• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як я быў журналістам-фрылансерам і медыяасобай

    Калі не паглыбляцца ў гісторыю сямігадовай даўніны, то сапраўдным журналістам-фрылансерам я стаў гады тры-чатыры таму. Да заканчэння 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ ў 2012 годзе я паспеў пасупрацоўнічаць з газетай “'Інфа-Кур'ер”', сайтам музычнага тэлеканала “'А-ONE — Первый альтернативный”', інтэрнэт-парталам TUT.BY, апублікаваць дзясяткі дробных прац у шэрагу іншых беларускіх віртуальных і друкаваных медыях. А таксама даволі паспяхова два гады вёў уласны standalone-блог www.sur.by і год як запусціў незалежны сайт фотанавінаў Беларусі “'Belarusian News Photos” www.bnp.by.

    Лета 2012 года. Калегі з аднаго тэлеканала прапанавалі зрабіць для іх сайта фотарэпартаж. На вытворчую практыку да сябе ўзяў найбуйнейшы інтэрнэт-партал краіны — TUT.BY. Сябры з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” запрашалі на рознага кшталту мерапрыемствы рабіць фотарэпартажы. Уласны праект “Belaru­sian News Pho­tos” хоць і не прыносіў грошай, але развіваўся: з’яўляліся цікавыя фотапрацы, далучаліся новыя маладыя фатографы, павялічвалася колькасць наведвальнікаў. Я пачуваўся добра — малады, актыўны, запатрабаваны! Але…

    Гэтым жа летам, у самым росквіце фрылансерскіх справаў, я раптоўна перайшоў па той бок аб’ектыва і дыктафона. Першыя апублікаваныя фотаздымкі цацачных мішак з заклікамі да свабоды слова і дэмакратыі ў Беларусі, што былі скінутыя шведамі з самалёта, які незаконна заляцеў у беларускую паветраную прастору, зацікавілі тысячы чытачоў, дзясяткі калег і… КДБ. Праз тыдзень пасля апублікавання фотаздымкаў у дзверы пагрукалі супрацоўнікі спецслужбы, зрабілі ператрус у кватэры і забралі ўсе электронныя носьбіты інфармацыі. А мяне пацягнулі на допыт і пакінулі за кратамі больш чым на месяц.

    Амаль на два месяцы я перайшоў з разраду фрылансера, які пра ўсіх піша, у разрад медыяасобы, пра якую ўсе пішуць. Папярэдні досвед працы ў журналістыцы і асабістыя знаёмствы з калегамі зрабілі добрую справу. Я выдатна разумеў, што адбываецца ў душы, калі табе адмаўляюць у інфармацыі ці інтэрв’ю — таму  размаўляў з усімі калегамі, нікому не адмаўляў хаця б у пяці тэлефонных хвілінках. У дзень вяртання з‑за кратаў я ведаў, што белая кашуля ў светлым пакоі будзе недарэчная для фотаздымкаў — апрануўся цямней. Разумеў, што сябры і калегі будуць галодныя з дарогі — накрылі з маці даволі неблагі стол, за якім яшчэ можна было і адзначыць вызваленне (усё ж такі быў вечар пятніцы). Думаю, усе ў той вечар засталіся задаволенымі.

    Такім чынам, апынуўшыся па той бок аб’ектываў, зрабіў для сябе і некалькі прафесійных высноваў.

    Па-першае, усё ж трэба ўзгадняць са сваімі героямі падрыхтаваны да публікацыі тэкст. Асабліва калі чалавек не мае досведу публічных выступаў ці ўзрушаны чымсьці, нервуецца праз пэўныя падзеі. Ад унутранага хвалявання ў чалавека можа блытацца язык, і тое, што больш-менш гучыць на відэа ці ў аўдыё, можа атрымацца суцэльнай бязглуздзіцай у друку. Журналіст/рэдактар — таксама жывыя людзі, і, якімі б прафесіяналамі яны ні былі, могуць няправільна зразумець свайго спікера.

    Па-другое, не “даставаць”. Калі ёсць пэўны момант у гісторыі, пра які чалавек не хоча гаварыць, не трэба ледзь не праз дзень на працягу некалькіх тыдняў тэлефанаваць з пытаннем: Мо ўжо хочаце/можаце штосьці распавесці на гэты конт?

    Па-трэцяе, заўсёды папярэджваць пра запіс. Чалавек можа штосьці распавесці асабіста журналісту — як чалавеку, як сябру. Але гэтае “штосьці”, расказанае па-сяброўску, можа зусім не быць прызначаным для шырокай публікі.

    Ну і, па-чацвёртае, журналістам-фрылансерам абавязкова трэба скідваць сваім героям спасылку на апублікаваны артыкул. Людзям, у якіх вы бярэце інтэрв’ю, амаль заўжды цікава паглядзець на вынік ды хочацца пахваліцца сваім сябрам у сацыяльных сетках. Дзе шукаць той тэкст? Для якога менавіта медыя журналіст-фрылансер браў у мяне інтэрв’ю?.. Нават калі ведаю для якога — дзе шукаць артыкул на сайце, калі яго няма на галоўнай старонцы?

    Прайшоў час. Я вярнуўся да свайго звычайнага жыцця. Ізноў пачаў лётаць са здымачом і дыктафонам наперавес. Першым артыкулам пасля арышту былі ўспаміны “‘Американские’ песни” для “Салідарнасці”. Для гэтага выдання я пісаў-здымаў і пасля. Адначасова рабіў рэпартажы для інтэрнэт-парталу TUT.BY, дзе праходзіў вытворчую практыку. Праз некалькі тыдняў рэдактар інтэрнэт-праекту “‘Медыякрытыка”’ прапанавала мне напісаць спачатку адзін артыкул, потым яшчэ адзін, потым яшчэ… І, канешне, нельга забывацца на www.BNP.by, пра які 1 снежня напісаў у блогу:  “А сейчас же все мои силы сконцентрированны на проекте Belaru­sian News Pho­tos. Все-таки, вопреки ожиданиям некоторых троллей, материалы как выходили на сайте фотоновостей, так и выходят. Да и формат тот же: независимый интернет-проект, где есть и оппозиция, и концерты, и спорт, и многое другое”.

    Апафеозам фрылансерства тых месяцаў стаў выпадак, калі з аднаго мерапрыемства я працаваў адразу для трох сайтаў. На “Медыякрытыку” пісаў даволі буйны для нататкі тэкст і суправаджаў яго фотаздымкамі. Гэты артыкул без скарачэнняў перадрукаваў TUT.BY. Для рэпартажу на сайце ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” былі проста дасланыя фотаздымкі. А на ўласным праекце BNP.by атрымалася нешта сярэдняе, у адпаведнасці з фарматам — няшмат тэксту і фатаграфіі.

    Такім чынам, як пра медыяасобу калегі на мяне забыліся, але памяталі як пра журналіста. Далейшыя шматлікія замовы ўпэўнілі мяне ў дакладнасці аднаго старога студэнцкага выказвання. Калі перафразаваць пад фрыланс, гучыць яно так:

    “Спачатку ты працуеш на сваё імя, а потым яно працуе на цябе”.

    І вось улетку 2014 года я атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі і позву ў ваенкамат. Дзяржава палічыла добрай ідэяй прыцягнуць мяне да тэрміновай службы ў войску. А я палічыў добрай ідэяй пісаць артыкулы пра тое самае войска. Тады ваенкамат яшчэ не ведаў пра маю ідэю і ставіўся як да звычайнага прызыўніка. Усе больш-менш сур’ёзныя перамовы наконт публікацый былі праведзеныя толькі ўвосень. Тады ж калегі з мясцовай газеты »Інфа-Кур’ер» зрабілі са мной як з прызыўніком інтэрв’ю. А там да іх падключылася “Наша Ніва”. Такім чынам, я праз колішнюю медыявядомасць ізноў стаў медыяасобай адносна дробнага маштабу. Пакуль да справы не далучыўся TUT.BY…

    Бліжэй да сярэдзіны лістапада 2014 года я прыпыніў працу з усімі медыямі, акрамя адной. Дамовіўся з кіраўніком вайсковай інфармацыйнай агенцыі “Ваяр” наконт анлайн-публікацый “Дневников солдата” на найбуйнейшым беларускім партале. Дамовіўся і з галоўным рэдактарам партала, прадумаў фармат выхаду. А таксама, яшчэ седзячы дома, напісаў два пілотныя артыкулы “Решением комиссии вы будете призваны на срочную военную службу” і “Сколько стоит собраться в армию”.

    Паралельна з выхадам першых матэрыялаў фатограф партала Аляксандр Васюковіч зрабіў фотагісторыю “Как призывник становится солдатом”. Праз некаторы час выйшаў новы артыкул “Первая армейская “Панорама”, баня, берцы и… кантик на затылке”, дзе я сваімі словамі распавядаў, у тым ліку, пра сфатаграфаваны Васюковічам шлях ад дома да часткі. Такім чынам я ізноў стаў сапраўднай медыяасобай. Толькі ў адрозненні ад гісторыі двухгадовай даўніны меў хоць якую мажлівасць працаваць журналістам. А праз тое, што знаходзіўся па-за штатам, застаўся фрылансерам.

    Такі галосны ўваход у войска не мог застацца па-за ўвагай і кіраўніцтва часткі. Пасля распавядалі, што пра прыезд “СтрашнагаЗвераЖурналістаЯкіБудзеПраЎсіхПісаць” ведалі яшчэ за некалькі дзён да самога прыезду. А сяржантаў і малодшы афіцэрскі склад вельмі даходліва папярэдзілі пра недапушчальнасць адхіляцца ад статута з іхняга боку. Шукаць менавіта “нестатутнасць” я не збіраўся, хацеў проста пісаць пра ўсё. І тады я яшчэ не ведаў добра засвоеную праз месяцы службы каманду “Обоср*ться!” (так неафіцыйна-жартаўліва называецца ў войску вылізванне ўсяго магчымага да прыезду якой-небудзь камісіі, генерала ці… журналістаў). “Знаете, если бы не этот журналист, то ваш курс молодого бойца прошел бы гораздо веселее…”, – працытавалі таварышы па службе мне аднаго з тагачасных начальнікаў ўжо пасля курса маладога байца.

    Цяжка было пісаць дзённікі ў войску падчас КМБ. Звязана гэта з дзвюма рэчамі. Па-першае, амаль поўная адсутнасць вольнага часу для напісання хаця б чарнавікоў, не гаворачы ўжо пра апрацоўку матэрыялаў у хоць якія чытабельныя артыкулы. Распарадак дня прадугледжвае вольную гадзінку толькі пасля абеду (а тады так хочацца падрамаць!) і пасля вячэры (яшчэ трэба пагаліцца, абавязкова «падшыцца» ды праглядзець навіны па тэлебачанні). Крышачку лягчэй было па выходных, а таксама калі пасля прыняцця прысягі трапіў у лякарню на тыдзень праз бранхіт. І ўсё адно часу не хапала для запісу ўсіх першых уражанняў ад войска.

    Па-другое, у войску для тэрміновікаў проста не існуе паняцця асабістай прасторы. Дзе і калі б ты ні сеў пісаць, знойдуцца цікаўныя, якія будуць перашкаджаць. Яны будуць цікавіцца, што і навошта ты пішаш, спрабаваць пазнаёміцца, выказваць сваю падтрымку ці крытыкаваць. І ўсё гэта непазбежна будзе адцягваць цябе ад галоўнай мэты прысутнасці тут і цяпер — ад занатоўвання падзей, што адбыліся за дзень. Пасля такога досведу раю ўсім журналістам, у тым ліку фрылансерам, як “Ойча наш” вывучыць псіхалагічныя практыкаванні для засяроджвання ўвагі і метады хуткага супакойвання падчас знаходжання ў некамфортных умовах. Спатрэбіцца ў любым разе.

    Потым з пэўных прычынаў мае дзённікі перасталі выходзіць. Я трапіў у баявое падраздзяленне. У новым калектыве таксама ўсе тэрмінавікі былі папярэджаныя наконт “страшнага журналіста”. Усё што адбывалася навокал першы час я працягваў занатоўваць у сшытак. Таварышы старэйшага перыяду прызыву праз боязь “заляцець” не хацелі са мною шмат камунікаваць і тлумачыць правілы гульні. Гэта да сканчэння службы згуляла са мною злы жарт. Пасля таго, як перастаў пісаць у сшытак, “асадачак застаўся” і ў непасрэднага кіраўніцтва лакальнага ўзроўню, і ў таварышаў па службе. Тады была зроблена яшчэ адна — галоўная — выснова: цяжка сумяшчаць медыявядомасць і журналістыку з нармалёвым жыццём у пэўных абставінах. У канкрэтным выпадку — са стандартнай, спакойнай службай у войску. Больш слушнай ідэяй было б не дэманстраваць ад пачатку службы свае дзеянні на ніве журналістыкі, а пасля гэтай “антрапалагічнай экспедыцыі” напісаць тыя артыкулы.

    Ці іншымі словамі: калі ўжо збіраешся выкарыстаць вядомы метад змены прафесіі, не трэба ад пачатку сябе выкрываць.

    Гэта шмат у чым спрасціла б стасункі з таварышамі. Але перажыў як перажыў, і тое добра…

    P.S. Служыць скончыў фінальным рэпартажам TUT.BY пра вяртанне дамоў. Тыдзень таму дадаў у сябры на Face­book больш за дзве сотні чалавек. Учора даваў інтэрв’ю “‘Інфа-Кур’еру”’ з аналізам пяці прычынаў, па якіх я хацеў пайсці ў войска. Сёння сустракаю з Вільні любую, з якой пазнаёміліся ў тым ліку дзякуючы маёй медыявядомасці. На наступным тыдні рэдактар www.mediakritika.by чакае ад мяне цікавы артыкул. Жыццё працягваецца!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці