• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як савецкі часопіс “Памежнік” вучыў пераходзіць межы

    У верасні 1939 года выйшаў у свет першы нумар часопісу Палітычнага ўпраўлення Памежных войскаў НКУС СССР. У гэтым выданні публікавалася шмат матэрыялаў пра дзейнасць савецкіх “вартавых мяжы”. У 1939–1940 гг. гэтыя падраздзяленні не толькі абаранялі свой “кардон”, але і ўзламвалі чужы.

    Сталінская “міралюбівая” палітыка

    У першым рэдакцыйным артыкуле выдання адзначалася: “Нядаўна скончылася Чацьвёртая сесія Вярхоўнага Савета СССР. Прынятыя законы аб ўсеагульным вайсковым абавязку, аб сельскагаспадарчым падатку, ратыфікацыя савецка-германскай дамовы аб ненападзе з’яўляюцца дакументамі гістарычнага значэння. Яны адыграюць выключную ролю ў далейшым умацаванні сацыялістычнага строю, умацаванні абарончай моцы і міжнароднага ўплыву краіны Саветаў. […] Каб ніякія варожыя інтрыгі на мяжы на маглі нанесці шкоду нашай радзіме. Войскі НКУС будуць і далей ажыццяўляць бальшавізацыю сваіх шэрагаў, выхоўваць байцоў і камандзіраў у духу самаахвярнай адданасці справе камунізму, падвышаць сваю пільнасць. Гэтымі задачамі і вызначаецца шэраг пытанняў, над якімі будзе працаваць часопіс “Памежнік”.

    Як зразумела з даты выхаду выдання (верасень 1939 года), першы яго нумар, а таксама наступныя былі больш чым напалову прысвечаны падзеям “вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. На старонках выдання можна было прачытаць прамову старшыні Савета народных камісараў СССР Вячаслава Молатава ад 17 верасня 1939 года, у якой гаварылася пра “ўнутраную безгрунтоўнасць і недзеяздольнасць польскай дзяржавы”, а таксама было апублікавана паведамленне наркама наконт ратыфікацыі савецка-германскай дамовы аб ненападзе (агучана 31 жніўня 1939 г.).

    Уражвае цынізм, з якім бальшавіцкі прэм’ер характарызаваў перамовы СССР з брытанцамі і французамі: “Гэтыя перамовы натыкнуліся на тое, што Польшча, якую павінны былі сумесна гарантаваць (так у тэксце — І.М.) Англія, Францыя і СССР, адмовілася ад вайсковай дапамогі з боку Савецкага Саюза. Пераадолець гэтыя пярэчанні так і не атрымалася. […] Заключэнне савецка-германскай дамовы аб ненападзе сведчыць пра тое, што гістарычнае прадбачанне таварыша Сталіна бліскуча апраўдалася. […] Зараз некаторыя пытаюцца: як Савецкі Саюз мог пайсці на паляпшэнне палітычных адносін з дзяржавай фашысцкага тыпу? Хіба гэта магчыма? Але яны пры гэтым забываюць, што размова ідзе не пра нашы адносіны да ўнутраных парадкаў іншай краіны,  а пра знешнія адносіны паміж дзвюма дзяржавамі. Забываюць пра тое, што мы стаім на пазіцыі неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін і адпаведна гэтаму стаім за недапушчэнне якога-небудзь умяшальніцтва ў нашыя ўласныя ўнутраныя справы. […] Гісторыя паказала, што варожасць і войны паміж нашай краінай і Германіяй былі не на карысць, а на шкоду нашым краінам. […] Таму інтарэсы народаў Савецкага Саюза і Германіі ляжаць не на шляху варожасці паміж сабой. […] Галоўнае значэнне савецка-германскай дамовы аб ненападзе заключаецца ў тым, што дзве самыя вялікія дзяржавы Еўропы дамовіліся пакласці канец варожасці паміж сабой і жыць у міры”.

    Гэтае выказванне яскрава ілюструе крывадушнасць Крамля, які ўжо дамовіўся з нацыстамі аб падзеле польскай дзяржавы, аднак працягваў строіць з сябе “міратворца”. Меньш чым праз два гады жаўнеры Трэцяга Рэйху прыйдуць на савецкую зямлю і будуць забіваць яе жыхароў.

