• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як выпісацца з кватэры, калі не можаш прыехаць у краіну, і ці трэба для гэтага перадаваць пашпарт?

    На пытанні пра зняцце з рэгістрацыі і прапіску, якія могуць узнікнуць у тых, хто з’ехаў за мяжу, «Нашай Ніве» адказалі юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub.

    Як зняцца з рэгістрацыі чалавеку, які не можа прыехаць у Беларусь? 

    Зняцца з рэгістрацыйнага ўліку ўнікуды па сваёй волі немагчыма. Каб «выпісацца», трэба стаць на рэгістрацыйны ўлік у іншым жылым памяшканні — тады са старога месца чалавека здымуць аўтаматычна.

    Калі, напрыклад, грамадзянін выехаў за мяжу, вяртацца не збіраецца, а кватэру прадаць трэба, то ў гэтым выпадку падыходзіць толькі судовы парадак.

    Сітуацыя: кватэра належыць сваякам, яны хочуць яе прадаць, але не могуць гэтага зрабіць, бо там зарэгістраваны чалавек, які не знаходзіцца ў краіне. Што рабіць?

    Уласнік або асоба, якая выехала, павінны звярнуцца да юрыста, адваката або ў праект Legal­Hub з просьбай аб складанні пазова ў суд аб высяленні на падставе ч. 2 арт. 89 ЖК Рэспублікі Беларусь («Высяленне па патрабаванні ўласніка жылога памяшкання»). 

    «Да заявы прыкладаецца копія пасведчання аб праве ўласнасці на жылое памяшканне, копія асабовага рахунку з указаннем зарэгістраваных грамадзян, квітанцыя аб аплаце дзяржпошліны (3 базавыя велічыні) і іншыя дакументы, калі гэта неабходна (пра гэта скажа юрыст). У названым пазове ўласнік будзе істцом, а зарэгістраваная асоба — адказчыкам. Пазоў можна падаць як асабіста ў суд, так і накіраваць па пошце», — тлумачаць юрысты. 

    Пасля таго, як стане вядома, у якога суддзі ў вытворчасці знаходзіцца грамадзянская справа, адказчыку неабходна накіраваць заяву ў суд з паведамленнем, што ён прызнае іскавыя патрабаванні і просіць разглядаць справу ў яго адсутнасць, бо знаходзіцца за мяжой і не можа асабіста прысутнічаць у судовым пасяджэнні. 

    «Можна накіраваць на e‑mail, можна заказным лістом. Мы рэкамендуем заказны ліст.

    Далей суд прызначае пасяджэнне, на якое прыходзіць толькі ісцец. Яму неабходна падтрымаць пазоў. Суддзя зачытае заяву аб тым, што адказчык пазоў прызнае і просіць разглядаць справу ў яго адсутнасць. 

    Як правіла, за адно пасяджэнне разглядаецца такая справа. Суд выносіць рашэнне аб высяленні», — кажуць у Legal­Hub. 

    Праз 15 дзён неабходна забраць рашэнне суда і перадаць яго адпаведным органам, якія здымуць з рэгістрацыйнага ўліку.

    Сітуацыя: кватэра належыць на праве ўласнасці асобе (у гэтай жа кватэры яна зарэгістравана), якая выехала з Беларусі і не можа вярнуцца ў краіну. Што рабіць? 

    «Тут існуе толькі адзін варыянт — спачатку змяніць уласніка, потым выкарыстоўваць алгарытм, як у першай сітуацыі», — кажуць юрысты.

    Хутчэй за ўсё, без дапамогі рыэлтара або даверанай асобы не абысціся. 

    У Беларусі павінен быць чалавек, які будзе сустракацца з пакупнікамі і тлумачыць сітуацыю, а менавіта тое, чаму кватэра прадаецца з зарэгістраванымі асобамі. 

    «Ёсць людзі, якія разумеюць, ёсць тыя, хто катэгарычна адмаўляецца альбо просіць зніжку, — расказваюць юрысты. — Калі кансэнсус знойдзены, давераная асоба ад імя ўласніка афармляе здзелку. Пасля дакументальнай змены ўласніка, ён можа падаць у суд пазоў на папярэдняга ўласніка з патрабаваннем аб высяленні».

    Як выпісаць з кватэры дзяцей?

    «Дзеці здымаюцца з рэгістрацыйнага ўліку па такім жа прынцыпе, як і дарослыя. Калі гаворка ідзе пра тое, што дзіця павінна быць зарэгістравана па іншым месцы жыхарства, то на гэта патрэбная згода дваіх бацькоў, пашпарты дзяцей», — расказваюць у Legal­Hub.

    Згода абаіх бацькоў не патрабуецца, калі ёсць рашэнне суда аб тым, што дзіця пастаянна жыве з адным з бацькоў (названае рашэнне неабходна паказаць пры рэгістрацыі на новым месцы).

    Ці трэба для выпіскі з кватэры перадаваць пашпарт у Беларусь? Наколькі гэта бяспечна і можна рабіць у цяперашніх умовах?

    «Для рэгістрацыі на новым месцы неабходныя пашпарты. Для высялення ў судовым парадку неабходная прысутнасць у судзе або істца асабіста з пашпартам, або яго прадстаўніка з даверанасцю (блізкага сваяка ці адваката). 

    Адказваючы на пытанне, ці бяспечна перадаваць пашпарты — не, таму што аддаваць адзіны дакумент — гэта заўсёды небяспечна. Нягледзячы на гэта, многія людзі так робяць, таму што так прасцей, гатовы рызыкнуць. 

    Перад перадачай пашпарта рэкамендуем зрабіць яго завераную копію. Калі на мяжы знойдуць вашы пашпарты, іх, безумоўна, забяруць, таму варта падумаць, што вы будзеце рабіць у такой сітуацыі. Судовы парадак мінімізуе рызыкі з пашпартамі», — падсумоўваюць юрысты.

    Чытайце еще:

    «Сьнілася мне, што я вярнуўся дадому». Пра што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    Беларусские пропагандисты и провластные Telegram-каналы целый день «атакуют» Почобута

    «Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці