«Я цябе ведаю! Твой твар на ўсіх сайтах!» Што піша ў першых лістах з «Валадаркі» рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч
Сваякам Ягора Марціновіча прыйшлі адразу два лісты ад яго. Адзін напісаны 22 ліпеня, калі рэдактара толькі перавялі на “Валадарку”, на другім няма даты. Пасланьні прыйшлі ў канвэртах першай клясы.
Маці Ягора Тацяна Мушынская дазволіла апублікаваць фрагмэнты лістоў.
Зь ліста Ягора Марціновіча ад 22 ліпеня 2021 году:
“Прывітаньне з замку №1! Ня думаў, што апынуся тут на экскурсіі, але калі трэба, значыць, трэба :-). Сёньня першы раз за два тыдні выйшаў на сьвежае паветра — даўно так не кайфаваў, хоць і проста ў дворыку.
Ня ведаю, што за кампанію салідарнасьці вы там арганізавалі, але выпадковы сусед пазнаў мяне крыкам: “Я цябе ведаю! Твой твар на ўсіх сайтах! І ў цябе вельмі прыгожая дзяўчына!” Так што індэкс пазнавальнасьці пайшоў угару 🙂
Напэўна, глядзець на ўсё гэта са свабоды цяжэй, чым проста знаходзіцца тут. Нічога страшнага не адбываецца, рана ці позна я ўсё ж выйду. Трошкі сумна, але калі разумееш, што не адзін, а зь велізарнай групай падтрымкі, то нашмат весялей. Гуртом лягчэй шмат што рабіць :-))”
Зь ліста Ягора Марціновіча №2:
Побыт наладжваецца. Галоўнае — гадзіньнік. Яго катастрафічна не хапала на Акрэсьціна, а тут у пятніцу прынесьлі — і можаш неяк плянаваць дзень (і сон).
Пакуль тэлевізара няма, 90% часу займае чытаньне кніг. Усе часопісы адолеў за першыя дні, цяпер пераключыўся на кнігі, старонак па 500 на дзень. Сёньня сканчваю трэці том “Архіпэлягу ГУЛАГ”. Калісьці чытаў першы, цяпер іду з канца. У нядзелю прымаюць заяўкі на бібліятэку, можа, прынясуць нешта цікавае.
Што некамфортна, дык гэта пад’ём у 6:00. Арганізм зусім не перастроіўся. Можа, пасьля будзе лягчэй. Лістоў пакуль няма, таму перачытваю чатыры тэлеграмы, якія прынесьлі ў пятніцу (23 ліпеня). Ня ведаю, калі будзе атаварка (заказ у тамтэйшай краме).
Як будзе тэлевізар, можа, падключымся да Алімпіяды. На свабодзе не глядзеў бы, а тут хай бы ішло кругласуткава.
З газэт прыносяць “СБ” і “Беларускі рынак”. Ня думаў, што “Рынак” — рэальна цікава. Хоць і штомесячнік, але нейкая нестарэючая інфармацыя. З 32 старонак прычытаў мінімум тры чвэрці. Ну і чакаю “Прессбол”, вядома.
Усе перадачы дайшлі, дзякуй. У бліжэйшы час нічога ня трэба. Толькі час ад часу аднаўляць прадукты. Але без фанатызму — з голаду тут усё адно не памрэш.
Пішы максымум пра побытавыя пытаньні, што купіла, куды схадзіла. Проста каб не адрывацца ад рэальнага жыцьця.
Калі ў вас там будзе нармальная вакцына? Каб можна было зьезьдзіць у якое-небудзь падарожжа. Сядзім жа ўжо на месцы другі год. Можа, і я з табой змагу рвануць 🙂
Мы на пазытыве: за нас жа змагаюцца, пішуць лісты. Гэта вельмі прыемна і вельмі крута”.