Як расійскія СМІ робяць прапаганду пра мінскія акцыі супраць інтэграцыі
Ёсць на сайце расійскага інфармагенцтва "РІА Навіны" аўтар Нюра Н. Берг. Раз на тыдзень ён (яна) выдае калонку, якая "выкрывае" ўкраінскую "крывавую хунту". Гэтыя тэксты стракацяць кідкімі загалоўкамі накшталт "Кіеў перад нармандскім самітам: рыхтуйце дровы для Майдана", "Як "галоўны русафоб Украіны" вярнуўся ва ўладу" ці "Хітры план Зяленскага: што рабіў прэм'ер Украіны ў гасцях у нацыстаў".
У персанажа ёсць твітэр, тэлеграм-канал і старонка ў «Фэйсбуку». Там Нюра піша пра «ўкраінскіх карнікаў» і навінавы парадак дня Украіны праз прызму велікарускага шавінізму. Але 15 снежня сёе-тое змянілася. Свежы артыкул Нюры Н. Берг называецца «Украінцаў выгналі з Ганконга, на чарзе Беларусія». Інакш кажучы, да антыўкраінскай дадалася антыбеларуская прапаганда.
Аўтар артыкула літаральна выварочвае рэчаіснасць навыварат, прыпісваючы прыхільнікам незалежнасці Беларусі дзеянні іх ідэалагічна зараджаных сапернікаў. Зараз пакажам як.
Беларуская мова як экзотыка
Апошнія артыкулы прысвечаны Беларусі і беларускім актывістам, якія пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расіяй. Нюра Н. Берг транслюе наступнае пасланне: гэта «сапраўдныя малодшыя браты ўкраінскіх майданшчыкаў, якія ахвотна і літаральна атрымліваюць у спадчыну ўсе тэхналогіі ўкраінцаў».
Самы яскравы момант у «сітуацыі», якая «разгойдваецца па адпрацаванай праграме», — гэта «барацьба за родную беларускую мову, якая ў краіне сёння выглядае хутчэй экзотыкай», лічыць аўтар калонкі. «Ужо сёння актывісты скандаляць у грамадскіх месцах, заяўляючы пра тое, што не разумеюць «парузскі», і патрабуючы ад касіраў і прадаўцоў абслужыць іх на мове», — заяўляе ён (яна).
У Расіі гэта распаўсюджаны прапагандысцкі штамп. Пры гэтым сітуацыя ў Беларусі, хутчэй, адваротная. Шырокі розгалас атрымаў выпадак, калі былы галоўны ідэолаг Беларусі Уладзімір Замяталін зладзіў скандал у краме з‑за таго, што касір звярнулася да яго на беларускай мове. «Ды не хачу я гаварыць на вашай дзяўбанай мове. Канстытуцыю пачытайце і адказвайце мне па-руску!» — крычаў ён на касіра.
Украінскія карнікі мадэруюць беларускія паблікі
Але ўсё ж галоўная пратэставая сіла ў Беларусі, на думку Нюры Н. Берг, гэта… украінцы! «Перадавыя атрады ўкраінскіх тэхнолагаў, навучанне якіх і так ужо абышлося ў немалыя сумы амерыканскім і іншым падаткаплацельшчыкам, даўно кансультуюць беларускіх шукальнікаў Еўропы», — такі меседж скормліваюць расіянам. Нават незразумела, чаму гэтыя ўзброеныя тэхналогіямі да зубоў прафесіяналы вулічнага бунту дагэтуль не збіраюць у Мінску шматтысячныя акцыі!
«Дастаткова пачытаць беларускія паблікі, каб пераканацца, наколькі вялікая роля ўкраінскіх актывістаў у мадэраванні дыскусій пра будучыню краіны, як напорыста яны ствараюць дыскурс, як жорстка распраўляюцца з апанентамі, налятаючы зграяй і маральна знішчаючы крытыкаў, — працягвае Нюра Н. Берг. — Многія з іх удзельнічалі ў карнай аперацыі ў Данбасе, а цяпер ваююць на ідэалагічным фронце, інструктуючы беларускіх пабрацімаў».
Шкада, аўтар не ўдакладняе, пра якія паблікі ідзе гаворка. У беларускім сегменце «Тэлеграма» такіх няма, а ў «Фэйсбуку», не кажучы ўжо пра «УКантакце» і «Аднакласнікі», колькасная перавага даўным-даўно на баку ольгінскіх ботаў. Часам яны нават рашаюцца на скаардынаваныя акцыі. У канцы 2018 года дзясятак быццам бы не звязаных адзін з адным рэгіянальных паблікаў «УКантакце» (накшталт «Твой Минск», «БрестСИТИ», «НЕтипичный Витебск») раптам практычна адначасова выкацілі аднатыпныя апытанні пра тое, ці хочуць іх чытачы ўвайсці ў склад Расіі. Таксама ў Беларусі разгорнута сетка сайтаў з беларусафобскай пазіцыяй і антызаходнім парадкам дня, карані якіх вядуць у Расію.
«Майданныя» лозунгі ў Мінску?
Фраў Н. над усім бачыць злавесную цень Майдана. І нават лозунгі, пад якімі пратэстуюць у Мінску і ў Кіеве, не пазбеглі параўнання:
«Асноўныя пасылы змагароў — абсалютная калька з майданных лозунгаў: «Не капітуляцыі», «Не Тайговаму саюзу» (так называюць МС украінскія ідэолагі яшчэ з дамайданных часоў), «Вярніце нам нашу мову!», «Беларусь — гэта Еўропа». У рамках барацьбы за незалежнасць разганяецца нянавісць да праваахоўнікаў, якіх інтэнсіўна расчалавечваюць з падачы тых жа інструктараў. І вядома, скачкі з вядомымі крычалкамі».
Тут у аўтара ўвогуле ўсё перамяшалася. З лозунгам «Беларусь у Еўропу» і яго вядомым працягам у Мінску выступалі яшчэ ў сярэдзіне 2000‑х, задоўга да ўкраінскай «Рэвалюцыі Годнасці». Пад лозунгам «Не Тайговаму саюзу» ў Мінску ніхто не пратэстуе, у нас цяпер праблемы не з МС, а з Саюзнай дзяржавай. Гэты фрагмент артыкула Нюры Н. Берг — якраз той выпадак, калі расіян палохаюць тым, што ў Беларусі — ужо «як ва Украіне», проста прыпісваючы беларускім пратэстам рысы ўкраінскіх, хоць у рэчаіснасці для гэтага няма ніякіх падстаў, беларусы крэатывяць самі.
Што да «вядомых крычалак» пра «скачкі», то аўтар РІА Навіны, мабыць, проста не ў курсе, што яны, а дакладней, яна — дзе там некалькі? — прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай. А беларусы — законапаслухмяныя грамадзяне, экстрэмісцкія крычалкі не скандуюць! А як можна расчалавечыць безаблічных «людзей у цывільным», якія здымаюць пратэстоўцаў на камеры, і хто гэтым займаецца? Пакінем гэтыя пытанні на сумленні Нюры Н. Берг.