• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Якімі былі культавыя праграмы на беларускім тэлебачанні 1990‑х

    У 1990-я гады беларускае тэлебачанне перажывала адзін з самых цікавых і яскравых перыядаў у сваёй гісторыі. Было многа свабоды, крэатыву, новых харызматычных вядучых, якія размаўлялі з экранаў па-беларуску, і амаль не было цэнзуры і прапаганды.

    PALATNO вырашыла панастальгіраваць і ўспомніць, якія праграмы ў тыя часы глядзела ўся Беларусь. БАЖ перадрукоўвае. 

    «Усё нармальна, мама!»

    Адна з некалі самых папулярных музычных перадач на беларускім тэлебачанні «Усё нармальна, мама!» з’явілася ў 1994 годзе дзякуючы Ягору Хрусталёву і Уладзіміру Максімкову. Маладыя тэлевізійнікі захацелі стварыць штосьці падобнае да савецкай «Ранішняй пошты», але больш маладзёжнае, неардынарнае і стыльнае. На ролю вядучай запрасілі 21-гадовую Ларысу Грыбалёву, якая незадоўга да таго перамагла на конкурсе беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-94».

    «Усё нармальна, мама!» выходзіла па суботах у ранішнім эфіры. Назва і музыка для застаўкі былі ўзяты з песні мінскага рок-гурта «Ы.Ы.Ы.». Праграма расказвала пра навінкі сусветнай музыкі. У тыя часы ў Беларусі было цяжка знайсці новы і, галоўнае, легальны музычны кантэнт, таму прадзюсары выкарыстоўвалі свае сувязі ў Маскве і прывозілі адтуль касеты з кліпамі.

    Напачатку стваральнікі пастаянна эксперыментавалі з фарматамі і прыдумвалі новыя фішкі — здымалі Грыбалёву дагары нагамі і пад вадой ці прывязвалі да чагосьці. Таксама ўвялі рубрыку «Шчас спаю!», дзе звычайныя людзі проста на вуліцы спявалі на камеру свае любімыя песні.

    У кадры Грыбалёва часта загаворвалася і рабіла смешныя моўныя памылкі. Прадзюсары амаль ніколі не выразалі такія кадры — непасрэднасць, з якой вядучая рэагавала на свае праколы, вельмі падабалася гледачам. З цягам часу перадача стала народным хітом, а Ларыса Грыбалёва — сапраўднай тэлезоркай.

    «Усё нармальна, мама!» праіснавала да 2004 года. Прычынай закрыцця стала тое, што праграма пачала губляць актуальнасць і кураж, а вядучая пасталела і стала больш сур’ёзна ставіцца да жыцця. Пазней Грыбалёва працавала ў іншых перадачах і вяла хіт-парад «Ранішняя пошта на ОНТ». Але былой славы ні ў вядучай, ні ў перадачы ўжо не было.

    «Карамболь»

    Першае беларускае late-night show з’явілася на БТ у першай палове 1990‑х. Стваральнікі перадачы натхніліся папулярнымі амерыканскімі шоў Дэвіда Летэрмана і Конара О’Браэна. Вядучым «Карамболя» стаў Ягор Хрусталёў — сапраўдны сэкс-сімвал тагачаснага тэлебачання. Праграма выходзіла вечарам у нядзелю ў фармаце ток-шоў, куды запрашалі беларускіх і замежных зорак. У розныя часы на гутарку да Хрусталёва прыходзілі Рыгор БарадулінУладзімір МулявінСтаніслаў ШушкевічЗемфіра, Патрысія Каас, Scor­pi­ons, Nazareth і іншыя знакамітасці.

    Назву «Карамболь» прадзюсары выбралі са слоўніка — проста спадабалася слова, якое азначае від удару ў більярдзе. Беларуская фірма-вытворца більярдных сталоў нават выдзеліла адзін для перадачы. Менавіта за гэты стол вядучы і ўсаджваў гасцей.

    Хрусталёў вельмі любіў задаваць правакацыйныя пытанні і рабіць сюрпрызы. У адным з інтэрв’ю ён расказаў пра смешны выпадак з Зянонам Пазняком: «Перад праграмай з Пазняком я падгаварыў публіку: калі палітык адмовіцца ўсміхнуцца, пачынайце яму апладзіраваць і смяяцца. Тады, памятаю, у яго на ўсіх фота і відэа быў вельмі суровы выгляд. Пазняк стаў адмаўляцца: “Ці ёсць нейкія падставы ўсміхацца?”. Але калі зала выбухнула авацыямі і смехам, яму давялося зрабіць гэта».

    Перадачу закрылі ў 2000 годзе, калі Ягор Хрусталёў стаў першым генпрадзюсарам Беларускага тэлебачання. Тады на БТ ужо выходзіла шмат праграм, многія з якіх дубліравалі адна адну, а іх якасць падала. Хрусталёў расказваў: «Патрабаваліся радыкальныя рашэнні. Каб усё выглядала правільна, я закрыў «Карамболь».

    «Мульціклуб»

    Самая папулярная перадача для дзяцей на беларускім тэлебачанні ўпершыню выйшла ў эфір у 1994 годзе. Вёў «Мульціклуб» беларускі рэжысёр-аніматар Міхаіл Тумеля разам з напарнікам — выдуманым іншапланецянінам Пацам-Вацам. Прыдумала яго мастачка Вольга Кароткая, а ажываў герой дзякуючы лялькаводу Аляксандру Купрыянаву.

    Персанаж нават меў сваю біяграфію. Яго планета Альфамегацэнтаўра памірала ад нуды, і Паца-Ваца лётаў па Космасе ў пошуках забаў для яе жыхароў. На Зямлі ён пазнаёміўся з дзяўчынкай, якая паказала яму мульцікі. Так Паца-Ваца адкрыў для сябе чароўны свет анімацыі.

    Шэдэўраў заходняй мультыплікацыі ў адкрытым доступе тады асабліва не было, таму стваральнікам давялося займацца пірацтвам. Перадача хутка стала суперпапулярнай, «Мульціклуб» вельмі палюбілі дзеці, падлеткі і нават многія дарослыя. Праграма выходзіла два разы на месяц, вядучыя ў ёй абмяркоўвалі гісторыю мультыплікацыі, расказвалі пра стварэнне мультфільмаў, размаўлялі з аніматарамі і, вядома, паказвалі мульцікі, у тым ліку і заходнія хіты. Нядзельныя эфіры «Мульціклуба» мелі самы высокі рэйтынг сярод беларускай дзіцячай аўдыторыі пасля «Ералаша» і «Дыснэй-клуба».

    У 2007 годзе ў Беларусі пачало дзейнічаць аўтарскае права, і за паказ нават маленькіх фрагментаў мультфільмаў трэба было плаціць. Белтэлерадыёкампанія не хацела выдзяляць на гэта грошы. У дадатак быў прыняты закон аб забароне рэкламы ў дзіцячых праграмах. Усе спонсары «Мульціклуба» патроху сталі адвальвацца, фінансаванне спынілася, і перадачу закрылі.

    Пасля вобраз Пацы-Вацы быў выкарыстаны на тэлеканале MTV, потым персанаж на нейкі час з’явіўся ў перадачы-клоне «Мульціклуба» на YouTube, але былой папулярнасці ўжо не было. Цікавасць да Пацы-Вацы выказаў французскі прадзюсар Майк Патруш, які хацеў зрабіць яго галоўным героем міжнароднага тэлепраекта «Prot­to», але і з гэтага нічога не выйшла. Гісторыя культавай дзіцячай перадачы скончылася, а акцёр Аляксандр Купрыянаў пазней расказаў сумную гісторыю, як знайшоў арыгінал куклы Пацы-Вацы на сметніку Белтэлерадыёкампаніі.

    «Акалада» і «Музычная абойма»

    Легендарныя тэлевядучыя Аксана і Анатоль Вечар знаёмыя беларусам, у першую чаргу, дзякуючы іх праграме «Акалада», якая выйшла ў 1994 годзе. Незвычайную назву стваральнікі ўзялі ад музычнага тэрміна, які азначае дужку, што злучае некалькі сістэм нотных ліній.

    Перадача ставіла за мэту прадстаўляць на шырокім экране беларускіх рокераў — тады пра іх амаль ніхто нічога не ведаў. Вядучыя расказвалі навіны музычнага андэграўнду, бралі інтэрв’ю ў рок-зорак. А галоўнай фішкай былі здымкі кліпаў для герояў выпускаў, а пазней іх прэм’ера ў «Акаладзе». Так прадзюсары дапамагалі не вельмі раскручаным рок-н-рольшчыкам і самі стваралі кантэнт для праграмы.

    Сярод гасцей перадачы былі Neu­ro Dubel, Kri­wi, N.R.M, Барыс Грабеншчыкоў, Арцемій Траецкі, Алёна Апіна, «Парк Горкага» і іншыя вядомыя ў тыя часы гурты і выканаўцы. Выпускі выходзілі ў прайм-тайм, карысталіся вялікай папулярнасцю, і многія беларускія рок-гурты марылі трапіць у праграму.

    Пасля «Акалады» вядучыя працавалі ў іншых паспяховых праектах. Адзін з іх — «Музычная абойма», якая ўпершыню выйшла ў 1997 годзе. У канцы кожнага тыдня па суботах Аксана Вечар падводзіла вынікі галасавання гледачоў за любімыя музычныя кліпы.

    «5х5»

    Першая ў Беларусі тэлеперадача для падлеткаў выйшла на БТ у 1997 годзе і адразу стала хітом. А яшчэ дала добры старт і зрабіла зоркамі юных вядучых — Дзіму Шэпелева, Кацю Пытлеву, Кірыла Слуку і Дзяніса Кур’яна.

    Вядучыя ў прамым эфіры свабодна абмяркоўвалі з гасцямі вострыя праблемы моладзі: наркаманію, падлеткавую злачыннасць, раннюю цяжарнасць, складаныя адносіны са школьнай сістэмай і настаўнікамі, гвалт у сям’і і многае іншае. «5×5» выходзіла чатыры разы на тыдзень, доўжылася ад 20 да 50 хвілін і мела розныя рубрыкі — дыскусіі, інтэрв’ю і музыку.

    Вядома, што перадача ў такім смелым фармаце не магла доўга існаваць, і ў 2005 годзе яе закрылі. Замест «5×5» з’явіўся праект «Плюс-мінус», пра які журналісты пісалі з іроніяй: «Варыяцыя БРСМ расійскай праграмы “Да бар’ера” Уладзіміра Салаўёва. Студэнты, у большасці актывісты БРСМ, дэбатуюць на прапанаваную ім тэму. Праблематыка там прыцягнута за вушы. Пустыя размовы. У канцы перадачы вядучы падводзіць вынік. Абавязкова пазітыўны».

    «Відзьмо-невідзьмо»

    Першы выпуск культавай перадачы пра навінкі сусветнага кіно і музыкі выйшаў на беларускім тэлебачанні ў 1992 годзе. Напачатку 1990‑х у Беларусі амаль не было крыніц актуальнай інфармацыі пра кіно, музыку і шоў-бізнес, таму вядомы вядучы Сяргей Філімонаў вырашыў стварыць свой праект.

    У адным з інтэрв’ю Сяргей успамінаў, як з’явілася назва праграмы: «Калі любіш спаць у ванне, то можаш патануць. Або ўбачыць што-небудзь ува сне. Так здарылася і са мною. Ляжаў у ванне, круціў у галаве розныя варыянты, і тут асяніла: кіно — бачнае, музыка — нябачнае. Так і з’явілася назва «Відзьмо-невідзьмо».

    Перадача стала рэгулярна выходзіць на БТ і вельмі хутка зрабілася хітом. Вядучы цягам 70 хвілін на прыгожай беларускай мове і з мяккім гумарам распавядаў пра топавыя фільмы, песні і кліпы і паказваў трэйлеры навінак кіно, што для таго часу было ўнікальна. У рэдакцыю кожны тыдзень прыходзілі сотні лістоў ад гледачоў, якія часта прасілі паказаць тую ці іншую зорку, а Філімонаў любіў зачытваць у выпусках самыя забаўныя просьбы.

    На БТ «Відзьмо-невідзьмо» выходзіла 10 гадоў, а пасля 2002 года кіраўніцтва канала не працягнула працоўныя адносіны з вядучым, які паступова станавіўся ўсё больш нязручным для ідэолагаў. Пасля закрыцця на БТ праграма да лета 2011 года выходзіла на канале СТВ, а з 2012 па 2019 год — на «Белсаце». Сяргей Філімонаў памёр у 2021 годзе ад COVID-19. Легендарнаму вядучаму было 62 гады.

    «Уся справа ў капелюшы», «Крок» і «Рок-айлэнд шоў»

    Таксама ў 1990‑я гады вельмі папулярнай была дзіцячая тэлевіктарына «Уся справа ў капелюшы», якую вялі Наташа Фурсава і лялька Пузя-Карапузя

    А ў канцы 1980‑х на беларускім тэлебачанні з’явілася перадача «Крок» — вельмі падобная па фармаце да расійскага «Погляду» з Уладзіславам Лісцьевым.

    У музычнай праграме «Рок-айлэнд шоў», якая выходзіла ў эфір БТ у першай палове 1990‑х, вядучыя бралі інтэрв’ю ў музыкантаў і рок-гуртоў, расказвалі навіны музычнага свету і праводзілі конкурсы з гледачамі.

     

    Чытайце яшчэ: 

    ПЦ «Вясна»: з’явілася інфармацыя пра затрыманне тэлевядоўцы і спявачкі Ларысы Грыбалёвай

    «Людзям стала важна разумець, як выжываць за кратамі». Як журналістам пісаць пра гісторыі палітвязняў — гавораць Доўгая і Судаленка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці