Яны змагаліся за свабоду слова
Днямі ўвагу журналісцкай супольнасьці прыцягнула навіна: у склад грамадзкай каардынацыйнай рады запрасілі недзяржаўных журналістаў. Надзвычай цікава.
Але пры чым тут грамадзкасьць? Бо, як далей паведамляе сайт, Жане Літвіной, Язэпу Сярэдзічу і Алене Міронавай прапанавала ўвайсьці ў яе склад не грамадзкасьць і нават не сама гэтая рада, а Савет Міністраў (!).
Ну вось вам і грамадзкая ініцыятыва. Да таго ж, раней сваёй пастановай Савет Міністраў як раз і стварыў гэтую раду, зацьвердзіў ейны склад, а старшынём, намесьнікам і сакратаром «абраў» адпаведна П. Якубовіча, А. Баса і В. Мялешку.
Грамадзкасьць, значыць, тут не пры чым. Ну што ж. Хай будзе і такая ўрадавая структура. Але цікава, чым яна будзе займацца? І навошта ўвогуле яе было ствараць?
Зьвернемся да пастановы. Галоўная мэта дзейнасьці рады палягае ў рэалізацыі і абароне «конституционных прав граждан на свободу получения и распространения информации».
Сярод больш канкрэтных задачаў — «обеспечение правильного применения норм Закона Республики Беларусь от 17 июля 2008 года „О средствах массовой информации“… и иного законодательства в сфере массовой информации;
рассмотрение спорных вопросов, возникающих при применении Закона Республики Беларусь „О средствах массовой информации“ и иного законодательства в сфере массовой информации».
Але ж з афіцыйных крыніцаў вядома, што сытуацыя са свабодай слова ў краіне — выдатная, а на мэдыярынку шырока рэпрэзентаваныя як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя СМІ. Хто тады ў нашай краіне робіць замах на «на свободу получения и распространения информации»? Не выпадае ж падазраваць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію ці «Советскую Белоруссию», першы намесьнік старшыні і галоўны рэдактар якіх увайшлі ў склад рады!
Дарэчы, а чаму ў складзе рады няма прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў «Белпошта» і «Белсаюздрук»? Гэта дазволіла б кампэтэнтна абмеркаваць, ці не зьяўляецца замахам на канстытуцыйныя правы выключэньне з падпіснога каталёгу ды выдаленьне шэрагу недзяржаўных выданьняў з сыстэмы распаўсюду праз шапікі…
Што да «правильного применения норм» закона і разгляду «спорных вопросов», дык ці ня ёсьць гэта часткай абавязкаў нашай пракуратуры і судоў? І чаму не пракуратура і суды мусяць «даваць оценку о наличии (отсутствии) в продукции вышедших в свет средств массовой информации нарушений требований Закона Республики Беларусь «О средствах массовой информации»?
Карацей, як любілі казаць за саветамі, «ситуация порождает больше вопросов, чем ответов».
А можа, яно так і трэба? Жыцьцё ў краіне ўсё ж ускладняецца.