Якія FM-радыё слухаюць беларусы?
“Unistar”, “Русское радио”, “Радыё Рокс”, “Новае радыё”, “Мелодии века” – так выглядае пяцёрка лідараў у Мінску.
“Радыё Рокс”, “Новае радыё”, “Unistar”, “Русское радио”, 1-ы Нацыянальны канал Беларускага радыё – лідары сярод слухачоў абласных цэнтраў (уключна з Мінскам).
Даследаванне праводзіла з канца лютага да канца красавіка 2016 г. прыватная даследчая кампанія ГЕВС, а вынікі апублікаваў рэсурс marketing.by.
Апытвалі прадстаўнікоў дзвюх “генеральных сукупнасцяў” – жыхароў Мінска ва ўзросце 12–65 гадоў, а таксама жыхароў Мінска і іншых абласных цэнтраў Беларусі ў тым жа веку. Агулам было апытана 9 587 рэспандэнтаў.
Даследаванне праводзілася метадам тэлефонных інтэрв’ю па методыцы Day-after-Recall — успамін рэспандэнтам свайго ўчорашняга дня. На першым этапе даследчыкі высвятлялі, ці слухае чалавек радыё наогул. На другім – у тых, хто слухае, пыталіся, якія радыёстанцыі яны слухалі цягам апошняга месяца і апошняга тыдня. Пры гэтым у адвольным парадку зачытваўся спіс усіх радыёстанцый, якія вяшчалі на момант апытання ў адпаведным горадзе. На трэцім этапе ў людзей высвятлялі, якія радыёстанцыі, калі, дзе і пры дапамозе чаго слухаў рэспандэнт учора, – тлумачыць методыку marketing.by.
* У катэгорыю “Іншыя” трапілі рэгіянальныя радыёстанцыі (такія як “Горад FM” (Брэст), “Радыё Брэст”, “Русское Радио Витебск”, “Радыё Віцебск”, “Еўропа Плюс” (Віцебск), “Рэтра Люкс FM“ (Віцебск), “Гомель FM”, “Гомель Плюс”, “Гомельскае гарадское радыё”, “Радыё Гродна”, “Радыё MFM” (Гродна), “Радыё Магілёў”, “Русское Радио Могилев”).