«Я працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты», – рэпартэрка «Белсату» Вольга Чайчыц не баіцца судоў і штрафаў
Сёння суд Дзяржынскага раёна пакараў журналістку «Белсату» Вольгу Чайчыц і аператара Андруся Козела штрафамі ў 30 базавых велічыняў (690 рублёў) з кожнага.
Суддзя Іна Шайко прызнала іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі (арт. 22.9 КоАП РБ).
Рэпарцёрскі дуэт Чайчыц і Козела спецыялізуецца на асвятленні акцый пратэсту, а таксама вострасацыяльных праблем, у асноўным – у рэгіёнах Беларусі. Напачатку лістапада яны падрыхтавалі для «Белсату» сюжэт пра канфлікт паміж чыноўнікамі і хворай кабетай на Дзяржыншчыне: апошняй не даюць новую хату, хаця яе цяперашняе жытло было прызнана непрыдатным яшчэ ў 2009 годзе.
Мясцовыя чыноўнікі ж заявілі журналістам, што не могуць даць жанчыне новую хату ў мястэчку Негарэлае, бо тады «іх абвінавацяць у карупцыі». Менавіта старшыня Негарэльскага сельсавету Васіль Гаркаўчук і спецыяліст па зваротах грамадзян Дзяржынскага выканкаму Аляксей Свірскі выступілі як сведкі на судзе над «белсатаўцамі».
«Сюжэт мне не спадабаўся, бо мяне назвалі «чыноўнікам», для мяне гэта слова абразлівае, я – старшыня сельсавету», – сказаў Гаркаўчук.
8 снежня Чайчыц і Козела зноў будуць судзіць, гэтым разам – за стрым. Гаворка ідзе пра стрым з суду над журналістамі «Белсату» за папярэднія стрымы.
Акрамя таго, праваахоўнікам не спадабаўся рэпартаж нашых карэспандэнтаў пра тое, як менчукі змагаюцца супраць ушчыльнення ў цэнтры гораду. Памежны камітэт збіраецца ўзвесці будынак у двары жылога дому, але яго жыхары не пагаджаюцца з такімі планамі дзяржструктуры і папрасілі «Белсат» асвятліць іх змаганне. Сюжэт выйшаў у эфір 16 кастрычніка.
«Часцей за ўсё мы працуем у рэгіёнах Беларусі, людзі звяртаюцца да нас, распавядаюць пра свае праблемы. Я еду туды і працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты. А ўладам пасля гэтага нічога не застаецца, як адрэагаваць. Але замест таго, каб змагацца з рэальнымі праблемамі людзей, яны змагаюцца са мной», – каментуе Вольга Чайчыц рашэнне суду.
Нагадаем, толькі за бягучы год колькасць адміністратыўных справаў, распачатых у дачыненні да незалежных журналістыў, у тым ліку фрылансераў, якія рабілі сюжэты для нашага тэлеканалу, перавысіла 85.
Нягледзячы на ціск уладаў, журналісты «Белсату» працягваюць працаваць для вас: здымаць сюжэты, весці стрымы, пісаць артыкулы, перадаваць самыя актуальныя навіны.