    Памежнікі НКУС штурмуюць польскія стражніцы

     

    Некалькі наступных нумароў выдання былі прысвечаны, у тым ліку, самім падзеям “вызвольнага пахода 17 верасня 1939 года”. Вялікую цікавасць уяўляюць “рэпартажы з месцаў”, калі савецкія памежнікі расказвалі пра тое, як штурмавалі “рыжскую” мяжу.

    “У 5 гадзін 25 хвілін мы дасягнулі вышыні, якая на ўсход ад мястэчка Р. (Рубяжэвічы — І.М.). Тут знаходзілася польская стражніца. На перадзе ішоў галаўны дазор пад камандаваннем камандзіра тараварыша Вайленка. Сустрэтыя на шляху два польскія жаўнеры былі захоплены ў палон. […] Калі  да стражніцы засталося некалькі метраў, праціўнік заўважыў нашую групу і адкрыў моцны агонь. […] Польскія жаўнеры абстрэльвалі нас з розных участкаў: з помнікаў, агароджы касцёла. […] Я прыняў рашэнне пакінуць з кулямётам адзяленне таварыша Вайленку, астатнія чырвонаармейцы і камандзіры адышлі назад, павярнулі ў тыл стражніцы і ўдарылі па ёй з заходняга боку. Праціўнік быў ліквідаваны, стражніца ўзята. […] У баі мы згубілі камсамольца-памежніка таварыша Кандраццева. […] Праціўнік панёс страты — 8 забітых і 6 параненых”, — так узгадваў штурм адной з польскіх застаў ля мястэчка Рубяжэвічы афіцэр савецкіх памежных войскаў.

    Іншы ўдзельнік штурму “рыжскай” мяжы 17 верасня 1939 года на старонках часопіса так апісваў тыя падзеі: “Нашыя групы прасоўваліся, збіраючыся для атакі. Палякі адкрылі кулямётны агонь з даху. Меткімі кідкамі гранат лейтэнант Аўдзеенка прымусіў замаўчаць праціўніка. Я прасунуўся яшчэ бліжэй і закінуў гранату ў кватэру афіцэра стражніцы. Чырвонаармейцы кінулі гранату у казарму. У палон узятыя 14 польскіх жаўнераў, трое з іх параненыя. Захопленыя зброя і дакументы”.

    А вось іншае сведчанне пра тыя падзеі: “Калі быў адданы загад вылучыць групу, якая павінна раней за ўсіх перайсці мяжу і перарэзаць драты, якія звязвалі польскія стражніцы з тылам, кожны баец імкнуўся трапіць у гэтую групу, першым пайсці ў бой на ворага. Шчасце выпала на долю асобнага камандзіра Протапопава і намесніка палітрука Івашачкіна. Яны перайшлі мяжу, незаўважана праніклі ў тыл польскай стражніцы і бліскуча справіліся з ускладзенай на іх задачай. Асабліва адзначыліся чырвонаармейцы Цырулін і Сяргееў. Яны хутка ўлазілі на тэлеграфныя слупы, спачатку рабілі замыканне, а потым пераразалі драты. […] Наша падраздзяленне пайшло ў атаку на польскую стражніцу, а група, якая знаходзілася ў тыле, адрэзала шлях адыходу праціўніка”. У чэрвені 1941 года па такой жа тактыцы на савецкай тэрыторыі будуць дзейнічаць дыверсанты вермахта і тады ўжо савецкія “вартавыя мяжы” акажуцца ў пастцы.

    Нягледзячы на тое, што гарнізоны стражніц польскага Корпуса аховы памежжа на мяжы з СССР былі вельмі невялікімі (большасць польскіх памежнікаў былі накіраваны на Захад для барацьбы з нацыстамі — І.М.), амаль кожная польская застава дала бой агрэсарам. У выніку штурмаў значная колькасць савецкіх памежнікі была паранена, а для некаторых тыя баі сталі апошнімі. Сярод забітых быў памежнік Аляксей Даніленка з адной з застаў 16-га Дзяржынскага памежнага атрада, які падарваўся на польскай гранаце раніцай 17 верасня 1939 года.

