«Я адчуваю сябе чалавекам Вялікага Княства Літоўскага». Размова з фатографам шматкультурнага Падляшша
Размова зь Ежы Раецкім зь Беластоку, які фатаграфуе краявіды і людзей этнічна-культурнага і рэлігійнага памежжа на Падляшшы. Народжаны ў Гайнаўцы фатограф у духоўна-культурным сэнсе лічыць сябе спадкаемцам Вялікага Княства Літоўскага.
— Калі вы вырашылі рабіць здымкі людзей і мясьцін на Падляшшы ня толькі дзеля ўласнай прыемнасьці, але і з думкай, што вашы здымкі могуць зацікавіць іншых людзей і прынесьці задавальненьне таксама ім?
— Спачатку я рабіў здымкі не на Падляшшы, а ў Беларусі, Літве і Латвіі. Мы з калегамі пачалі езьдзіць туды, так сказаць, з «дробнай кантрабандай», а потым зьвярнулі ўвагу на тамтэйшыя помнікі архітэктуры і краявіды. І я пачаў здымаць. У нейкі момант меў і фармальную замову зрабіць фатаграфічную дакумэнтацыю могілак у тых краінах. Такім чынам пачалася мая прыгода з фатаграфіяй. Гэта былі нулявыя гады цяперашняга стагодзьдзя.
Я закахаўся ў Беларусь. Да 2000 году ня быў там ні разу, а ў нулявых наведаў яе ці ня сотню разоў. Я адчуў, што нашае Падляшша і Беларусь — гэта насамрэч адна культурная прастора, адзін культурны прасьцяг, у якім падобны мэнталітэт людзей, падобная архітэктура — як на вёсцы, так і ў мястэчку. Мяжа, якая разьдзяляе гэтую прастору, — насамрэч штучнае ўтварэньне, якое падзяліла людзей аднолькавай ці вельмі падобнай культуры і разарвала сямейныя сувязі шмат каго з жыхароў гэтай суцэльнай некалі тэрыторыі. Потым, пасьля 2010-га, калі пачалі ўводзіць візавыя абмежаваньні ў дачыненьнях зь Беларусьсю, я перанёс свае фатаграфічныя зацікаўленьні выключна на нашае Падляшша.
— А калі вы пачалі наагул фатаграфаваць? Відаць, першы ваш апарат быў «традыцыйны», то бок такі, які зараджаўся фатаграфічнай стужкай?
— Так, гэта было ў 1990‑х гадах. А свой першы лічбавы фоцік я набыў у пачатку 2000‑х. Я тады яшчэ курыў цыгарэты, таму кінуў, каб назьбіраць грошай на лічбавы фотаапарат. І з таго часу пачаліся мае падарожжы ў Беларусь, Літву і Латвію, і ва Ўкраіну таксама…
— Можна сказаць, вы езьдзілі па тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага?
— Дакладна так! Вялікае Княства Літоўскае было ўвесь час у маёй галаве, калі я выяжджаў за мяжу рабіць здымкі. Мае дзяды з бацькавага боку паходзілі зь вёскі Шымкі ў Міхалоўскай гміне, блізка мяжы зь Беларусьсю. Яны гаварылі на чысьцюсенькай беларускай гаворцы, як некалі гаварылі ўсе людзі ў гэтай вёсцы, і католікі, і праваслаўныя. Я тут кажу пра пачатак 1970‑х гадоў…
— Я быў у Шымках у пачатку 1990‑х, і тады яшчэ ў вёсцы жылі людзі, якія гаварылі па-беларуску. У сувязі з гэтым у мяне да вас наступнае пытаньне. Вы ў выказваньнях пра сваё фатаграфаваньне Падляшша заўсёды падкрэсьліваеце шматкультурнасьць гэтага рэгіёну. Да якой культуры вы залічваеце самога сябе?
— Самога сябе я прыпісваю да культуры Вялікага Княства Літоўскага. Мае дзяды, Раецкія, былі беларусамі-католікамі. Наколькі ведаю, у Шымкі яны пераехалі з ваколіц Горадні, хоць пераехаць — неадпаведнае тут слова. Тады, калі яны пасяліліся ў Шымках, не было мяжы паміж іхнай вёскай і Горадняй. Дарэчы, прозьвішча Раецкі сустракаецца нярэдка ў самой Беларусі і ў Літве. І нават на татарскім могільніку ў нас у Баганіках я бачыў прозьвішча Раецкі.
Часам на людзей з такім мэнталітэтам і культурнымі каранямі, як я, кажуць «ліцьвіны». Я католік, мяне хрысьцілі ў касьцёле, але я хадзіў таксама ў царкву. У Гайнаўцы, дзе я нарадзіўся, мы адзначалі і каталіцкія, і праваслаўныя сьвяты. Так што шматкультурнасьць жыве ў маёй душы ад дзяцінства. І таму адзін свой фатаграфічны альбом я назваў «Klimaty Podlasia. Wielokulturowość».
— Вы таксама — я сам чуў — няблага гаворыце «па-свойму», то бок на падляскай гаворцы, як гавораць людзі на Гайнаўшчыне і на Бельшчыне…
— Стараюся гаварыць і «па-свойму», і на беларускай гаворцы кожны раз, калі трапляю ў асяродзьдзе такіх людзей. Яны, фактычна, ужо даўно лічаць мяне сваім. Міра Лукша (былая журналістка «Нівы». — РС) кажа мне: «Ты ўжо наш. Ты заўсёды быў наш, толькі раней пра гэта ня ведаў».
— А ці вучыліся вы калі-небудзь літаратурнай беларускай мове?
— Так, быў такі эпізод у маім жыцьці. Я вучыўся беларускай мове ў першай клясе ліцэю ў Гайнаўцы. Але правучыўся ўсяго год, бо потым пераехаў у іншы горад, у Лапы, і пайшоў там у школу, у якой, зразумела, беларускай мовы не было.
— Што вас асабліва цікавіць і вабіць на Падляшшы, калі гаварыць пра фатаграфічныя тэмы?
— Спачатку вабілі мяне перадусім падляскія краявіды, нашы асмужаныя сьвітаньні, імгла над лугам ці над палеткамі і да таго падобнае. Я тады зьвяртаў асаблівую ўвагу на сьвятло ў фатаграфіях. Але потым, калі ўжо крыху набіў руку, стаў штораз часьцей фатаграфаваць людзей і асяродзьдзе, у якім яны жывуць. Пры нагодзе свайго фатаграфаваньня я пазнаёміўся з мноствам цікавых людзей на тэрыторыі паміж Гайнаўкай і Бельскам ды Беластокам і Сямяцічамі. Цяпер я кажу, што практычна ў кожную мясьціну на Падляшшы я траплю нават з завязанымі вачыма…
Асабліва люблю фатаграфаваць хаты на Падляшшы. Нашы падляскія хаты маюць сваю непаўторную спэцыфіку, якой не сустрэнеш у іншых частках краіны — іконы ў «сьвятых кутках», кухонныя шафы, аканіцы і выразаныя драўляныя аздобы на хатах. У мяне такое адчуваньне, што цяпер наступіла нешта накшталт моды на Падляшша ў Польшчы. Калісьці гэтыя нашыя драўляныя хаты з аканіцамі і выразанымі з дрэва аздобамі ды наша падляская гаворка былі нечым, чаго людзі саромеліся. А цяпер наадварот — пачынаюць гэтым ганарыцца… Нясьціпла скажу, што пачынаюць ганарыцца таксама дзякуючы такім людзям, як я. Бо я ўжо амаль два дзесяцігодзьдзі фатаграфую гэта і паказваю ў інтэрнэце…
Калісьці ў адной вёсцы над Бугам я фатаграфаваў ганак. З хаты выйшаў чалавек, запытаўся, ці не завуся я Раецкім, а потым сказаў мне, што дзякуючы маім фатаграфіям у інтэрнэце ён прыехаў у гэтую вёску са Швайцарыі. Марыў пажыць у казачнай краіне пад назвай Падляшша, набыў тут дом і такім чынам рэалізаваў сваю мару…
Мая жыцьцёвая мара і заданьне — паказваць праз фатаграфіі людзям у іншых частках краіны нашу адметную падляскую культуру і наш адметны мэнталітэт…
— Як адносяцца да вас людзі, калі вы хочаце іх сфатаграфаваць? Аднекваюцца? Ахвотна пагаджаюцца?
— Я ведаю вельмі многа людзей на Падляшшы, і яны мяне таксама ведаюць, так што пераважная большасьць тых, да каго зьвяртаюся, без праблемаў упускаюць мяне на панадворак ці ў хату. Але калі ня ведаю чалавека, дык не сьпяшаюся адразу фатаграфаваць яго, а спачатку спрабую прысесьці і пагутарыць зь ім. У нашых вёсках даволі проста завязаць знаёмства: «Ty sam skôl budeš? Z Hajnuvki. A de žyveš? U Biłostoku». І фактычна больш нічога ня трэба, каб незнаёмы чалавек набраў да цябе даверу. Бо ён бачыць і чуе, што ты «свой чалавек». І тады ты ўжо ў чалавека пытаесься, ці можна сфатаграфаваць яго панадворак, хату ці кветкі перад хатай, а таксама і яго самога. Я сфатаграфаваў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек на Падляшшы, так сказаць, у іх натуральным асяродзьдзі…
— Вы публікавалі свае фатаграфіі ня толькі ў інтэрнэце, але і ў папяровых альбомных выданьнях…
— Выдаў я няшмат, усяго два альбомы (першы зь іх — тры гады таму), і яшчэ фатаграфічны даведнік «Kraina otwartych okiennic». Выдаць такі даведнік, з фатаграфіямі і тэкстам, прасілі мяне наведнікі маёй старонкі ў Фэйсбуку — Klimaty Podlasia. Ну дык я выдаў, з фатаграфіямі і інфармацыяй пра вёскі па абодвух баках ракі Нараў…
— Назавіце гэтыя вёскі, калі ласка…
— Трасьцянка, Сацы, Пухлы, Целушкі, Канюкі, Паўлы, Рыбалы, Войшкі, Плёскі, Ступнікі, Козьлікі, Гародчына, Янова, Качалы, Дарагатынка, Нарва…
— Дзякую за гэтую музыку для маіх вушэй. Гэта край майго дзяцінства, ва ўсіх гэтых вёсках я калісьці пабываў, за выняткам, мабыць, Сацоў каля Трасьцянкі… Апошняе мае пытаньне будзе пра найноўшую зьяву на Падляшшы — палітычных і эканамічных мігрантаў зь Беларусі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, то ў Падляскім ваяводзтве легальна пражываюць каля 10 тысяч сьвежых мігрантаў зь Беларусі. Даводзілася вам сутыкацца з такімі беларусамі?
— Так. Нават у маім блёку жывуць мігранты зь Беларусі. А таксама з Украіны. З таго, што я бачу, і беларусы, і ўкраінцы адчуваюць сябе ў Беластоку вельмі добра. Яны тут працуюць, некаторыя працуюць нават разам са мною, у шпіталі.
Акрамя, так сказаць, чорнарабочых ёсьць тут таксама людзі з культурнай эліты — напрыклад, сьпявачка Кацярына Ваданосава. Ну і ёсьць, вядома, група палітычных уцекачоў зь Беларусі. Я моцна не сачу за тым, што адбываецца ў гэтай беларускай дыяспары, бо няма ў мяне зашмат часу, але бачу, што гэта даволі вялікая група народу, якая ў будучыні, як лічу, набудзе грамадзкую значнасьць.