• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як галоўны рэдактар украінскага сегмента расійскага Livejournal ператварылася ў «ведзьму»

    Каманда ўкраінскіх валанцёраў Ф. О. Н. Д. у Дыяны Макаравай спяшаецца на дапамогу сваім землякам — украінскім байцам, якія чакаюць новую вопратку, лекі, інструменты ды шмат што яшчэ.

    Ф. О. Н. Д. Дыяны Макаравай (абрэвіятура ад «Фонд Оперативної Національної Допомоги») пачаў працаваць у часы Майдана, калі на вуліцы Грушэўскага з’явіліся першыя ахвяры.

    Цяпер валанцёры шукаюць сродкі, каб забяспечыць усім неабходным салдат на фронце. Яны з’ездзілі ўсю франтавую паласу, калі развозілі дапамогу. Асабліва патрэбную ў «гарачых кропках», такіх як Аўдзееўка, Зайцава, Маёрск, сектар М, што побач з Марыупалем, раён Горлаўкі… На валанцёраў таксама вядзецца паляванне, бо сепаратысты лічаць іх ці не галоўнымі ворагамі. Аднойчы ўся выязная каманда атрымала кантузію, калі іх аўтамабіль ледзь не падарвалі.

    Выбар

    «Дыяна Макарава — адзін з галасоў Майдана, які заўсёды чулі і які забяспечваў сувязь, — гаворыць журналіст і публіцыст Аляксандр Фядута. — Усё адбывалася на яе вачах: яна бачыла, як забівалі, як бараніліся, яна была ў цэнтры таго жыцця, той кароткай эпохі, якую называюць Майданам. Яна “добры анёл” для тых, хто ваюе на баку Украіны. Макарава была галоўным рэдактарам, мела пэўны статус і нядрэнна зарабляла. Але пайшла на вайну, калі паўстаў выбар — працягваць звычайнае жыццё і працаваць на сябе, або ісці на вайну і дапамагаць іншым. Яна абрала другое. Чым пацвердзіла выснову — выбар заўжды ёсць. Лукавяць тыя, хто кажа: у мяне не было выбару. Гэта ўсяго толькі апраўданне. Выбар ёсць заўсёды».

    Стрэс

    Па словах Дыяны Макаравай, першы вялікі стрэс яна атрымала, калі хадзіла па шпіталях і бачыла збітых і скалечаных на Майдане людзей. Потым, калі пачалася антытэрарыстычная аперацыя (АТА), стрэс яшчэ больш узмацніўся. Тады яна і змяніла жыццёвыя прыярытэты. Дыяна кажа, што абрэвіятуру АТА яна і яе паплечнікі не ўжываюць. Бо для іх АТА — гэта жудасная вайна, а не антытэрарыстычная аперацыя. «Гэта самая сапраўдная вайна, якую ў свеце не хапае смеласці (ці моцы духу) назваць сапраўднай вайной. У нас палае ўвесь Усход, там гінуць людзі», — гаворыць Макарава. Толькі яе сяброў загінула ўжо некалькі дзясяткаў, у тым ліку маладых дзяўчат.

    У Ф. О. Н. Д.зе было 8 мужчын, але ўсе яны пайшлі на фронт, таму цяпер тут большасць жанчын. Нядаўна ў армію дабравольна пайшла Ганна Косінава, танюсенькая такая, крохкая, яна маці аднаго з вядомых валанцёраў фонда.

    «Калі мужы ідуць на вайну, жонкі ідуць услед. Вы ж ведаеце, хто такая ўкраінская жонка, — такая ж самая, што і беларуская. Але не дай Бог вам гэта зведаць», — кажа Дыяна.

    «Ведзьма»

    Дыяна жартаўліва пазіцыянуе сябе як ведзьму. Кажа, што стала вельмі жорсткай, часам нават злой на гэтай вайне. Гэтаму паспрыялі цяжкія абставіны, расказы сяброў і тое, што пабачыла сама. Неяк яе сябра Эндрыа, які нядаўна загінуў, распавёў ёй, што такое сартаванне параненых. Іх многа, усе яны ляжаць у крывавых бінтах… А ты, маўляў, павінен выбраць тых, каго можаш яшчэ ўратаваць, а іншых папрасіць пачакаць і пакінуць. Нечым падобным, па словах Дыяны, яна і займаецца ўжо тры гады. Канешне, з параненымі амаль не сутыкаецца, але калі размяркоўвае дапамогу, то павінна вызначыць, каму яна больш патрэбная ў першую чаргу. А хто можа яшчэ і пачакаць…

    — І вось ты адкладала і адкладала на потым, — успамінае Дыяна. — Ну, не магу я зараз табе зараз дапамагчы, родненькі ты мой хлопец… А ён раз – і загінуў. Нават свайму сябру Косціку не паспела дапамагчы. Папрасіла пачакаць і ён чакаў. А потым — Косціка не стала… Уявіце сабе, што адбываецца ў душы…

    Фронт патрэбуе…

    «Любая вайна вымагае вялікіх грошай. І як бы дзяржава не старалася, а яна стараецца, яе падтрымкі недастаткова, — расказвае Дыяна. — Бо ўсе дзіркі не закрыеш.

    Мы былі непадрыхтаваныя, і наша армія ўвайшла ў гэтую вайну надта слабай, босай, распранутай ды галоднай. Тады мы, добраахвотнікі, і кінуліся на дапамогу. І дапамагаем дагэтуль, бо гэта трэба рабіць пастаянна.

    Калі казаць пра нашу краіну — мы ж былі такімі, як беларусы, як Беларусь. Мы былі абсалютна міралюбівыя, ужо даўно ні з кім не ваявалі, і тут раптоўна на нас звалілася гэтая навала. Хачу заўважыць, што гэта не грамадзянская вайна, бо на перадавой нашы салдаты ваююць з рускімі. Я, мая сям’я, мае сябры і знаёмыя — усе бачылі там расійскіх ваенных, і мы ведаем, колькі іх стаіць супраць нас. Нас вымушаюць ваяваць!

    Хлопцы на вайне ведаюць пра нас і дасылаюць нам заяўкі. Як выглядае заяўка? Гэта можа быць смс на тэлефон і пералік усяго патрэбнага. Звычайна адказны за заяўку — камандзір, але можа быць і шэраговы баец, якога абралі саслужыўцы. Ён замаўляе неабходнае на цэлы ўзвод або на які-небудзь апорны пункт. Потым мы едзем, правяраем альбо ўдакладняем звесткі, ці сапраўды гэтыя рэчы патрэбныя. І пасля выконваем заяўку. Мы стараемся гэта рабіць хутка, бо наш Фонд называецца — Фонд Аператыўнай Нацыянальнай Дапамогі. Аднак было б даволі складана, калі б нам не дапамагалі іншыя валанцёры. Мы падтрымліваем сувязь і дапамагаем адно аднаму. Ёсць розныя фонды, якія спецыялізуюцца на чымсьці адным: напрыклад, на дастаўцы медыкаментаў, на ваенным абмундзіраванні, на пастаўках оптыкі і электронікі. А нехта пастаянна дапамагае мірным грамадзянам, бежанцам. Часам у нас бываюць і сумесныя праекты».

    База

    Дыяна Макарава паказвае склад, які займае цокальны паверх і расказвае пра безліч рэчаў, якія яны перапраўляюць на фронт. Канешне, самае запатрабаванае — гэта абмундзіраване, лекі і аптэчкі. Таксама валанцёры наладзілі швейную справу і шыюць патрэбныя байцам рэчы. Са скуры, якую яны збіраюць па ўсёй краіне, шыюць спецыяльныя пальчаткі, каб зручна было трымаць зброю. Таксама шыюць бронекамізэлькі, рамяні ды шмат што яшчэ. Бо ў ваенных крамах гэтыя рэчы каштуюць вельмі дорага. А калі знайсці патрэбныя матэрыялы і зрабіць самім, атрымоўваецца ў некалькі разоў танней.

    Ф. О. Н. Д. перадае на фронт печы-буржуйкі ды іншую бытавую тэхніку. Але ёсць і незвычайныя заяўкі. Пра некаторыя з іх Дыяна вырашыла не расказваць. А вось пра тое, што просяць пестыцыды, яна расказала, бо вельмі часта салдатам на пазіцыях замінае пустазелле ды высокая трава. Або нааадварот – просяць прывезці насенне травы, каб засеяць голы ўчастак зямлі.

    Перадайце хоць вы АБСЕ…  

    Па словах Дыяны Макаравай, перамір’е на фронце выконвалася толькі аднойчы —  напрыканцы лета і напачатку восені 2015 года. А потым – панеслася, з таго часу ніякія дамовы не выконваліся. Калі з боку сепаратыстаў пачынаецца абстрэл, бывае, што ўкраінскім салдатам даюць загад сядзець у бліндажах і хавацца.

    «Нашы хлопцы кажуць нам: перадайце хоць вы АБСЕ, што абстрэл не сціхае. Бо прадстаўнікі гэтай арганізацыі часта сцвярджаюць: нічога не было, бо мы не чулі, — працягвае свой аповед Дыяна. — Мы не камбатанты і не носім ваеннай формы, у нас няма нават камуфляжнай формы. Не перавозім нічога забароненага, у тым ліку зброю. Нашы “патроны” — гэта біноклі і шмат іншых рэчаў, але гэтыя рэчы не страляюць.

    Баявы дух салдат мы падымаем сваёй прысутнасцю на фронце, бо ў фондзе, як ужо казала, зараз працуюць пераважна дзяўчаты. Мы перадаем нашым абаронцам малюнкі дзяцей. Але баявы дух байцоў найбольш падымаюць канцэрты гурта “Тэлары”. Музыкі ездзяць з намі і спяваюць цудоўныя песні, часам жартаўлівыя, не адразу ўсім зразумелыя. Але іх спевы пазітыўна ўплываюць на настрой байцоў».

    Інфармацыйная вайна

    Па словах валанцёраў, Ф. О. Н. Д. Дыяны Макаравай робіць вельмі шмат і гэта пры тым, што інфармацыі пра іх дзейнасць амаль няма. Ёсць вельмі вузкі сегмент – гэта фэйсбук, дзе ёсць пасты з удзячнасцю ад людзей, якім дапамаглі. Бывае штосьці напішуць журналісты, але не так часта, як яны таго заслугоўваюць. Сябры фонда спадзяюцца на тое, што хуткім часам гэта сітуацыя зменіцца.

    Па словах валанцёраў, насельніцтва таксама вельмі стамілася ад вайны. Спярша людзі актыўна дапамагалі, але потым паступленні ў фонд значна паменшыліся, як, дарэчы, і ва ўсіх астатніх фондах. У 2014 годзе людзей напаткаў шок — іх тэрыторыю захапілі, была рэальная пагроза згубіць незалежнасць, і людзі пачалі пералічваць грошы, каб падтрымаць армію. Потым, калі армія паказала, што не пусціць захопнікаў да Кіева, людзі крыху супакоіліся, у іх з’явілася ўпэўненасць.

    Па словах Дыяны Макаравай, валанцёры не могуць дазволіць сабе рэкламу на білбордах, як і збіраць грошы на вуліцах. Гэта называецца «дакучлівая падача». «Мы за абсалютную добраахвотнасць!» — дадае яна.

    Да таго ж, паводле расказаў тых, хто дапамагае фронту, у прыцэл інфармацыйнай вайны адразу трапілі ўкраінскія валанцёры. Расійскія СМІ і блогасфера фарміруюць негатыўнае стаўленне да іх, ладзяць інфармацыйныя правакацыі: маўляў, валанцёры ўзбагачаюцца за кошт народа. На жаль, ніякіх дзеянняў у адказ, ніякай контрпрапаганды на дзяржаўным узроўні валанцёры не бачаць. Выратоўвае тое, што расійская прапаганда ў асноўным скіраваная на сацсеткі «Аднакласнікі» і «УКантакце», аднак большасць дасведчаных украінскіх грамадзян знаходзіцца ў Face­book.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці