Як віцебскі паэт стаў сатырыкам, папрацаваўшы журналістам
Гаворка пра вядомага паэта Уладзіміра Папковіча, перакладчыка з нямецкай і выкладчыка Віцебскага дзяржуніверсітэта. Але мала хто ведае, што на пачатку 1990-х ён паўтара гады працаваў журналістам у газеце “Народнае слова”. Там і нарадзіўся новы герой вершаваных радкоў — Ахрэм Нядбайла, які пазней падарыў сваё імя аўтару сатырычных вершаў — у якасці псеўданіму.
Днямі Уладзімір Папковіч прэзентаваў у Віцебску свой новы паэтычны зборнік “Зазімак” — ужо 11-ты па ліку. Але ў даўгаватым ужо асабістым кніжным шэразе ёсць адно незвычайнае выданне: кніга гумарыстычных і сатырычных вершаў “Вы будзеце смяяцца”. І падчас прэзентацыі зборніка “Зазімак”, куды ўвайшлі выбраныя вершы Уладзіміра Папковіча розных гадоў, прысутныя на сустрэчы віцебскія БАЖаўцы не маглі не прыгадаць “Ахрэма Нядбайлу”.
Менавіта дзякуючы журналістыцы ды газеце “Народнае слова” і нарадзіўся гэты герой, кажа ягоны “бацька” Уладзімір Папковіч:
“Працуючы ў газеце, мне часта даводзілася знаёміцца з рознымі жыццёвымі гісторыямі, часам вельмі смешнымі. Яны запаміналіся, і нараджаліся рыфмаванкі. А іншым разам мяне пасылалі на нейкія нарады. Яны былі сумныя, доўгія, а напісаць адтуль трэба было ўсяго нейкія пару абзацаў. Тады таксама нараджаліся сатырычныя радкі: пра бюракратызм, пра пустую “гаварыльню”… А часам проста хацелася напісаць нешта вясёлае, каб пасмяшыць калег”.
Калегі адразу палюбілі вершыкі пра смешнага, шчырага, хоць і крыху дзівакаватага Ахрэма Нядбалу, які “хацеў за праўду пазмагацца/ У свеце рай адвечны ўсталяваць./Ды часу не было палітыкай займацца —/ Любіў Ахрэм на дзевак паляваць”. А Уладзімір Папковіч, апрача як у “ахрэмінках”, працягваў высмейваць розныя з’явы рэчаіснасці ва ўсё новых чатырохрадкоўях, якія складаў на ўзор прыпевак.
Знялі дурня аднаго
Перад домам генія.
Можа, дурасці ў яго
Ад таго паменее?
* * *
Каб узяла цябе халера,
Мужыка-функцыянера!
Быў, гаворыць, на нарадзе,
Сам па вушы
У памадзе.
* * *
Мой Валодзя быў на сходзе
Партыі, што ўжо не ў модзе.
Я кажу Валодзю:«Годзе!
Лепш шчыруй у агародзе!»
І нават двухрадкоўі складаў такія, што ўсе ў рэдакцыі проста складаліся ад смеху:
* * *
Калі ідзеш да мэты напрасткі,
Глядзі, не напарыся на сукі.
* * *
Мы весяліліся з каханым да начы…
Як мне дамоў яго давалачы?
* * *
Працуе Ўладзя на харчовым складзе.
Пры добрым раскладзе можа не сядзе.
* * *
Калі стваралі правілы маралі,
Нязгодных жорсткай смерцю пакаралі.
* * *
Жыццё, як той трамвай:
Заціснулі — трывай!
Тагачасны рэдактар газеты “Народнае слова” Сяргей Рублеўскі настаяў, каб Уладзімір Папковіч падрыхтаваў свае караценькія вершыкі для друку. А прыдуманае імя “Ахрэм Нядбайла” прыдалося ў якасці псеўданіма.
«У разгары ж была перабудова, «бурапенны час», калі зрушваўся з месца, здавалася, каменна прыкуты ідэалагічны мацярык, перацярушваліся ў труху людскія лёсы пад усё тым жа поклічам пра шчаслівейшую долю. Не дай вам Божа жыць у пару перамен, — казалі ў свой час мудрэйшыя з мудрэйшых. Але ж Ахрэм Нядбайла якраз і зажыў той парою. Злёгку папікне каго, пад’ялдыкне, але ж не са злосці, а дзеля навукі…”, — напісаў у прадмове да зборніка Сяргей Рублеўскі.
Праўда, кніжка “Вы будзеце смяяцца” выйшла з друку амаль праз 15 год пасля таго, як Уладзімір Папковіч сышоў з газеты, напоўніцу аддаўшыся пісьменніцкай ды выкладчыцкай справе. Няма ўжо і абласной газеты “Народнае слова”, дзякуючы якой “нарадзіўся” Ахрэм Нядбайла: 5 гадоў таму яе зачынілі разам з гарадскім выданнем “Віцебскі рбочы”, стварыўшы новае СМІ — “Витебские вести”.
Але Ахрэм Нядбайла працягвае сваё існаванне! Найстарэйшы віцебскі паэт Уладзімір Папковіч на сваёй старонцы ў Facebook перыядычна згадвае гэтага персанажа, публікуючы сатырычныя радкі. Чытачы ім заўсёды радуюцца — ніяк не менш, чым “сур’ёзным” вершам. У ліку прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Папковіча — і віцебскія БАЖаўцы, якія днямі павіншавалі паэта з выданнем новага зборніка.