• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Я цябе заб’ю, сёння можна”. Як пасля выбараў збівалі і катавалі бабруйскіх журналістаў

    У Бабруйску 10 жніўня сілавікі брутальна затрымалі чатырох незалежных журналістаў. Траіх з іх — каля мясцовага ізалятара часовага ўтрымання, дзе сабраліся родныя затрыманых напярэдадні бабруйчан і чакалі вынікаў судоў. Чацвёртага — на працы ў яго жонкі.

    Каля ІЧУ прыкладна а 16.30 10 жніўня знаходзілася шмат журналістаў гарадскіх медыя, якія назіралі за развіццём падзей — жыхары горада ля ізалятара чакалі сваякоў і сяброў, затрыманых напярэдадні ўвечары. Раптоўна пад’ехаў аўтобус з АМАПам. Сілавікі паклалі ўсіх прысутных мужчын тварам у зямлю, пачалі збіваць. Кіраваў затрыманнямі намеснік начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Малахаў. Таксама ён удзельнічаў у збіцці людзей і журналістаў.

    Усіх прысутных мужчын паставілі тварам да сцяны, рукі загадалі трымаць за галавой, білі. Сярод гэтых затрыманых апынуліся журналісты Яўген Глаголеў-Васьковіч і Яўген Юшкоўскі. Іх завезлі ў СІЗА № 5.

    На наступны дзень былі суды. Абодвух журналістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34 КаАП.

    Яўген Глаголеў-Васьковіч, карэспандэнт анлайн-газеты “Бобруйский курьер” атрымаў 12 сутак арышту. Як распавёў журналіст, суды ішлі канвеерамі. Магчымасці заключыць дамову і запрасіць абаронцу не далі, суддзю не цікавіла тое, што распавядалі абвінавачаныя. Яна проста “раздавала суткі і штрафы”.

    Глаголеў-Васьковіч распавёў, што падчас затрымання яму “паадбіваў ногі” намеснік начальніка УУС Андрэй Малахаў. У СІЗА не білі. Адбываць арышт Яўгена перавялі з СІЗА у ІЧУ. Агулам ён адседзеў 8 сутак з прызначаных  судом 12-ці, выйшаў на волю 18 жніўня.

    Журналіста-фрылансера Яўгена Юшкоўскага, які супрацоўнічае з праектам Media IQ, суд арыштаваў на двое сутак, якія ён правёў у СІЗА. Абвінавацілі таксама ва ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве. Пастанову суда на рукі не выдалі.

    Малады чалавек распавёў, што білі яго толькі пры затрыманні. У СІЗА, кажа,  умовы былі нармальныя: “ахоўнікі нават цыгарэтамі дзяліліся”.

    Маці Яўгена Галіна Юшкоўская была сведкай затрымання сына. На наступны дзень яна падала скаргу на дзеянні Андрэя Малахава і АМАПацаў, якія праводзілі затрыманне. Цяпер ідзе праверка ў межах скаргі.

    Каля ІЧУ 10 жніўня затрымалі таксама журналістку Марыну Маўчанаву, якая супрацоўнічае з анлайн-газетай “Бобруйский курьер” і тэлеканалам “Белсат”. Паводле яе словаў, калі затрыманых хлопцаў ужо павезлі, за ёй асобна прыехаў аўтобус, з якога выбеглі некалькі амапаўцаў і запіхалі яе ў аўтобус.  

    “Калі я падымалася па прыступках у аўтобус, мяне ўдарылі дубінкай паміж ног. Калі я запытала, якім правам мяне б’юць, амапавец, гледзячы проста ў вочы, нецэнзурнай лаянкай загадаў закрыць рот, бо будзе яшчэ горш, і сказаў: “Я цябе заб’ю, сёння можна”, — распавяла Марына Маўчанава. — Я бачыла, што маё затрыманне — гэта асабістая помста, бо яны прыгадвалі мне розныя матэрыялы, казалі, што я ж заўсёды дрэнна пішу пра міліцыю. Калі я папрасіла мяне адпусціць, бо дома малое дзіця, мне сказалі, каб я не хвалявалася, бо на такія выпадкі ёсць сацыяльныя прытулкі”.

    Журналістку даставілі ў Ленінскі РАУС Бабруйска, пачалі складаць пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але прыйшоў начальнік РАУС Андрэй Пераплаўчанка і сказаў, што яны разабраліся, што Марына — журналістка, выбачыўся і адпусціў. Копію пратакола апытання, які ўжо паспелі скласці, на рукі не выдалі.

    У той жа вечар, але ў іншым месцы затрымалі гісторыка, журналіста, сябра ГА “БАЖ”, у мінулым дэпутата Бабруйскага гарсавета Алеся Чыгіра. Прыкладна а 20.30 ён прыйшоў сустракаць жонку з працы (яна працуе правізарам у аптэцы). Па дарозе зняў на свой тэлефон, як супрацоўнікі АМАП жорстка затрымлівалі хлопца ў летняй кавярні. І не паспеў Алесь зайсці ў аптэку, як з’явіліся АМАПаўцы. Яны ўзламалі дзверы, збілі яго разам з жонкай. Журналіста закінулі ў аўтобус і павезлі ў РАУС, дзе працягнулі збіваць.

     

    “Адзін з АМАПаўцаў крычаў: “Ну што, мянтоў на вілы?”. Гэта ўсё суправаджалася ўдарамі дубінкай, а іншыя збівалі мяне рукамі, наносілі аплявухі, білі па галаве, па руках, — распавёў Алесь Чыгір. — Калі мы пад’ехалі да РАУСа, мяне выцягнулі і паабяцалі зламаць рукі. Я ўпаў на асфальт, яны мяне сталі біць, калі я ляжаў на асфальце. Потым гэтае біццё працягнулася ў будынку аддзялення міліцыі: білі па нагах дубінкамі, калі я падымаўся па лесвіцы на другі паверх, потым мяне збілі з ног, і ляжачага пачалі збіваць зноў, іх было чалавек чацвёра-пяцёра. У гэты час яны гігікалі, ім было весела, яны нібыта атрымлівалі задавальненне ад таго, што збілі ляжачага, 48-гадовага чалавека, бацьку траіх дзяцей, у якога за плячыма 29 гадоў працоўнага стажу. Мяне проста катавалі. Рабілі гэта людзі, якія жывуць сярод нас, якіх мы сустракаем штодня на вуліцах, разам з жонкамі, дзецьмі. Катаваць, здзеквацца, інакш не назавеш, ім прыносілі вялізнае задавальненне. Гэта ўсё бачылі жанчыны ў міліцэйскай форме, і ў іх я таксама бачыў гэтыя ўхмылкі.

    Апафеозам катаванняў была пагроза па чарзе памачыцца на мяне. Калі б пра гэта мне нехта распавёў ранкам 10 жніўня, я б наўрад ці паверыў, што такое магчыма”.

    Чыгіра судзілі таксама паводле арт. 23.34 КоАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, далі 15 сутак. Адседзеў ён шэсць.

    Распавёў пра жахлівыя ўмовы ўтрымання: “У камерах было брудна, на падлозе — птушыны памёт, не хапала элементарнага: не было мыла, туалетнай паперы. Мы спалі на жудасна брудных матрасах, з коўдраў сыпаўся пясок. На сняданак далі дзве лыжкі рысавай кашы, амаль не кармілі”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці