• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як «Россотрудничество» рыхтуе прапагандыстаў для Беларусі

    Пачынаючы з сакавіка 2018 году расійскія прапагандысты з медыяхолдынгу Sputnik распачалі серыю майстар-класаў і форумаў для беларусаў, якія маюць дачыненне да галіны медыяў. Гэты праект атрымаў назву SputnikPro. Разам з Беларуссю расійцы ахапілі ім Грузію і Арменію.

    Адразу пасьля пачатку праэкту «Sput­nikPro» яго прарэклямавала галоўная рэдактарка «Rus­sia Today» і МІА «Россия сегодня» Маргарыта Сіманьян, а сярод пастаянных вядоўцаў «майстар-клясаў» — прапагандысты з МІА «Россия сегодня». Часам дзеля іх правядзеньня расейцы прыяжджаюць у Беларусь, а часам беларускія слухачы арганізавана едуць у Маскву. 

    Прычым паездкі ў Расею зьдзяйсьняюцца ў рамках праграмы расейскае дзяржаўнае агенцыі «Россотрудничество» пад назвай «Новое поколение», падрыхтаванай для краінаў, у якіх Расея намагаецца пашырыць свой уплыў. У апісаньні гэтае праграмы сказана, што наборам яе удзельнікаў займаюцца ўстановы «Русский дом». Гэтыя ўстановы прама падпарадкоўваюцца філіялам «Россотрудничества» ў адпаведнай краіне.

    Кантынгент слухачоў майстар-клясаў «Sput­nikPro» ў Беларусі складаецца з прадстаўнікоў праўладных СМІ і арганізацыяў, пазьней да іх дадаліся некаторыя прарасейскія блогеры.

    У 2018 годзе там адзначыліся прадстаўнікі телеканалу «Беларусь 1», у 2019 годзе — «Гомельскае праўды» і аб’яднаньня «Белая Русь». У 2021 годзе — Гомельскага гарадскога радыё і зноўку «Гомельскае праўды». У 2022 годзе — тэлерадыёкампаніі «Гомель». А ў 2023 годзе — «Белай Русі», выдавецкага дома «Беларусь сегодня», а таксама тэлеканалу «Гродно Плюс» і «Гродзенскае праўды».

    Такая колькасьць удзельнікаў менавіта з Гомельскае вобласьці, хутчэй за ўсё, абумоўлена тым, што ў Гомелі вельмі актыўна дзейнічае «Русский дом». Што тычыцца Гародні, то «Культурны цэнтр «Фестывальны», які існуе ў гэтым горадзе і якім з 2022 года кіруе Эдгар Рэц, паступова стаўся фактычна аналягам падразьдзяленьня «Россотрудничества».

    У 2022 годзе, у сувязі з поўнамаштабнай узброенай агрэсіяй Расеі супроць Украіны, колькасьць майстар-клясаў значна павялічылася, а ў 2023 годзе іх тэмы сталі тычыцца працы расейскіх прапагандыстаў у зоне баявых дзеяньняў.

    У Маскву слухачы езьдзілі не адзін раз у год, як было раней, а двойчы — ў траўні і лістападзе. А ў Менск з распавяданьнямі аб сваім досьведзе аб саўдзеле ў вайне ў якасьці «ваенкораў» прыяжджалі расейскія прапагандысты Глеб Эрвье і Ігар Мазунін. Дарэчы, абодва яны занесеныя ў базу сайту «Міратворац».

    Згаданы Глеб Эрвье 14 сакавіка 2023 году правёў «майстар-кляс» пад назвай «Праца ваенкора на перадавой: задачы, прыярытэты, бясьпека». Якія менавіта задачы і прыярытэты ён меў на ўвазе, зразумела зь ягоных словаў аб тым, што «карэспандэнты часта зьбіраюць грошы на дроны і амуніцыю для падраздзяленьняў, і гэта дапамагае ў працы СМІ».

    Тое ж самае «Россотрудничество» ў 2022 годзе заснавала прэмію пад назвай «Честный взгляд», намінанты якой мусяць прадставіць медыяматар’ялы, якія, як бачна з практыкі ўручэньня гэтае прэміі, павінны мець на мэце праслаўленьне распаўсюду «русского мира» ў сваіх краінах. У журы прэміі ўвашлі, у тым ліку, супрацоўнікі медыяхолдынгу «Россия сегодня». Уручаецца яна ў сьнежні: у 2022 годзе мерапрыемства адбылося 14 сьнежня, а ў 2023 годзе — 11 сьнежня.

    Аніводзін з двух гадоў уручэньня прэміі «Честный взгляд» не абышоўся без прадстаўнікоў праўладных і прарасейскіх СМІ зь Беларусі.

    У 2022 годзе пераможцай у намінацыі «Міжнароднае культурнае партнёрства з Расеяй» стала Ірына Альшова, галоўная рэдактарка тэлеканалу «Лагуна ТВ» зь Берасьця. «Культурнае партнёрства з Расеяй» у дадзеным выпадку — гэта сэрыя рэпартажаў аб праэкце «Поезд Памяти», які ініцыяваў расейскі парлямент, а таксама запрашэньне ў этэр телеканалу «Лагуна ТВ» генконсула Расеі ў Берасьці. Праз год пасьля атрыманьня гэтае прэміі Ірына Альшова ўжо была сярод удзельнікаў 15-ай «Ассамблеи Русского мира», якую праводзіў на пачатку лістапада 2023 году ў Маскве фонд «Русский мир».

    А ў 2023 годзе пераможцай у намінацыі «Перспектыўныя індустрыі» была выбраная Анжаліка Дудко, намесніца галоўнага рэдактара газэты «Гродзенская праўда». Як сказана, за матар’ял пра развіцьцё адносінаў паміж Гародняй, Калінінградам і Ніжнім Ноўгарадам. Цікава, што месяцам раней уручэньня прэміі Анжаліка Дудко брала ўдзел у «Форуме маладых лідэраў» у рамках праэкту «Sput­nikPro», які адбываўся ў Маскве з 30 кастрычніка да 3 лістапада 2023 году. 

    Яшчэ адзін прыклад таго, якія матар’ялы цэняцца журы прэміі «Честный взгляд», можна пабачыць у выпадку з дыпляманткай 2023 году ў намінацыі «Сацыяльная і гуманітарная праблематыка» Вікторыяй Рагожнікавай з рагачоўскае газэты «Свабоднае слова». 3 лістапада 2023 году ў згаданай газэце быў апублікаваны артыкул «Лучинцы и питерцы продолжат играть. Но уже более серьезно!», у якім распавядалася пра пляны правядзеньня ў вёсцы Лучын Рагачоўскага раёну Домам дзіцячае творчасьці з расейскага Пецярбургу разам з лучынскай школай дзіцячае ваенна-турысцкае гульні з назвай «У Беларуси и России общая судьба».

    І ў сувязі са ўсім апісаным вышэй варта згадаць, хто зараз кіруе філіялам «Россотрудничества» ў Беларусі. У лістападзе 2022 году папярэдняга кіраўніка зьмяніў Юрый Макушын, які раней узначальваў філіял «Россотрудничества» ў Балгарыі.

    Напрыканцы чэрвеня 2022 году Юрый Макушын разам з шэрагам расейскіх дыпляматаў быў высланы з Балгарыі як асоба, зьвязаная з расейскімі спецслужбамі. У Беларусі Макушын ня толькі стаўся кіраўніком філіяла агенцыі «Россотрудничество» — ён таксама займае пасаду саветніка ў складзе амбасады Расеі ў Беларусі.

    Чытайце яшчэ:

    Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы сцвярджае, што гатовы праект пастановы аб стварэнні адзінай медыякампаніі. Што з ёй не так?

    «Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?

    Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці