Яшчэ адзін суд за матэрыял пра свіней — заўтра ў Лоеве
23 жніўня Лоеўскі раёны суд разгледзіць адміністрацыйную справу гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. Міліцыя зноў вінаваціць журналіста ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” на падставе ч. 2, арт. 22.9 КаАП.
Гаворка ідзе пра відэасюжэт “Улады знішчылі гаспадарку вяскоўца. Паабяцалі заплаціць і падманулі”, змешчаны на YouTube і паказаны 14 чэрвеня на тэлеканале “Белсат”.
У вёсцы Страдубка Лоеўскага раёна малады вясковец з ветэрынарнай адукацыяй Іван Хвоін займаўся вырошчваннем свіней ва ўласнай гаспадарцы. Летась у жніўні дзве свінні нечакана здохлі. Як і належыць у такой сітуацыі, Іван звярнуўся да мясцовага ветэрынара, аднак вынікаў экспертызы яму не паказалі. Улады сцвярджалі, што жывёліны захварэлі на свіную чуму, іх закапалі тут жа, у двары. А каб хвароба не перанеслася на іншыя гаспадаркі, забілі яшчэ 53 свінні. Пабудовы, дзе жыло пагалоўе, разабралі і спалілі. Аднак грашовую кампенсацыю ад уладаў – 5300 рублёў – Іван Хвоін і праз год пасля здарэння не атрымаў.
“У гэтай сітуацыі міліцыі лягчэй пакараць журналіста, чым аднавіць справядлівасць у дачыненні да Івана Хвоіна. Позву з суда мне даслалі, але на судовае пасяджэнне я не паеду, бо цяпер у адпачынку. Пра гэта я паведаміў суду, папрасіў перанесці разгляд адміністрацыйнага пратакола на іншы тэрмін. Мяркую, што суд разгледзіць справу і без майго ўдзелу, як гэта ўжо не раз здаралася ў судах Гомельскай вобласці”, – паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.
Сёлета Жукоўскага ўжо чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 22.9. Яшчэ адзін штраф Жукоўскі атрымаў за незаконнае фатаграфаванне на тэрыторыі памежнага перахода «Новая Гута». Такім чынам агульная сума штрафаў склала 5060 рублёў.