Яўген Кандратовіч прадставіў фотавыставу пра легендарную музычную пляцоўку Гродна
Гродзенскі фотамайстар, сябра фотаклуба “Гродна” Яўген Кандратовіч прадставіў сваю фотавыставу ў гродзенскай кавярні “Карыца”.
Фотавыстава майстра прысвечаная легендарнай для гродзенцаў музычнай пляцоўцы — Доме культуры імя Грэка. Пляцоўка паўстала спярша як кропка для рэпетыцый некалькіх гродзенскіх гуртоў, а потым стала месцам правядзення нефармальных канцэртаў. За некалькі год з 2009 па 2011 гады ў ДК імя Грэка паспелі выступіць некалькі дзясяткаў музычных гуртоў, таму на здымках з імпрэзы — як музыкі, так і слухачы, што прыходзілі на канцэрты.
Пра выставу распавядае Яўген Кандратовіч:
— Працы ствараліся з 2009 года і па самы апошні канцэрт у ДК імя Грэка. Проста прыходзіў на канцэрты, на нейкія “тусоўкі”, вечарыны, якія мы ладзілі. Усё гэта здымалася. Ужо на самых апошніх канцэртах я вырашыў, што трэба будзе зрабіць фотавыставу. Але ж вырашыў трошкі перачакаць, каб з цягам часу людзям было цікавей глядзець. На фота патрапілі музыкі розных гродзенскіх гуртоў, таксама музыкі з Мінска, госці, што наведвалі канцэрты.
ДК імя Грэка быў зруйнаваны ў 2011 годзе падчас будаўніцтва новай гродзенскай транспартнай развязкі.
Музычным аздабленнем выставы быў гурт “Прощай привычка».
Фота Аляксандра Саенкі