Як ацаніць папулярнасць СМІ ў сацсетках?
Каб зразумець, ці чытаюць пэўнае медыя ў сацсетках, найперш звычайна глядзяць на колькасць падпісчыкаў у суполках выдання. Але гэта не заўсёды дае поўную карціну.
Істотна, ці прырастае суполка новымі карыстальнікамі, як часта абнаўляецца, ці яна не “закінутая”. Як распавядае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, яшчэ некалькі год таму, асабліва ў рэгіянальных СМІ, можна было знайсці некалькі старонак у адной і той жа сацсетцы, якія ў розны час ствараліся супрацоўнікамі рэдакцыі, а потым іх пераставалі весці. Бывала, рэдакцыі нават забываліся на такія паблікі.
Напаўзакінутымі можна лічыць і суполкі, куды рэдакцыя аўтаматычна перапошчвае матэрыялы з сайта, але не вядзе працы з аўдыторыяй, не правакуе дыскусіі, не адказвае на каментары і паведамленні.
Чым большая суполка, тым менш верагоднасць, што ўсе падпісчыкі бачаць яе допісы
У Facebook і Vkontakte дзейнічае “разумная стужка”, якая паказвае карыстальніку кантэнт, на які ён рэагуе (лайкае, каментуе і дзеліцца допісамі). Можна выставіць налады, каб бачыць навіны ў храналагічнай паслядоўнасці і нічога не прапусціць, але чым больш у чалавека сяброў і падпісак, тым менш шанцаў, што і такім чынам ён пабачыць усё. Над тым, па якіх алгарытмах адбіраюць кантэнт у разумную стужку робаты, ламаюць галаву ўсе SMM-шчыкі (людзі, што займаюцца Social Media Marketing, у тым ліку ў СМІ). А алгарытмы яшчэ і мяняюцца ўвесь час.
Бадай самы яскравы паказчык папулярнасці СМІ ў сацсетках — ER (Engagement Rate), індэкс уцягнутасці аўдыторыі
Вымяраецца ў адсотках і паказвае, якая частка падпісчыкаў суполкі рэагуе на пасты. Методыкі падліку ER розняцца ў залежнасці ад сервісу, якім вы карыстаецеся. Каэфіцыэнт разлічваюць на розныя каляндарныя перыяды ці на пэўны пост.
“Вынаходнік” ER сайт Socialbakers.com разлічвае паказчык наступным чынам: колькасць ўсіх інтэракцый (лайкаў + каментароў + рэпастоў), падзеленая на колькасць пастоў і колькасць падпісчыкаў старонкі і памножаная на 100 %.
Калі вы спрабуеце ацаніць для сябе папулярнасць розных пастоў сваёй рэдакцыі, то, магчыма, ёсць сэнс кожны каментар ці рэпост лічыць за 2 інтэракцыі, у адрозненні ад лайку. Бо калі чалавек падзяліўся ці адкаментаваў, — значыць, яго больш “зачапіла”, чым калі проста лайкнуў.
Як даведацца ER?
Можна пералічыць уручную па прыведзенай вышэй формуле. Адміністратары суполак могуць паглядзець укладку “Статыстыка”. Калі СМІ мае некалькі старонак у розных сацсетках і рэдакцыя карыстаецца сервісамі для адкладзенага посцінгу, то ER зручней глядзець там, каб параўнаць, наколькі эфектыўна “спрацоўваюць” адны і тыя ж пасты на розных платформах (памятаем пра розніцу аўдыторый).
Для старонак Facebook, якія набралі больш за 100 лайкаў, дасяжная функцыя “Цікавыя старонкі” ў меню статыстыкі. Туды трэба дадаць не менш за 5 “чужых” старонак, і націснуць “сачыць”. Акрамя колькасці рэакцый на пасты можна даведацца, якія допісы былі самымі папулярнымі за апошні тыдзень.
Звесткі пра старонкі, дзе вы не з’яўляецеся адмінам, можна атрымаць праз некаторыя сервісы, напрыклад:Popsters.ru – платны, працуе з усімі папулярнымі сацсеткамі; задарма ў тэставым рэжыме можна прааналізаваць 10 суполак у 1 сацсетцы за 7 дзён; акрамя ER пасты сартуюцца па розных відах інтэракцый (можна даведацца, якія найбольш лайкалі, абмяркоўвалі ці рэпосцілі, паглядзець розныя ТОП‑ы…);
Livedune.ru — платны, працуе з Instagram, Livejournal, YouTube, Vkontakte і Twitter; задарма можна карыстацца 3 дні, прааналізаваць 5 акаўнтаў па [1 хэштэгу+не больш за 300 пастоў] на дзень.
Тэндэнцыя такая: да пэўнай колькасці падпісчыкаў суполка расце і мае высокі ER. Потым наступае фаза плато, калі прыхільнікаў дастаткова шмат, але далёка не ўсе яны бачаць у сваіх стужках навіны пабліка. Робаты ў сацсетках ацэньваюць вялікія суполкі як здольныя заплаціць і перастаюць іх “прасоўваць” аўтаматычна. Лічыцца, што радыкальна вырашыць праблему дапамагае толькі платная рэклама.
Але рэдакцыя можа пазмагацца за сваю аўдыторыю і без вялікага рэкламнага бюджэту. Напрыклад, ствараць віральны (“вірусны”) кантэнт, якім будуць актыўна дзяліцца, лайкаць і абмяркоўваць, значыць, наступным разам уцягнутая аўдыторыя пабачыць навіны гэтага СМІ ў сваіх стужках. Можна замацаваць уверсе саронкі СМІ зварот да чытачоў з заклікам паставіць у наладах падпіскі “бачыць найперш”, прапаноўваць высылаць паведамленні пра найбольш істотныя навіны, рабіць дайжэсты, запрашаць падпісвацца на каналы ў мэсэнджэрах…
Пакуль у справе змагання з “разумнай” стужкай сацсетак беларускія СМІ найбольш арыентуюцца на віральны кантэнт
Напрыклад, сярод самых папулярных пастоў розных рэдакцый у Facebook – шмат фота. Гэта могуць быць выявы архітэктурных каштоўнасцей, знятых з цікавага ракурсу (часта з вышыні птушынага палёту), праяў сезону ці надвор’я (“залатой восені”, “сапраўднай зімы”, залевы, спёкі…), сацыяльна значныя сюжэтныя замалёўкі (графіці і плакаты “на злобу дня”, нешта з прынтом вышыўкі) і проста мі-мі-мішнасці. Варта мець на ўвазе, што фота, якое запошчана ў Facebook праз Instagram, на цяперашнім этапе робаты прасоўваюць лепш за фота, запампаванае наўпрост у Facebook.
Віральным можа стаць анекдот, дэматыватар, кароткае відэа, абвесткі пра пошукі людзей. Калі вельмі добра папрацаваць, ці адбудзецца вельмі сацыяльна значная падзея, то і спасылка на артыкул, канечне, але найчасцей “віруснымі” становяцца пасты, якія не ўтрымліваюць спасылкі на сайт выдання.
На занятках БАЖ “Сацыяльныя сеткі і месэнджары – платформа для СМІ” пра вопыт падвышэння ўцягнутасці аўдыторыі распавёў рэдактар баранавіцкай газеты Intex-press Руслан Равяка. Выданне практычна не карыстаецца платным прасоўваннем свайго кантэнту ў сацсетках. Віральнымі часта становяцца пасты з розыгрышамі: рэкламадаўца прапаноўвае нешта са сваёй прадукцыі, перапасты ўдзельнікаў з суполкі Intex-press спрыяюць пазнавальнасці брэндаў і рэкламадаўцы, і газеты.
Рэдакцыя таксама выкарыстоўвае крос-посцінг, абмен навінамі з іншымі папулярнымі суполкамі (пост за пост).
Партнёрамі ў гэтай справе выступаюць паблікі “Падслухана Баранавічы” і суполкі суседніх рэгіянальных выданняў, напрыклад, “Ганцавіцкі час”.
Ва ўсіх сацсетках Intex-press буднімі вечарамі і на выходных дзяжураць супрацоўнікі рэдакцыі: кантактуюць з чытачамі, правакуюць абмеркаванні.
Праўда, як кажа Руслан Равяка, жыхары Баранавічаў не дужа ахвочыя да інтэрнэт-дыскусій, асабліва ў сацсетцы “Аднакласнікі”: лайкаюць, дзеляцца допісамі, але маўчаць, як партызаны.
Калі паглядзець статыстыку Intex-press па VKontakte праз Popsters.ru, можна даведацца, што самы высокі ER (амаль 8 %) за ўвесь час існавання суполкі быў у допіса пра розыгрыш коўдры.
У першай дзясятцы па папулярнасці — розыгрышы слухавак, білетаў на мерапрыемствы, сертыфікатаў у салоны прыгажосці, сямейнай фотасесіі. Апошнюю, дарэчы, паводле Руслана Равякі, спачатку выйграў сам фатограф. Давялося перазапусціць выбар выпадковага падпісчыка. Сярод пастоў-лідараў па ER і сацыяльны матэрыял пра збор сродкаў на дапамогу хвораму хлопчыку (той рэдкі выпадак, калі віральны кантэнт утрымлівае спасылку на сайт). Высокі ER маюць таксама забаўляльныя пасты. З “сур’ёзных” матэрыялаў — вынікі расследвання авіякатастрофы пад Смаленскам, артыкулы пра дармаедства і армію…
Падвышаючы ER сваёй суполкі, памятайце пра тэндэнцыі інтэрнэт-спажывання ў Беларусі і трымайцеся мэты, а яшчэ лепш — распрацаванага SMM-плану.