«Я хачу згадваць Чалавека» — у Мінску ўшанавалі памяць Паўла Шарамета (фота)
У Мінску на Паўночных могілках ушанавалі памяць Паўла Шарамета. Да магілы забітага журналіста прыехалі ягоныя калегі, грамадскія дзеячы і яго знаёмыя.
На Паўночныя могілкі ў Мінску прыехалі каля двадцаці чалавек. У асноўным гэта былі журналісты.
Першай узяла слова экс-старшыня ГА «Беларускай асацыяцыі журналістаў», сябра праўлення Жанна Літвіна.
Яна з жалем адзначыла, што і праз год у следства няма падазраваных.
«Афіцыйнае следства павінна пагадзіцца на міжнароднае расследаванне. Наш абавязак далучыць свае галасы да гэтага патрабавання. Таксама мне імпануе той факт, што галоўны рэдактар «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева-Баравік выказваецца за аднаўленне, хай і пасмяротна, беларускага грамадзянства для Паўла. Мы мусім гэта таксама падтрымаць», — адзначыла спадарыня Літвіна.
Яна падкрэсліла, што важна прымусіць кіраўнікоў дзяржаў адказваць за свае словы. Бо і Лукашэнка абяцаў узяць пад асабісты кантроль расследаванне забойства аператара Дзмітрыя Завадскага, і Парашэнка заявіў, што знайсці забойцаў — справа гонару. Таксама Літвіна нагадала, што не былі знойдзеныя забойцы беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай.
«Павел быў тым чалавекам, які лічыў, што праўда можа змяніць сусвет. І нам сёння патрэбная праўда. Мы не можам маўчаць і спыняць сваю працу, калі невядома, хто здзейсніў такія злачынствы», — сказала Жанна Літвіна.
Журналіст «Белсата» Алесь Залеўскі нагадаў, што Павел Шарамет заўсёды быў прыязна настроены да маладых журналістаў, падтрымліваў іх.
Таксама слова ўзяў Глеб з Бабруйска, ён выказаў шкадаванне, што грамадства абыякавае да гэтай даты:
«Вельмі брыдка бачыць, што толькі дваццаць журналістаў прыйшлі сюды, толькі дваццаць чалавек прыйшлі правесці эпоху, бо, на мой погляд, Павел Шарамет — гэта эпоха ў нашым жыцці. Мне шкада, што мы не бачым тут беларусаў, якія б стаялі тут, побач з намі. Я ўражаны гэтым».
«Павел быў звяном паміж Беларуссю, Украінай, Расіяй. Ён умеў гаварыць, даводзіць, што важна падтрымлвіаць адзін аднаго нават ва ўмовах, калі паміж дзяржавамі ідзе вайна. Ён быў прыкладам, як трэба быць Чалавекам з вялікай літары, і Журналістам з вялікай літары. І можна выконваць свой прафесійны абавязак у кожнай краіне так, што з табой будуць лічыцца. Гэтае забойства — выклік усім людзям, усім журналістам. Я расіянка і мне важна было прысутнічаць тут, каб было зразумела, што не толькі ў Беларусі згадваюць Шарамета. Я хачу сёння згадваць чалавека, каб ён застаўся ў нашай памяці і ў жыцці, і быў нам прыкладам далей»,— сказала ў кароткай прамове праваабаронца Вольга Саламатава з Хельсінскай фундацыі па правах чалавека.
Рэжысёр Віктар Дашук згадаў, што ў пачатку 2000‑х здымаў фільм, у якім адным з герояў быў Павел Шарамет:
«Тады ён сказаў прарочыя словы: забойствы будуць працягвацца, але ў больш жорсткай, больш подлай форме. Гэтым словам трэба было надаць больш увагі. Але чалавечая псіхіка такая, што не думаецца пра горшае, хочацца, каб вакол было сонца, усмешкі, прыгожыя жанчыны, справядлівасць, адказнасць. На жаль, пад гэтым небам нічога з гэтага амаль няма. І галоўнае, што людзей, падобных Паўлу, амаль няма, усё вырадзілася. Куды падзеўся наш імпэт і жаданне нешта змяніць, выступіць супраць небяспекі, што пагражае чалавеку і існаванню краіны?»
Журналіста Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве. Аўтамабіль, у якім Павел ехаў на працу, выбухнуў на скрыжаванні цэнтральных вуліц Кіева. Выратаваць Паўла было немагчыма — атрыманыя траўмы былі не сумяшчальныя з жыццём. У якасці асноўнай версіі матыву забойства паліцыя лічыць прафесійную дзейнасць журналіста. Следчыя высветлілі, што бомбу ўсталявалі мужчына і жанчына. Яны трапілі на відэа з камер назірання. За дапамогу ў пошуку паліцыя Кіева, а таксама былы мэр сталіцы аб’явілі ўзнагароджанне. Але следства і дагэтуль практычна не прасунулася — не названыя падазраваныя, няма ні абвінавачаных, ні галоўнай версіі матываў злачынства.