• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як змагаліся з “гіпнажабай” у Гомелі — ток-шоу “Патрэба ў незалежным ТВ і інфармацыйная бяспека”

    “Гіпнажаба” ад дзяржаўных тэлеканалаў, “пацалункі” падчас вайны на тэлеканале “Мір”, блогерскі супраціў інфармацыйнай агрэсіі — і многія іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі ток-шоу “Патрэба ў незалежным ТВ і інфармацыйная бяспека”. Сустрэчу арганізавала Гомельская філія ГА “БАЖ”.

    Арганізатары мерапрыемства ставілі перад сабой задачу сабраць зацікаўленых у тэме журналістаў, медыяэкспертаў і блогераў, якія бачаць праблему ў засіллі прапагандысцкага альбо “расійскацэнтрычнага” кантэнту на беларускіх тэлеканалах.

    Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў разгорнутым выступе распавёў пра спецыфіку арганізацыі тэлебачання ў Беларусі.

    «У краіне дзейнічае мноства тэлеканалаў, але большасць з тых, што ўваходзяць у абавязковы пакет, адносяцца да “Белтэлерадыёкампаніі”. Ёсць фармальна паўдзяржаўны тэлеканал ОНТ, існуе канал СТВ, які паступова пераўтвараецца ў агульнанацыянальны. Кіраўнікоў гэтых тэлеканалаў прызначае прэзідэнт. Сярод каналаў, якія ўваходзяць у абавязковы пакет, ёсць адзін, кіраўнік якога не прызначаецца прэзідэнтам Беларусі. Гэта тэлеканал СНД “Мір”, які распавядае ў асноўным толькі станоўчыя навіны. Прыгадваю з гэтай нагоды даволі цікавы момант, калі ў 2008 годзе здарылася вайна Расіі з Грузіяй, якая на той момант уваходзіла ў СНД. Тэлеканал “Мір” тую вайну “не заўважыў” і працягваў паказваць толькі станоўчае з Масквы і Тбілісі”, — акрэслівае агульную карціну з тэлевяшчаннем у Беларусі эксперт Паўлюк Быкоўскі.

    Паводле Паўлюка Быкоўскага, кожны з тэлеканалаў займае сваю нішу, мае свае адметнасці. Напрыклад, «НТВ-Беларусь» рэтранслюе практычна цалкам расейскі кантэнт. На гэтым канале паказваецца толькі адна перадача айчыннага вырабу з досыць высокім рэйтынгам — «ЧП.BY”, у якой вядоўцы распавядаюць пра надзвычайныя здарэнні. “Атрымліваецца, што ўсё станоўчае — гэта РФ, а забойствы, крымінал і гэтак далей — беларускае”, — падсумоўвае эксперт.

    Інтэнсіўны ўплыў расійскага тэлебачання на беларускага гледача можна адсачыць, аналізуючы вынікі некаторых сацыялагічных даследаванняў.

    Напрыклад, паводле аднаго з апытанняў, каля 12% беларускіх рэспандэнтаў перакананыя, што ў Беларусі ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне.

    Распаўсюд такога меркавання сведчыць пра тое, што гэтыя 12% насельніцтва ментальна жывуць у расійскай інфармацыйнай прасторы, дзе сапраўды не практыкуецца смяротнае пакаранне, а замест гэтага дзейнічае мараторый.

    Сябры гомельскай філіі ГА «БАЖ» Сяргей Ляпін і Марыя Булавінская адмыслова падрыхтавалі да ток-шоу апытанку, у якой звярнуліся да гомельцаў, ці патрэбнае ім ўвогуле незалежнае тэлебачанне?

    Рэдактар гомельскага рэгіянальнага партала Rynak.by, сябра БАЖ, Аляксей Харкевіч падзяліўся сваёй візіяй сітуацыі з тэлевяшчаннем у рэгіёне. Паводле дакладчыка, сацыялогія даводзіць, што істотнага адрознення ад іншых беларускіх абласцей Гомельшчына ў кантэксце тэлевізійных упадабанняў не мае. Тут, як і ў іншых беларускіх рэгіёнах, дамінуюць беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, расійскія тэлекампаніі.

    “Мясцовае тэлебачанне ў долі аўдыторыі нязначнае. Яно аказвае пэўны ўплыў на грамадскія працэсы, але прынцыпова інакш, чым інтэрнэт-сайты. Напрыклад, у інтэрнэце жалезна дзейнічае правіла, што чым бліжэй навіна да таго, хто яе глядзіць (мясцовыя праблемы), тым яна больш цікавая. З тэлебачаннем гэта не працуе, бо чым буйнейшы тэлеканал, чым большы ў яго бюджэт, тым больш у яго магчымасцей купіць забаўляльныя перадачы, каб прыцягнуць аўдыторыю”, — заўважае Аляксей Харкевіч. Лакальным тэлекампаніям з маленькімі бюджэтамі немагчыма складаць канкурэнцыю буйным тэлекампаніям.

    З аднаго са слайдаў прэзентацыі Аляксея Харкевіча вынікае, што найбольшым даверам тэлегледачоў, як гэта не парадаксальна, карыстаецца гібрыдны тэлеканал «РТР-Беларусь» — той самы, які транслюе адыёзныя перадачы Уладзіміра Салаўёва і агляды Дзмітрыя Кісялёва.

    Журналістка Таццяна Бублікава выказалася крытычна адносна перспектываў стварэння незалежнага тэлебачання ў Беларусі. “Калі разважаць павярхоўна, то хай будзе многа розных медыя. Хай яны канкуруюць міжсобку, каб у гледача быў выбар. Але ў рэальнасці, калі браць у разлік класічнае тэлебачанне (ці тое “Белсат” ці тое “БТ”), то паглядзіце, наколькі гэта рэсурсаёмістае мерапрыемства. Стварэнне тэлеканала з нуля — гэта не зусім мэтазгоднае рашэнне праблемы. Той жа “Белсат” неахвотна раскрывае пытанні, звязаныя з бюджэтам, аб’ёмам свайго фінансавання. Пра што казаць? Павелічэнне кантэнту на 1% на гэтым канале вымагае 130 тысяч долараў ЗША. Гэта проста касмічныя сумы. Запуск новага тэлеканала з пункту гледжання незалежных журналістаў — гэта утопія”, — гаворыць Таццяна Бублікава. Паводле выступоўцы, пры спрыяльных умовах гаворка можа весціся пра рэфармаванне існуючых рэспубліканскіх і рэгіянальных каналаў, якія маюць тэхнічную базу, кадры, але заціснутыя пакуль што абцугамі цэнзуры.

    Стваральнік ютуб-канала “Рудабельская паказуха”, сябра Гомельскай філіі ГА “БАЖ”, Андрэй Павук распавёў прысутным, як ён сам “дакаціўся” да стварэння папулярнага ў Рудабелцы блога.

    “Вы ведаеце, што адна з найбольш вострых праблем у Беларусі — гэта бессаромная паказуха. Бяда ў нас з гэтым. А ў правінцыі сітуацыя выглядае зусім жахліва, бо людзі варацца ў нейкіх забабонах. У жыхароў райцэнтраў няма пляцоўкі для абмеркавання сваіх праблем і пытанняў. Так сталася нечакана, што наша работа стала карыстацца папулярнасцю. Мы ўзялі за аснову для сцёбу раёнку “Чырвоны кастрычнік”, каб абмяркоўваць афіцыйныя навіны. Натхненнем стаў праект “Сажа і Сірожа”, які паўплываў на наш стыль падачы інфармацыі, які вельмі блізкі аўдыторыі”, —  гаворыць Андрэй Павук.

    Пасля выступу Андрэя Павука аўдыторыя даволі горача абмяркоўвала, ці змогуць блогеры мінімізаваць дэструктыўны ўплыў прапагандысцкіх тэлеканалаў.

