Як каранавірус пазбавіў працы: гісторыя журналісткі, якая хацела большага заробку, а засталася ні з чым
Улады Беларусі ня ўводзяць абавязковага карантыну ў сувязі з пандэміяй, аднак і бяз гэтага яна моцна ўплывае на гаспадарку краіны. Гісторыя журналісткі Наталлі Тур пра тое, як каранавірус паўплываў на змену месца працы. Спойлер: гэта быў няўдалы крок.
«Я працавала журналісткай у «Нашай ніве». Да 8 сакавіка 2020 году. 9‑га прыйшла на працу пасьля выходнага і вырашыла, што ўсё, раскажу калегам, што буду звальняцца. Усё гэта выпадкова неяк атрымалася.
Я ня думала зьмяняць працу і нават сфэру дзейнасьці. Мяне ўсё задавальняла. Проста атрымалася, што мая знаёмая працавала ў PR-студыі. Яна вырашыла зьмяніць працу і расказала мне, што вызваляецца месца. «Магчыма, ты хочаш?» Я падумала, што, магчыма, так і ёсьць. Заробак там прапаноўвалі нашмат вышэйшы. Пераважыла гэта. Іншая сфэра таксама. Я журналістыкай сем гадоў займаюся, цікава нешта іншае паспрабаваць.
Прыйшла на гутарку. Дырэктар кажа, вы нам падыходзіце. Я ўся натхнёная была. Разьвіталася з калегамі, шукала новую кватэру. Прыкладна 20 сакавіка мы дамовіліся, што я з 1 красавіка выйду на працу. Прыгожая дата, зручна аформіцца. Я яшчэ абрадавалася, што адпачну акурат, з новымі сіламі пачну новую справу. Пераеду ў новае месца. Жыцьцё зьзяла ўсімі фарбамі вясёлкі.
А за тыдзень да красавіка мне пішуць, што Натальля, усё прапала. Куды я вас вазьму, калі нават сваіх супрацоўнікаў вымушаны звальняць. Такое прыйшло паведамленьне ў Telegram.
Натальля ля офісу, дзе павінна была працаваць
Гэта канец сьвету быў. Шок. Што цяпер? Разгубленасьць. Я рэальна завісла на некаторы час, што рабіць? Пазваніла ў гэты ж дзень на старое месца працы. Кажуць, прабач, мы запрасілі ўжо новага чалавека. Крыху спазьнілася. Прапанавалі толькі пазаштатна пісаць.
Зарэгістравала анкету на сайце пошуку працы, пачала на гутаркі езьдзіць. Але такі афігенны спэцыяліст, як выявілася, нікому не патрэбен. Пісала паўсюль. Напісала таксама дырэктару той PR-студыі. Каб калі раптам у іх нешта зьменіцца, яны мне паведамілі, што хачу ў іх працаваць. Ён прапанаваў мне часовую дамову на месяц. Месяц адпрацавала. Нічога не палепшылася. Мне зноў прапанавалі часовую дамову на месяц, я пагадзілася.
Цяпер праблема ў тым, што мне трэба выяжджаць з кватэры, новага жыльля я сабе дазволіць не магу. Паводле часовай дамовы я атрымліваю 600 рублёў. Гэтага ня хопіць на жыцьцё. Хачу папрасіць працадаўцу дазволіць мне працаваць дыстанцыйна. Калі дазволіць, то вярнуся ў Маладэчна, буду адтуль працаваць. Калі гэта будзе немагчыма, то давядзецца звальняцца, буду дармаедкай.
Вось такая ў мяне гісторыя. Хацела высокага заробку, засталася ні з чым».
Іншыя гісторыі можна прачытаць тут.