Як журналісты “Газеты Слонімскай” газавую калонку бабулі адрамантавалі
У працы журналіста бываюць выпадкі, калі ад вынікаў наш брат атрымлівае маральнае задавальненне ды хоць крыху адчуе сябе “чацвёртай уладай”.
Якраз нешта падобнае надарылася днямі ў журналістаў “Газеты Слонімскай” і сяброў БАЖ Яўгена Валадашчука і Мікіты Пастухова.
У рэдакцыю (як гэта вельмі часта бывае) патэлефанавала 77-гадовая бабуля-інвалід ды паскардзілася, што ў яе кватэры ў цэнтры Слоніма газавікі адключылі газавую калонку. Пасля непрацяглай размовы жанчына пагадзілася расказаць пра сваю праблему на камеру. Хлопцы выехалі на месца, пагутарылі з гаспадыняй кватэры пад запіс, узялі каментар у спецыяліста гаргаза… Так у пятніцу на сайце “ГС” з’явіўся матэрыял “Пенсионерке отключили газовую колонку из-за прочистного кармана”.
Сланімчанка Раіса Семак у сваёй кватэры
Сітуацыя гэта адразу падалася вельмі неадназначнай. Арганізацыя, якая абслугоўвае газавае абсталяванне, запатрабавала, каб бабуля купіла новую калонку ды яшчэ звярнулася ў ЖКГ, каб зрабіць гэты самы “прочистной карман”. Калонка тая каштуе ад 350 рублёў плюс яшчэ рублёў 40 патрэбна заплаціць за яе ўстаноўку. А гаспадыня кватэры 10 гадоў на вуліцу не выходзіць з‑за хворых ног. Даглядае яе 52-гадовы сын, у якога таксама здароўе слабое, і жывуць яны дваіх на адну яе пенсію. Дзе ж ты купіш тую калонку?!
Сярод каментароў да гэтага матэрыяла на сайце з’явіўся каментар “газавіка з 30-цігадовым стажам”, які выказаўся наконт таго, што калонку сапраўдныя спецыялісты мусілі б адрамантаваць, а не адключаць.
У панядзелак у рэдакцыі мы працавалі над газетным варыянтам гэтага матэрыялу, і ў яго аўтараў з’явілася ідэя арганізаваць праз газету дабрачынную акцыю па збору сродкаў на пакупку бабулі газавай калонкі.
Але ў аўторак наша гераіня зноў патэлефанавала ў рэдакцыю.
— А галубкі вы мае! Я так удзячная вам і “Газеце Слонімскай”, што расказалі пра маю праблему! Гэта ж учора газавікі зноў прыйшлі да мяне самі. Нічога не сказалі, адрамантавалі і ўключылі мне калонку. І грошай з мяне не ўзялі…”, — доўга слухаў я словы падзякі слонімскай бабулі Раісы Сямак і думаў, што не, не ўсё яшчэ так дрэнна ў нашай прафесіі.
А ў папяровым нумары газеты (“ГС” № 21 ад 21 чэрвеня) выйшаў матэрыял пад загалоўкам “Всё хорошо, что хорошо заканчивается”.
Фота з архіва “ГС”
Яўген Валадашчук
Мікіта Пастухоў