     “Наколькі блогеры сталі сур’ёзнай сілай, гэта можна бачыць, як вядзецца судовы пераслед актыўных блогераў у Брэсце, Гродна, Гомелі і іншых рэгіёнах. З чаго трэба рабіць выснову, што блогераў трэба не столькі «гадаваць», колькі ствараць ім падушку бяспекі, каб чалавек не застаўся сам насам з рэпрэсіўнай сістэмай. І БАЖ мог бы дапамагаць у гэтым блогерам”, — зазначыла Таццяна Бублікава.

    Хоцімскі журналіст Валерый Каранкевіч лічыць, што блогерскі рух стаў на сёння найбольш эфектыўным інструментам абароны грамадскіх інтарэсаў. “Часам нават улады ідуць насустрач блогерам, запрашаюць іх на свае мерапрыемствы. Чыноўнікі таксама вельмі хітрыя, яны разумеюць, што трэба неяк шукаць кансэнсус. Чым будзе больш такіх блогераў, тым больш шансаў нам, беларусам, перажыць трансфармацыю без зварушэнняў, рэвалюцый і бунтаў”, — выказаў меркаванне Валерый Каранкевіч.

    Падчас мерапрыемства была наладжаная скайп-сувязь удзельнікаў ток-шоу з экспертам Украінскага інстытута будучыні Ігарам Тышкевічам.

    “За пару гадоў да Еўрамайдана ва Украіне сітуацыя была ў пэўнай ступені падобнай на беларускую. У пяцёрку найбольш рэйтынгавых тэлеканалаў уваходзілі расійскія, прычым, у адрозненне ад Беларусі, яны трансляваліся без цэнзуры. Сітуацыя пачала мяняцца дзесьці на пераломе 2012–2013 гадоў, калі ўкраінцы сталі масава ствараць уласныя шоу і тэлепраекты. Паступова рэйтынгі ўкраінскіх каналаў раслі, толькі тэлеканал “Інтэр” з’яўляўся прарасійскім, рэтрансляваў праўладнае бачанне”, — распавёў пра ўкраінскую сітуацыю на тэлевізійным рынку Ігар Тышкевіч.

    Ужо падчас Рэвалюцыі годнасці 2014 года, асабліва па ўцёках прэзідэнта Віктара Януковіча, тэлеканал “Інтэр”, аўдыторыя якога ў асноўным пражывала на ўсходзе Украіны, пачаў адкрыта падтрымліваць Еўрамайдан. У такім рэжыме тэлеканал прапрацаваў тры месяцы, пасля чаго страціў свайго гледача.

    На змену “Інтэру” ў Данбас імгненна ўвайшлі расійскія прапагандысцкія тэлеканалы. Цяпер Украіна практычна цалкам адмовілася ад расійскага тэлевяшчання, што прывяло да канкурэнтаздольнасці тэлебачання і айчынных тэлепраектаў. На думку Ігара Тышкевіча, дзеля супрацьстаяння інфармацыйнай агрэсіі трэба выкарыстоўваць комплексны падыход, у тым ліку элементы забароны трансляцыі прапагандысцкіх каналаў, але асноўны акцэнт трэба рабіць усё-такі на стварэнні якаснага тэлевізійнага кантэнту.

    Удзельнікі ток-шоу прыйшлі да згоды, што адных высілкаў грамадскасці для недапушчэння дэструктыўнага знешняга ўплыву яўна не будзе хапаць.

    “Калі мянялі Закон “Аб СМІ”, у адным з каментароў міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч наўпрост сказаў, што задача —  абмежаванне замежнага ўплыву на нацыянальнае вяшчанне. Тады было незразумела, што яны разумеюць пад замежным уплывам: “Белсат” ці расійскія тэлеканалы. Яны не расшыфроўвалі. І ўвогуле, беларускія чыноўнікі вельмі не хочуць нічога казаць пра негатыўны ўплыў менавіта расійскага вяшчання”, — падсумоўвае Паўлюк Быкоўскі.

    Фота: Юлія Сівец

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці