вымушаны сысці адтуль пасля першага зняволення сына.

    Мажэйка вучыўся на гістарычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта, але жыццё звязаў з журналістыкай. Ён адзін са шматлікіх выпускнікоў мясцовай Школы маладога журналіста. Мабыць, мала хто з гродзенскіх журналістаў не прайшоў праз яе, а потым не ўладкаваўся ў газету «Пагоня» Міколы Маркевіча. Гэта было хай і найперш рэгіянальнае выданне, але прадавалася яно па ўсёй краіне.

    У 2001 годзе, у часе прэзідэнцкай кампаніі, на Маркевіча і Мажэйку была заведзеная крымінальная справа за паклёп на кіраўніка краіны. Літаратуразнаўчая экспертыза тройчы засведчыла, што ў публікацыях «Пагоні» адсутнічаў паклёп, але гэтага было мала для суддзі. У выніку Маркевіч атрымаў 2,5 гады абмежавання волі, а Мажэйка — два гады. Міжнароднымі арганізацыямі журналісты былі прызнаныя вязнямі сумлення.

    Павел Мажэйка ў апошнім слове гаварыў пра выбар журналіста: «Чалавек, журналіст, на мой погляд, можа быць карысным сваёй бацькаўшчыне толькі тады, калі здымае ружовыя акуляры, ясна бачыць радзіму, ясна бачыць яе праблемы і адкрыта гаворыць і піша пра гэта. Артыкул тут ні пры чым. Артыкул — гэта толькі падстава. Два гады зняволення — гэта зусім за іншае. Гэта за тое, што мы выконвалі свой журналісцкі абавязак. Гэта за тое, што ёсць яшчэ газеты ў Беларусі, якія не баяцца падымаць на сваіх старонках вострыя тэмы; гэта за тое, што ёсць яшчэ журналісты, якія гатовыя асвятляць гэтыя вострыя тэмы».

    У выніку Павел паехаў адбываць пакаранне ў Жлобін, там ён працаваў на пілараме. Жонка Паўла, таксама журналістка Ірына Чарняўка, згадвае: «Тады ў Мінску адкрылася аддзяленне «Маскоўскага камсамольца» і я па заданні «МК» паехала на «хімію» да Мажэйкі і Маркевіча. Каб параўнаць часы: тады начальнікі гэтых устаноў правялі мне ледзь не экскурсію, паказалі дзе жывуць вязні, як з імі абыходзяцца, што ніякага бясчынства ў дачыненні іх не робіцца. Цяпер жа Паўлу не хацелі нават перадаваць акуляры».

    «На пілараме пілую я дошкі…» Мажэйка на «хіміі» ў Жлобіне.

    «Павел быў адным з першых палітвязняў у свой час. Салідарнасць была аграмадная. Ён вяртаўся вечарам у свой інтэрнат, і яму ўручалі цэлы пачак лістоў. Міліцыянеры звярталіся да яго па бацьку — Павел Іванавіч, хаця яму на той момант было 24 гады», — кажа Ірына.

    Жонка ўспамінае, што ў час «хіміі» апеку над Паўлам узяла жлобінская сям’я Сцяпковых. «Фактычна, яны далі яму ключы ад кватэры. Ён мог прыйсці да іх паспаць, папіць гарбаты, патэлефанаваць, пасядзець за камп’ютарам.

    Шмат гадоў мы з імі сазвоньваліся. Калі Паша сядзеў на «хіміі», то мабільнікі яшчэ толькі з’яўляліся, сувязь была дарагая, яны мала ў каго былі. Трэба было званіць на вахту і прасіць, каб паклікалі Паўла. Міліцыянеры мяне ўжо ўсе вывучылі: «Чарняўка, ты?» — пыталіся. Кажу, я, хто ж яшчэ. Я лічу, што з людзьмі ў форме заўжды варта размаўляць, яны тады казалі, ну гэта ж «хімія», не так і страшна, а я казала, а калі б вам загадалі страляць у бязвіннага чалавека, то таксама б так рабілі? Тады са мной спрачаліся, цяпер у асноўным маўчаць».

    Ірына расказвае пра сваё захапленне Паўлам. «Я ў яго закахалася, яшчэ калі ён надыктоўваў маёй калезе, мы тады з Анджэем Пісальнікам спрабавалі стварыць газету «Рэпарцёр», сваю дыпломную працу. Я сяджу спінай, думаю, ого, які разумны хлопец, азірнулася — а ён яшчэ і прыгожы!» Адносіны закруціліся, калі ўжо пачаўся крымінальны пераслед. Ірына на той момант працавала ў яшчэ адной незалежнай гродзенскай газеце «Біржа інфармацыі».

    Ірына Чарняўка з дачкой Нінай. Фота greenbelarus.info.

    У Мажэйкаў беларускамоўная сям’я, па-беларуску яны гавораць з жонкай, так выхоўваюць дзяцей. Дачцэ Ніне — 9 гадоў, сыну Юру — 2 гады. Чарняўка гаворыць, што гэта вялікая праблема з адукацыяй, каб навучанне для дзяцей не проста праходзіла па-беларуску, але і было не савецкім па змесце. Дачка вучыцца ў мінскай прыватнай школцы, навучанне адбываецца дыстанцыйна.

    Чаму Мажэйка жыве менавіта ў Гродне? «Жыць трэба ў тым месцы, за якое табе баліць. Калі Паша ствараў «Гродзенскую бібліятэку», то яму прынцыповым было, каб там выдаваліся гродзенскія аўтары, пісьменнікі, што пішуць пра Гродна. У Мінску хапае людзей і без нас».

    Калі Павел стварыў «Цэнтр гарадскога жыцця», то стаў даваць пляцоўку ў самым цэнтры Гродна для мастакоў, фатографаў, для курсаў «Мова нанова». Гэта стала ўнікальным месцам, дзе выбудоўвалася сапраўдная грамадзянская супольнасць.

    «Мне столькі людзей, якіх я, можа, бачыла адзін раз у жыцці, прапаноўвалі дапамогу, што я проста ўражаная. Таму, напэўна, Павел зрабіў шмат добрага для людзей і горада. Калі казаць пра яго хобі, то яно ў тым, каб гуртаваць вакол сябе людзей. Гэта тое, што ў Паўла атрымліваецца лепш за ўсё».

    У перыяд з 2005 па 2007 год Павел Мажэйка працаваў прэс-сакратаром лідара апазіцыі, кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. «Я ведаў Паўла яшчэ студэнтам, калі ён прыходзіў да нас у «Ратушу», потым журналістам «Пагоні». Калі ж мы складалі штаб і паўстала пытанне прэс-сакратара, то Мажэйку мне падказала Жанна Літвіна. Я кажу: «А ён не замалады?» А Жанна кажа: «Бяры, мо на старэйшага людзі не пойдуць, а да Паўла дакладна пойдуць, бо ён абаяльны». Я быў шчаслівы, што меў такога памочніка, працавалася з ім вельмі лёгка».

    Мілінкевіч і Мажэйка. Фота svaboda.org.

    Мілінкевіч згадвае гісторыю, як на Дзень Волі — 2006 Мажэйка мог стаць фігурантам крымінальнай справы. «Мы рыхтаваліся да мітынгу ля помніка Купалу, Павел адказваў за гукаўзмацняльную апаратуру. Тады яго забралі ў РУУС, нібыта за супраціў міліцыянтам. Я кінуў усё і паехаў выцягваць Паўла, я нават не ведаў у той момант, што Казулін павёў людзей на Акрэсціна, і мне атрымалася яго выцягнуць.

    І хоць у нас такая вялікая розніца ва ўзросце, я магу назваць Паўла сваім сябрам. Я рады, што ў Гродне існуе пераемнасць, і пасля «Ратушы», якую я ўзначальваў, паўстаў «Цэнтр гарадскога жыцця», які гартуе вакол сябе людзей. Шкадую толькі, што цяпер так рэдка ўдаецца пабываць у Гродне».

    Сябра Мажэйкі, сувядоўца розных праектаў на «Белсаце» Дзмітрый Гурневіч апавядае пра Паўла: «Найбольшыя справы Мажэйкі — яны непублічныя, пра іх не прачытаеш на старонках газет. Сам Павел не любіць прыцягваць да сябе ўвагу, яго не прымусіш фатаграфавацца. Пры гэтым ён робіць мільён дробных карысных спраў непублічна. Я сам неаднаразова бачыў, як уласнымі грашыма дапамагаў людзям, ён паўтарае, што нікога нельга забываць, да ўсіх трэба прыслухоўвацца. Ён дапамагаў ветэранам Адраджэння, якія аказваліся ў цяжкіх умовах, ездзіў да настаўніка Белакоза. Я ніколі не сустракаў чалавека з такой эмпатыяй як у Паўла».

    «Я памятаю гісторыю, калі з «Белсата» звольнілі Агнешку Рамашэўскую. Павел адразу ж звольніўся ў знак салідарнасці з ёй, хаця ў яго не было іншых крыніц заробку. Ён вёў тады перадачу «Госць Белсата» і я як рэдактар угаворваў яго прыехаць на здымкі, але ён адмаўляўся. І гэта рабіў толькі таму, што не мог інакш.

    Павел вельмі моцна выступае за рэгіяналізм, ён кажа, што ў Мінску і так ёсць каму рабіць, таму і застаецца ў Гродне. Аб ягонай дзейнасці ўвогуле мала хто ведаў, а ён фактычна выконваў працу дзяржаўных інстытутаў».

    «Калі ён гаварыў пра «хімію», то ўспамінаў папярэднікаў. Казаў, іх жа расстрэльвалі, саджалі на 25 гадоў, а мне тут толькі падаць на пілараме нейкія жэрдкі — такое адчуванне, што ён нібыта ў піянерскім лагеры быў. Я сам казаў яму: «Можа, варта з’ехаць з Беларусі?» На гэта Павел толькі ўсміхаўся, як умее толькі ён, і адказваў: «Пра што ты ўвогуле гаворыш?»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці