Яшчэ адзін пратакол за супрацу з “Белсатам”
На журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача міліцыянты склалі чарговы пратакол. Гэтым разам адміністрацыйны пераслед распачаў Шаркаўшчынскі РАУС.
Журналіста ў Глыбокім наведаў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Курэц і склаў на яго пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).
Падставай для адміністрацыйнай справы стаў сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра дзіцячую пляцоўку ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына.
Зміцер Лупач не лічыць сябе вінаватым і звяртае ўвагу, што ён не вырабляе прадукцыю СМІ. Чарговы пратакол журналіст лічыць пераследам з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць.
Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта трэцяя па ліку адміністрацыйная справа паводле арт. 22.9 КаАП. 10 студзеня суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. А 27 студзеня судззя Глыбоцкага суда Станіслаў Трапук вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку.