Як ускладніць працу тым, хто за намі сочыць? АБМЕРКАВАННЕ
Кожнаму журналісту вядома, што спецыяльныя службы могуць праслухоўваць нашы тэлефоны, скайпы, чытаць электронную пошту і гэтак далей. Але меры супраціву не заўжды намі прадпрымаюцца.
Напрыклад, трэба тэлежурналісту зняць скандальны сюжэт, і пра здымкі ён дамаўляецца проста па тэлефоне, які з пэўнай доляй верагоднасці праслухоўваецца.
Мы не ведаем дакладна усіх тэхналогій, пры дапамозе якіх сочаць за людзьмі. Але дакладна вядома, што лёгка праслухоўваюцца не толькі мабільнікі, але і скайп. Чытаюцца сацыяльныя сеткі, пошта…
Месцазнаходжанне чалавека імгненна адсочваецца праз яго смартфон.
Існуюць тэхналогіі, якія дазваляюць сачыць у рэжыме анлайн за карыстальнікам камп’ютара пры дапамозе яго ж вэб-камеры.
Але, нават ведаючы пра гэта, мы зноў жа часам легкадумна ставімся да канспірацыі.
Такі ж лапаць і я. Карыстаўся ненадзейнымі электроннымі скрынямі, ленаваўся мяняць паролі. І вось, вярнуўшыся з Вены ў Нацыянальны аэрапорт, не змог увайсці на свой асноўны мэйл, які размешчаны на hotmail.com. Яго ўзламалі, разам з важнымі лістамі, асабістай інфармацыяй і гэтак далей.
Хто гэта зрабіў – рытарычнае пытанне. Але самі сабой напрошваюцца здагадкі (хто ў нас мае завядзёнку ўзламываць скрыні журналістаў J?).
Узнавіць пароль – немагчыма, ліст у кампанію, якая валодае скрыняй, не даў выніку. Канешне, нічога крымінальнага ў маіх перапісках не было. Але невядома, якім чынам нехта потым маю электронную адрэсу выкарыстае.
Таму яшчэ раз занатоўваю для сябе мінімальныя меры перасцярогі.
- Заводзіць па-сапраўднаму надзейныя электронныя скрыні. З такіх мне вядомыя дзве: gmail.com і safe-mail.net.
- Перыядычна мяняць паролі на гэтых скрынях. А паролі складаць не толькі літарамі, але і лічбамі, слэшамі, кропкамі і г.д
- Сачыць, каб нехта“цікаўны” не вылічыў ваш пароль падчас таго, як вы банальна набіраеце яго на клавіятуры камп’ютара
- Не выходзіць без патрэбы ў сеціва, калі не хочаце, каб вылічылі ваша месцазнаходжанне
- Даставаць з мабільнага тэлефона сімку і батарэйку, калі не хочаце ў тым ці іншым месцы «запаліцца».
- Захоўваць непажаданую да прагляду інфу у кантэйнеры True Crypt, куды без вашага дазволу надзвычай складана ўлезці старонняй асобе.
Сёння я ўпэўнены, што калі прытрымлівацца згаданых мной (дылетантам) мераў перасцярогі, то гэта істотна ўскладніць працу “цікаўным”.
Прапаную і вам пазначыць у каментах свае меры па абароне асабістай інфармацыі.