Як бяспечна чытаць навіны ў Беларусі
Чытаць навіны ў Беларусі даўно стала небяспечна: большасць медыя прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», за распаўсюджванне якіх можна атрымаць 15 сутак. І хоць чытанне падпіскай не з'яўляецца, немагчыма спрагназаваць, што будзе, калі ў вашым тэлефоне знойдуць нейкія сляды «экстрэмісцкіх» СМІ. Таму «Медыязона» раіць, як у Беларусі чытаць сумленныя навіны больш бяспечна.
Як засцерагчы свой тэлеграм? Ніякіх падпісак, лайкаў і каментароў
Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і хочаце чытаць у тэлеграме «экстрэмісцкія» каналы, на іх неабавязкова (і непажадана) падпісвацца. Чытаць можна без падпіскі — праз пошук.
Калі вы прачыталі ўсе навіны, не забывайце ачысціць гісторыю пошуку. Для гэтага націсніце на радок пошуку ўверсе экрана, а затым «ачысціць» (або clear).
Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!
Не чытайце «экстрэмісцкія» рэсурсы на працы і ў публічных месцах. На камп’ютары трэба чысціць тэчку Telegram desktop, дзе захоўваюцца загружаныя медыяфайлы. На розных камп’ютарах яна можа знаходзіцца ў розных месцах. Пачаць пошук такой тэчкі на Windows можна з «Мой камп’ютар», тэчкі «загрузкі». На macOS — файлавага менеджара Finder.
Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі ці перыядычна ездзіце туды, не пакідайце рэакцыі на пасты ў чатах і каналах, не пішыце каментары пад рэсурсамі, прызнанымі «экстрэмісцкімі», не перасылайце пасты ў публічныя чаты (а ў асабістых і закрытых чатах выдаляйце, калі суразмоўцы прачытаюць).
Вось яшчэ некалькі парад, якія зробяць ваш тэлеграм больш бяспечным:
-
У дыялогах і чатах можна паставіць аўтавыдаленне паведамленняў, каб у выпадку затрымання ў вашых перапісках не знайшлі «экстрэмісцкіх спасылак» (або замест гэтага выдаляць небяспечныя паведамленні ў сябе і суразмоўцы ўручную). За «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» вы можаце атрымаць 15 сутак арышту.
-
Не забывайце перыядычна чысціць кэш. Калі ён неачышчаны, сілавікі могуць адкрыць тэчку з кэшам і ўбачыць фота і відэа з каналаў, якія чытаў карыстальнік.
-
Для ачысткі зайдзіце ў налады, націсніце «Даныя і сховішча» — «Выкарыстанне сховішча» і «Ачысціць увесь кэш».
-
Усталюйце ў наладах двухфактарную аўтэнтыфікацыю — гэта доўгі пароль на выпадак, калі ваш тэлеграм захочуць узламаць. Пароль трэба запомніць — яго трэба будзе ўводзіць, калі вырашыце залагініць свой тэлеграм на новым тэлефоне або камп’ютары. Кожны раз пры адкрыцці тэлеграма яго ўводзіць не трэба.
-
На гэты выпадак ёсць яшчэ адзін пароль. Ён называецца «хмарны пароль», або «код-пароль». Уводзіць яго трэба кожны раз, калі адкрываеце тэлеграм на сваім тэлефоне — гэта абарона ад непажаданых чытачоў, якія могуць узяць ваш тэлефон.
-
Акрамя таго, праверце іншыя свае сацсеткі — «УКантакце», Instagram, ТыкТок, «Аднакласнікі», Фэйсбук — наконт наяўнасці падпісак і рэпостаў «экстрэмісцкіх каналаў». Калі знойдзеце — выдаляйце.
Выкарыстоўвайце ў браўзеры і на ютуб рэжым «інкогніта»
Пры пераходах па спасылках у браўзеры ўключайце рэжым «інкогніта». У Google Chrome з тэлефона дастаткова націснуць на тры кропкі ў правым куце і адкрыць новую ўкладку ў рэжыме інкогніта.
У мабільнай праграме Safari зайдзіце ва ўкладкі (кнопка ў ніжнім правым куце), націсніце кнопку ў выглядзе спісу (яна можа называцца «група ўкладак»), выберыце «Прыватны доступ» і націсніце «Гатова». У рэжыме «інкогніта» не захоўваецца гісторыя і кэш браўзера — нічога чысціць не трэба.
У браўзеры Opera націсніце на лагатып у левым верхнім куце і абярыце «Новае прыватнае акно».
У Firefox для актывацыі рэжыму «інкогніта» націсніце тры кропкі ў верхнім правым куце і клікніце на «Прыватны».
Калі вы выкарыстоўваеце звычайны рэжым, то абавязкова чысціце гісторыю і кэш браўзера.
Рэжым «інкогніта» таксама існуе і ў ютубе. Пры працы гэтага рэжыму гісторыя пошуку і праглядаў не захоўваецца, а падборкі і рэкамендацыі складаюцца без уліку вашых падпісак і прагледжаных раней відэа.
Уключыць рэжым «інкогніта» можна толькі ў дадатку ютуба на тэлефоне. Для гэтага націсніце на свой уліковы запіс уверсе і ўключыце рэжым «інкогніта» ў наладах. Калі вы праглядаеце ролікі ў звычайным рэжыме, не забывайце чысціць гісторыю пошуку, лайкі і падпіскі:
-
Націсніце на значок свайго профілю ў Gоogle;
-
Націсніце на «Упраўленне акаўнтам Google — Даныя і канфідэнцыйнасць — Гісторыя пошуку і прагляду YouTube»;
-
Выдаліце ўсё. Тут жа можаце паставіць аўтаматычнае выдаленне (мінімальны час — 3 месяцы);
-
Далей клікніце раздзел «Узаемадзеянне» і выдаліце лайкі (уручную, так), падпіскі і каментары.
Яшчэ адзін спосаб выдаліць гісторыю праглядаў на ютубе:
-
На камп’ютары зайдзіце ў свой акаунт і націсніце на ўкладку «Гісторыя»;
-
Адкрыецца спіс прагледжаных вамі відэа — з яго можна выдаліць кожнае відэа (навядзіце мышку на яго і націсніце крыжык).
-
Можна ачысціць усю гісторыю за адзін раз або выбраць «не захоўваць гісторыю прагляду».
-
Гісторыю можна выдаліць і ў дадатку ютуба на тэлефоне. Адкрыйце праграму, перайдзіце ў свой профіль, насупраць «Гісторыя» націсніце «Паглядзець усё». Затым, націскаючы на тры кропкі каля відэа, выдаліце яго.
Выкарыстоўвайце VPN
Уключайце VPN заўсёды. Пры выбары сэрвісу звярніце ўвагу на краіну яго паходжання: кампанія павінна быць з дэмакратычнай краіны. Калі вам патрэбны VPN выключна для чытання навін, то вы можаце выбраць бясплатны тарыф у наступных сэрвісах: ProtonVPN, Windscribe, Hide.me, HotspotShield, Tunnel Bear.
З платных VPN сэрвісаў можаце выкарыстоўваць Nord VPN, Express VPN, Vypr VPN.
Калі вы не зразумелі што-небудзь з гэтага гайда ці не знойдзеце, як выдаліць і пачысціць гісторыю, папрасіце дапамогі ў чалавека, якому давяраеце. Заўсёды лепш перастрахавацца.
Чытайце яшчэ:
Кампанія з расейскімі каранямі выкарыстоўвае ChatGPT, каб шпіёніць за карыстальнікамі ў сацсетках
Фабрика уехала, эльфы остались. Белорусы создали ботоферму, чтобы комментировать политические новости
Как вычислять агентов режима. Советы от специалистов «Киберпартизан»