Яны нас не спыняць
Такі надпіс я ўбачыў на адным з вянкоў 23 ліпеня, калі мы развітваліся з Паўлам Шараметам. Мне падаецца, што сёння гэтыя словы гучаць як крэда калег і аднадумцаў Паўла, якія выбралі свабодную, праўдзівую, прафесійную журналістыку.
Аднак такое рашэнне напрамую звязана з рызыкай і зусім неспакойным жыццём практычна ў любой постсавецкай краіне.
Выбар
Кожны чалавек яго робіць сам, абапіраючыся на свае перакананні, сумленне, жыццёвы досвед, інтэлект…
Свабодную журналістыку і працу на карысць грамадства выбралі большасць маіх калег. Многія з іх цярпелі пераслед, але засталіся непапраўнымі рамантыкамі з абвостраным пачуццём справядлівасці і верай у лепшае. Ім заўсёды было ўласціва пачуццё прафесійнай і чалавечай годнасці.
Такім быў і зусім яшчэ малады Павел Шарамет. Шмат артыкулаў-успамінаў з’явілася пасля яго зыходу. Аднак прывяду невялікі фрагмент нашай з ім размовы, што адбылася неўзабаве пасля яго вызвалення з гарадзенскай турмы ў 1998 г.
Тады ўстанова УЖ 15/ст.1 у пэўным асяродку лічылася надта жорсткай. На самым пачатку 90‑х тут наспяваў бунт і большасць вязняў аб’явілі галадоўку. Бацькі асуджаных, якія стварылі аднайменны грамадскі камітэт, перадалі мне ліст з «крыткі» (так у народзе называлі гарадзенскую турму). Карацей, мне ўдалося запісаць інтэрв’ю з адміністрацыяй турмы, з асуджанымі-«аўтарытэтамі», зрабіць некалькі радыёрэпартажаў з карцэра, «гумавай» камеры ды яшчэ «прэс-хаты», на якую ўказалі тыя, хто супраць сваёй волі там пабываў.
Па словах асуджаных, у «прэс-хату» «прапісваюць» тых, хто не жыве «по понятиям». За блок цыгарэт, пакунак гарбаты ці кіло каўбасы яны могуць зрабіць з чалавекам што заўгодна. Перш за ўсё зламаць фізічна і зняславіць, то бок «апусціць». За што ўсе астатнія «насельнікі» турмы ставяцца да іх з адкрытай пагардай. Да гэтых «вырадкаў» (слэнг «правільных пацаноў». — Аўт. ) звычайна падсялялі тых, хто канфліктаваў з адміністрацыяй установы, быў надта непакорлівым ды задзірыстым.
Адзіная магчымасць пазбегнуць знявагі ў такіх варунках — парэзаць сабе вены ці жывот. Крыўдзіцелі проста вымушаны будуць выклікаць ахову і ўрача.
…Сядзім з Паўлам у былым офісе БАЖ за кубачкам кавы. Пытаюся: «Як да цябе ставіліся асуджаныя, ці не было правакацый?»
— Нармалёва, — адказвае. — З разуменнем і нават павагай.
— Ты ведаеш, што цябе маглі кінуць у «прэс-хату»?
— Мяне пра гэта папярэдзілі і расказалі, што можа адбыцца. Мне перадалі лязо брытвы, якое я схаваў у красоўкі. Я быў гатовы, зняважыць мяне ім бы не ўдалося.
Як і многія іншыя, я паважаў Паўла як сумленнага, таленавітага журналіста. Як і многія, бачыў яго адкрытую душу рамантыка. Аднак, шчыра прызнаюся, не чакаў ад 26-гадовага калегі такой цвёрдасці духа і рашучасці. І добра, што тады ў гарадзенскай турме яму не давялося даставаць лязо… Бо асуджаныя «з вопытам» паласуюць па венах асцярожна, а на жываце разразаюць толькі вонкавую, тлушчавую праслойку, каб не пашкодзіць кішэчнік. Паша гэтага не ведаў, а я вырашыў яму тады не расказваць, каб не сурочыць… Тым больш што ліха выпала ў той час на яго долю дастаткова.
Неўзабаве ён вымушаны быў пакінуць Беларусь і з’ехаў працаваць у Расію. Пра гэты перыяд яго жыцця чытайце інтэрв’ю «Я перевернул страницу со словом “Беларусь” у гэтым нумары «А».
Маўчанне ўзамен на жыццё
Менавіта такую мадэль паводзінаў прапануе журналістам любая аўтарытарная сістэма. Яшчэ больш зацікаўленыя ў нашым маўчанні карупцыйныя структуры. Сёння карупцыя і тэрарызм ідуць поруч.
Таму, дзе б вы ні былі, вашай спадарожніцай заўжды будзе рызыка. Вы сумленны прафесіянал? Тады шанц патрапіць у прыцэл узрастае шматкроць — што ў Расіі, што ў Беларусі ці ва Украіне. Бо ЯНЫ баяцца публічнасці і таму забіваюць Нас. Дарогу да ўлады яны расчышчаюць падманам і крывёй у хаўрусе з падонкамі-выканаўцамі.
…Больш як 20 гадоў таму ў студыю прамога эфіру Беларускага радыё я запрасіў прадпрымальніка са Жлобіна, які наладзіў вытворчасць цэглы і яшчэ чагосьці. Малады, энергічны, поўны аптымізму ён арганізаваў продаж сваёй прадукцыі і даў людзям магчымасць зарабляць на годнае жыццё. Тады, як і цяпер, такое было рэдкасцю. І я спытаў: ці не баіцца ён, што, як у 1917‑м, прыдуць «экспрапрыятары» і ўсё забяруць?
Адказ быў нечаканым: «Я думаў пра гэта. І перастаў усяго баяцца, калі асэнсаваў, што ЯНЫ ні на што больш не здольныя. Сапраўды, яны могуць прыйсці і ўсё адабраць. Яны нават могуць мяне забіць. Але яны ніколі не змогуць выцягнуць эканоміку з дрыгвы! На гэта ў іх проста не хопіць розуму, ды і непатрэбна ім гэта. Такія могуць толькі абкрадаць ды забіваць!».
Гэтыя словы прагучалі на ўсю краіну. Тады людзі, як і журналісты, не баяліся гаварыць адкрыта. Бо верылі ў перамены да лепшага і ў тое, што іх пачуюць. Цяпер жа нават самую абгрунтаваную крытыку выказваць баяцца. Бо калі не карупцыянеры, дык сістэма не даруе — адпомсціць. Супраць ўсялякай навалачы маюць мужнасць выступаць толькі журналісты незалежных СМІ ды некаторыя апазіцыйныя палітыкі — у Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджане, Кыргыстане, ва Украіне…
Павел Шарамет таксама не маўчаў.
Грамадска-палітычная сітуацыя ва Украіне вельмі складаная, як расказаў «А» Віктар Підлісны. Ён кіраўнік Данецкага тэлебачання, да офіса якога ў Краматорску нядаўна падкінулі гранату. «Украіна па-ранейшаму жыве ў сістэме, створанай значна раней за сённяшнюю ўладу. Гэта сістэма не выкараненая, — распавядае Падлісны. — Галоўная праблема для Украіны сёння — гэта карупцыя і беспакаранасць людзей, якія пры ўладзе і пры грашах. Бо без хабару ты нічога не вырашыш. І ўсе ў грамадстве нібыта ведаюць, хто злачынца, называюць іх, але мы не мелі пакуль ніводнай рэзананснай справы, якая б дайшла да суда. Вось пра гэта трэба казаць. І мы кажам… Зараз у нас пачасціліся выпадкі, калі людзі прыходзяць і бяруць за грудкі таго ці іншага пракурора, які не завёў справу па нейкай выкрытай карупцыйнай схеме. Людзі пасля Майдана ўжо не будуць цярпець… Я думаю, сітуацыя будзе мяняцца».
Ізноў надзея, якая, як часта жартуюць, памірае апошняй. Хаця менавіта надзея ў немалой ступені дапамагае нам заставацца ў прафесіі і канчаткова не звар’яцець пасля ўсяго, што давялося перажыць у часы «найноўшай гісторыі» Беларусі. Гэта —ператрусы ў незалежных рэдакцыях ды кватэрах журналістаў, «выняцце» носьбітаў інфармацыі, збіццё ды пагрозы з боку «невядомых асоб», суды паводле позваў «пакрыўджаных» чыноўнікаў і непамерныя штрафы, суткі на нарах у СІЗа, абвінавачванні ў шпіянажы, «прафілактычныя» гутаркі ў пракуратуры і КДБ, узбуджэнне крымінальных спраў і пазбаўленне волі…
Аднак самыя чорныя для нас даты — «знікненне» Дзімы Завадскага (7 ліпеня 2000 г.) і забойства Веранікі Чаркасавай (20 кастрычніка 2004 г.). Цяпер вось Паша Шарамет — 20 ліпеня 2016 г.
Мы заўсёды іх помнілі і будзем помніць. І будзем рабіць усё, каб ачысціць нашу зямлю ад брыдоты. З надзеяй, што прыйдзе час, калі беларускае грамадства не лісліва, як зараз, а шчыра ўсміхнецца добрым пераменам.
Яны Нас не спыняць.