    “Раздаліся чатыры стрэлы. Польскі вартавы меў намер страляць у камандзіраў, якія ішлі наперадзе. Асобны камандзір Цароў меткім стрэлам прымусіў замаўчаць вартавога. Польскі гарнізон у паніцы. Капрал і афіцэр (начальнік стражніцы) робяць спробу збегчы, але кулі савецкіх байцоў апярэдзілі іх. Сярод палякаў некалькі забітых, 7 параненых. Узята зброя, сакрэтная перапіска і палонныя. Яны дрыжаць ад страху. Параненым зрабілі перавязку”, — адзначалася ў адной са справаздач, надрукаваных у часопісе “Памежнік” восенню 1939 года.  

    На савецка-германскай мяжы

    Іншая група матэрыялаў, якія друкаваліўся ў згаданым выданні, была прысвечана “саветызацыі” Заходняй Беларусі і ўстяляванню новага дзяржаўнага кардону.

    “На плошчы ля касцёла ў мястэчку Карэлічы ў гады панскага ўладарства быў пастаўлены пастамент, увенчаны эмблемай панскай Польшчы — “пеўнем”. Калі ў Карэлічы ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, галава і крылы “пеўня” былі адбітыя”, — пісаў адзін з карэспандэнтаў “Памежніка”.

    “Палонныя. Іх дзевяць. Былога лоску не засталося і сляда. Панурыя твары выказваюць толькі апатыю і безнадзейнасць. […] Два капітаны, два парутчыкі, тры падпарутчыкі. Сярод іх адзін капрал. […] У куце прытаілася фігура дзевятага. “А гэта што за воран?”, — пытаю памежніка. “Воран і ёсць. Ксёндз іхні. Страляў па нам”, — скрозь зубы цэдзіць памежнік”, — так апісваў вераснёўскія падзеі іншы карэспандэнт памежнага часопісу. Відавочна, гэтым польскім “палонным” неаб’яўленай вайны давядзецца  скончыць сваё жыццё ў Катыні, ці Курапатах, а магчыма ў Медным, ці Быкоўні. Такіх бальшавікі не шкадавалі…

    Вось якой убачыў карэспандэнт “Памежніка” новы савецкі дзяржаўны кардон на Захадзе: “Пройдзе вельмі нешмат часу і тут вырастуць гарадкі памежнікаў. Па самым беразе будуць укапаныя чырвона-зялёныя памежныя слупы і людзі ў зялёных фуражках займуць свае баявыя пасты. […] Правы наш бераг Буга высокі і з яго адкрываецца выдатны від на супрацьлеглы бок. Знаёмы беларускі краявід. […] Даносіцца гук звону. Даўно я яго не чуў. У двары касцёла, у будынку духоўнай семінарыі знаходзіцца штаб РСЧА. […] Дзіўна бачыць камандзіра, які сядзіць пад вялікім распяццем у пакоі, усе сцены якога абвешаны карцінамі з ветхага і новага запавету. […] Чыгуначны мост на Бугу. Тут адбываецца абмен палоннымі. На пункт перадачы мы прыехалі з начальнікам памежнага атрада. На мосце паказаўся натоўп людзей. З нашага боку таксама падвялі групу палонных. Жалосны быў у іх выгляд. Былыя жаўнеры былога польскага войска ішлі, хутаючыся ў шырокія шынялі”.

    А вось як апісваўся іншы ўчастак савецка-нямецкай мяжы: “Горадня засталася ззаду. […] Злева, ля дарогі, нечакана вырастаюць закінутыя фарты і бліндажы горадзенскага ўмацаванага раёна, пабудаванага яшчэ перад вайной 1914 года. […] Штаб камендатуры знаходзіцца ў былым доме ксяндза. Направа ад яго разбіты снарадамі касцёл. […] Новая мяжа. Падыходзім да вешкі, убітай паміж дрэў. Далей Германія. Ну вось і памежслуп № 1. Балансуючы паміж зрубленых дрэў падыходзім да стыку трох дзяржаў: Германіі, Літвы і СССР. […]

    Слупы знешне быццам бы ні чым не адрозніваюцца адзін ад другога, але падыходзім бліжэй і бачым: на слупе Германіі ужо намалявана чарніламі свастыка, а на нашым чыясьці клапатлівая рука вывела чырвоным алоўкам “СССР” і намалявала зорку з сярпом і молатам”.

    Савецкія памежнікі актыўна абжывалі новую мяжу з Германіяй і займалі былыя “памешчыцкія” маёнткі, дамы польскіх грамадзян.

    Камунізм змятае межы

    Як вядома, на польскай тэрыторыі бальшавікі не спыніліся. Ужо ў № 7 за 1939 год “Памежнік” друкаваў зварот сталінскага “прэм’ера” Вячаслава Молатава пра “варожую палітыку Фінляндыі ў дачыненні да СССР”.

    У выданні таксама можна было прачытаць тэкст Дамовы СССР з “Фінляндскай дэмакратычнай рэспублікай”, савецкай марыянеткай, якую стваралі для палягчэння акупацыі Фінляндыі.  Хутка на старонках выдання сталі з’яўляцца “рэпартажы” пра гераізм савецкіх “вартавых мяжы”, якія атакавалі заставы фінскіх памежнікаў, знішчалі ворага і “вызвалялі” фінскую тэрыторыю ад памешчыкаў і гаспод. Гэтыя тэксты нагадваюць вышэйзгаданыя, прысвечаныя падзеям у Заходняй Беларусі, аднак, як вядома, захапіць краіну Суомі бальшавікі так і не змаглі.

    У часопісе публікавалася шмат здымкаў з разбуранымі фінскімі ўмацаваннямі, трафеямі, узятымі ў баях з “белафінамі”. Рабілася гэта дзеля таго, каб пацвердзіць, што і гэты “паход” быў пераможным для РСЧА. “Мы перайшлі мяжу, абмінулі калючы дрот і па лёдзе ракі Сястра перабраліся на фінскі бераг. Былы фінскі бераг. У талым снезе вытаптана сцяжынка. Тут прайшлі нашыя памежнікі. Яны пайшлі ў атаку на фінскі кардон. […]Наперадзе, зусім недалёка адсюль, Чырвоная Армія б’е фінаў, а памежнікі ахоўваюць новую савецкую зямлю. “А як жа? — гаворыць лейтынант, начальнік заставы.  Паводле дамовы з народным урадам Фінляндыі гэтыя землі нашыя. Значыць мы павінныя навесці тут парадак”, — апісваў падзеі на савецка-фінскай мяжы аўтар часопіса “Памежнік”. 

    Аднак у рэчаіснасці “зімовая вайна” стала цяжкім выпрабаваннем для частак РСЧА і, у рэшце рэшт, захапіць Фінляндыю Крамлю так і не ўдалося.

    У пазнейшых нумарах выдання не ўзгадваліся падзеі, звязанныя з далучэннем краін Балтыі да СССР, а таксама анэксіі Бесарабіі. Там пераможных баёў не было і таму аўтары “Памежніка” львіную долю матэрыялаў прысвячалі пытанням вайсковай і палітычнай падрыхтоўкі жаўнераў і камандзіраў памежных войскаў НКУС. У адным з нумароў выдання за 1941 год былі апублікаваныя каляровыя малюнкі знакамітага савецкага карыкатурыста Барыса Яфімава, на якіх былі паказаны “знакавыя” этапы гісторыі савецкіх памежных войскаў ў 1921—1941 гадах.

    Была там карыкатура на польскіх паноў, якія бягуць са стражніцы і на фінскіх “зязюль”, якіх знішчае савецкі снайпер. На адным з малюнкаў быў такі верш:

    “Передвинулись к западу наши границы.

    Но в болотах, над речкой, в леску,

    Зеленеют по-прежнему наши петлицы.

    Пограничник всегда начеку!”.

    22 чэрвеня 1941 года стане цяжкім выпрабаваннем для Чырвонай Арміі ўвогуле і памежных войскаў НКУС СССР у прыватнасці. Ім давядзецца супрацьстаяць добрападрыхтаванаму і баяздольнаму ворагу. І тады яны будуць вымушаныя забыць пра ідэалагічны пафас і вучыцца ваяваць у новых, вельмі цяжкіх умовах. У сваю чаргу, публікацыі часопіса “Памежнік” за 1939–1941 гг. выдатна характарызуюць захопніцкую пазіцыю Сталіна ў перадваенныя гады, які да апошняга верыў у магчымасць стварэння агульнасусветнай краіны Саветаў.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці