Як адправіць пасылку палітвязьням з‑за мяжы? Тлумачаць праваабаронцы
На 15 сьнежня ў Беларусі 1434 чалавекі знаходзяцца за кратамі праз палітычныя абвінавачаньні, паведамляе «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных. Іх колькасьць пастаянна расьце.
Сёньня, калі палітзьняволеным блякуюць ліставаньне, надзейным спосабам іх падтрымкі зьяўляюцца пасылкі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
На фоне надыходзячых сьвятаў «Вясна» тлумачыць, як і каму з палітвязьняў можна паслаць пасылкі з‑за мяжы.
Каму можна слаць пасылкі
-
Палітзьняволеныя, суд над якімі яшчэ не адбыўся і прысуд не набыў моц, маюць права атрымліваць бандэролі і пасылкі ў неабмежаваных колькасьцях. Пасылку такім вязьням можа даслаць любы чалавек, у тым ліку з‑за мяжы.
-
Знайсьці і выбраць палітвязьня, пачытаць падрабязную інфармацыю можна на сайце «Вясны» — prisoners.spring96.org.
-
Палітвязьням, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА‑6 і СІЗА‑7, пасылкі лепш ня слаць, бо там яны залічваюцца ў 30-кіляграмовы ліміт на месяц.
Што вы можаце пакласьці ў пасылку
-
зэфір, цукеркі, мармэляд, пасьцілу, халву, шакаляд;
-
бульбу хуткага прыгатаваньня, макарону хуткага прыгатаваньня, суп хуткага прыгатаваньня, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
-
вяленае мяса, каўбасу (сыравяленую, сыравэнджаную),
-
сыр
-
каву любую, гарбату ліставую;
-
арэхі, курагу, фінікі, цукаты;
-
печыва, сухары;
-
цёплыя шкарпэткі;
-
канвэрты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі;
-
каляровыя алоўкі, флямастэры, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя).
Што дакладна нельга слаць
-
чарнасьліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі;
-
шматразовыя станкі для галеньня;
-
бясьпечныя нажніцы;
-
шалік;
-
вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі;
-
запальніцы;
-
плястыкавы посуд;
-
памэлу і грэйпфруты;
-
пэкінскую капусту;
-
соль;
-
кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды;
-
акварэль.
Якія абмежаваньні для пасылак з‑за мяжы?
Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з‑за мяжы складае 31 кіляграм, а кошт усяго, што перасылаецца павінен быць ня болей за 1000 эўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі да 30–40 эўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы шляце і колькі гэта каштуе. Майце на ўвазе, што пасылка можа ісьці каля 5–6 тыдняў.
Як спакаваць пасылку?
З усяго, што вы купілі ў пасылку, трэба зьняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчаваньня перакласьці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаваньні і назву прадукту можна выразаць і пакласьці ў пакет. Па магчымасьці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на расейскай ці беларускай мове.
На пошце вы можаце выбраць каробку з памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе дадзеныя палітвязьня, уключаючы імя па бацьку і адрас утрыманьня. Звычайна пасылку можна адсочваць па штрыхкодзе, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і трапіла да вязьня.
«Уявіце неймаверную ўдзячнасьць і радасьць чалавека, які атрымае вашу пасылку. Гэта знак таго, што пра яе ці яго не забылі, знак падтрымкі і веры ў вольную Беларусь», — адзначаюць правабаронцы.