• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вызваленне палітвязняў: чаму гэта адбываецца зараз і чым закончыцца?

    «Лукашэнка хоча прызнання Захадам, але вызваленне палітвязняў суправаджаецца яшчэ большым ростам рэпрэсіяў». БАЖ абмеркаваў сітуацыю з праваабаронцам, кіраўніком Прававога цэнтра Асацыяцыі Алегам Агеевым і палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам.

    Ілюстрацыя: novychas.online

    Чаму вызваляюць?

    Алег Агееў: Трэба улічваць усе акалічнасці, пры якіх падпісваўся ўказ аб памілаванні. Сапраўды, пэўная колькасць людзей вышла на волю.

    Улічваючы, што ўсё іхняе «злачынства» палягала толькі ў негвалтоўнай рэалізацыі сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, то мы вітаем вызваленне ўсіх, хто беспадстаўна знаходзіўся за кратамі.

    Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Але трэба ўлічваць, што цягам месяца спіс палітзняволеных папоўніўся мінімум на 64 прозвішчы. Адпаведна, «памілаванне» не трэба разглядаць як сведчанне нейкіх кардынальных зменаў. Беларускі рэжым па-ранейшаму працягвае рэпрэсіі: актыўна выкарыстоўваецца заканадаўства аб «экстрэмізме», працягваюцца затрыманні, вобшукі, наш маніторынг фіксуе ўзбуджэнне новых крымінальных спраў.

    Мы лічым пазітыўным крокам вызваленне часткі палітвязняў, але настойваем на вызваленні ўсіх палітвязняў. Мы патрабуем не толькі іхняга вызвалення, але і поўнай рэабілітацыі, бо яны не здзяйснялі злачынстваў.

    Валерый Карбалевіч: Я думаю, беларускія ўлады шлюць два сігналы: унутранай аўдыторыі і вонкавай, заходняй. Магчыма, Лукашэнка хоча трохі палепшыць свой вобраз напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. Бо жорсткія рэрэпрэсіі, наколькі я ведаю, не вельмі вітаюцца нават прыхільнікамі Лукашэнкі, асабліва калі за кратамі паміраюць людзі.

    Усё-такі смерць палітзняволенага, смерць палітычнага апанента для Беларусі — гэта чырвоная рыса, якую няварта перакрочваць. Улады хацелі б мінімізаваць такую сітуацыю праз вызваленне цяжкахворых, маладых і цяжкахворых, якіх цяжка ўтрымліваць у зняволенні. І падаць гэта грамадству як акт гуманізму.

    Другі сігнал адрасаваны, магчыма, Захаду. Лукашэнка хацеў бы, каб новая прэзідэнцкая кампанія была прызнаная Захадам (задача-максімум), і па выніках яго прызналі прэзідэнтам. Цяперашняя сітуацыя, пры ягонай антызаходняй рыторыцы, некамфортная. Тут прасочваецца такая логіка: з 2020 года прайшоў час, сітуацыя памянялася, Захад нікуды не дзенецца і прыме статус-кво. Так заўсёды адбывалася і да 2020 года, калі Захад бачыў, што выбары недэмакратычныя, але калі выбарам не спадарожнічалі масавыя забурэнні і вялікая колькасць палітзняволеных, заўсёды закрываў вочы і меў справу з Лукашэнкам.

    Як мне бачыцца, гэтыя лакальныя, кропкавыя вызваленні — сігнал Захаду, рэакцыі на які пакуль няма. Але Лукашэнка спрабуе завязаць кантакты і дамагчыся пазітыўнай для Мінска рэакцыі Захаду на прэзідэнцкія выбары.

    Каго вызваляюць?

    Алег Агееў: Мы бачым, што афіцыйная прапаганда паказвае вызваленне палітвязняў як акт гуманізму. Але, калі ўважліва паглядзець на спіс вызваленых, то ўбачым, што большая частка з іх амаль цалкам адбыла свае тэрміны і вельмі хутка выйшла б на волю па сканчэнні тэрмінаў.

    Сапраўды, сярод вызваленых ёсць цяжка хворыя людзі, аднак за кратамі застаюцца людзі нават у больш цяжкім стане. Нельга лічыць, што беларускі рэжым неяк гуманізуецца праз вызваленне некалькіх чалавек, якім і так заставаліся малыя тэрміны палітычна матываванага пакарання.

    Усіх памілаваных аб’ядноўвае адно: усе яны палітзняволеныя і не павінны былі знаходзіцца ў месцах адбыцця пакарання, як і тыя палітвязні, што застаюцца за кратамі.

    Але шукаць нейкую логіку ў дзеяннях беларускага рэжыму я не вазьмуся. Версію прапаганды ўвогуле трэба ігнараваць (яна з іншымі мэтамі выдае такі кантэнт у эфір), а сапраўдныя мэты нам невядомыя. Адпаведна і высновы немагчыма рабіць.

    Валерый Карбалевіч. Фота: Наша Ніва

    Валерый Карбалевіч: Я лічу, што рашэнні прымае сам Лукашэнка.

    Відаць, адной з умоў памілавання з’яўляецца наяўнасць прашэння аб ім. А па-другое, знакавых фігур хутчэй за ўсё вызваляць не збіраюцца. Рыгор Костусеў з’яўляецца знакавай фігурай, але яго вызваленне можна патлумачыць асаблівым стаўленнем да земляка, якога Лукашэнка ведаў у часы палітычнай маладосці.

    Але я хачу звярнуць увагу на тое, што адначасова з вызваленнем палітвязняў рэпрэсіі не спыняюцца, а толькі павяліваюцца. І гэта сігнал беларускаму грамадству: гаворка не ідзе пра лібералізацыю, памятайце і не спрабуйце сыграць сваю гульню падчас прэзідэнцкай кампаніі. Таму адначасова адбываюцца два супрацьлеглыя працэсы: вызваленне палітвязняў і рост рэпрэсій. То-бок, мы паказваем свой гуманізм і спрабуем палепшыць імідж, а з іншага боку дэманструем, што вяртання ў сітуацыю да 2020 года не будзе.

    Ці атрымае вызваленне палітвязняў працяг?

    Алег Агееў: Мы настойваем на вызваленні ўсіх палітвязняў і поўнай іх рэабілітацыі. Беларускі праваабарончы сектар настойвае, каб усе, хто не здзяйсняў злачынства ў класічным разуменні гэтага тэрміну, але асуджаны за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў, аказаўся на волі з аднаўленнем усіх грамадзянскіх правоў.

    З публічных крыніц вядома, што са зняволеных журналістаў вызваленая толькі Ксенія Луцкіна. Думаю, што рэжым не выкарыстоўвае нашы крытэрыі для дзялення палітвязняў на групы: для рэжыму яны асуджаныя злачынцы і «ворагі народа», калі карыстацца савецкай рыторыкай. Думаю, найперш глядзяць, напісаў чалавек прашэнне аб памілаванні ці не. Нам вядомыя выпадкі, што, калі чалавек адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні, такая прапанова рабілася іншаму зняволенаму. Хутчэй за ўсё, існуе нейкі план вызваліць пэўную колькасць палітвязняў з канкрэтнымі, але невядомымі нам, мэтамі, які і рэалізуецца рэпрэсіўнай машынай.

    Валерый Карбалевіч: Ускосныя чыннікі сведчаць, што вызваленне палітвязняў можа працягнуцца: і Юрый Васкрасенскі актывізаваўся невыпадкова, і ягоныя словы пра амністыю (ці памілаванне) 17 верасня – на Дзень народнага адзінства, а ў калоніі прыязджаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў і ціснуць на палітзняволенных, каб яны пісалі прашэнні аб памілаванні. Ускосныя чыннікі сведчаць, што цяперашнія вызваленні, магчыма, не апошнія.

    Ці пагодзіцца Захад «перагарнуць старонку»?

    Валерый Карбалевіч:  Ёсць вялікія сумненні, што Захад пойдзе на гэта. Сітуацыя абсалютна не падобная на тую, што была ў сярэдзіне 2010‑х гадоў. Беларусь удзельнічае ў вайне на баку Расіі, зусім іншы маштаб рэпрэсій і зусім іншая колькасць палітзняволеных, тут і ядзерная зброя, і пастаянныя пагрозы на адрас Захаду, і міграцыйная вайна – сітуацыя зусім не тая. Таму я са скептыцызмам гляджу на магчымасць дээскалацыі сітуацыі. Канешне, кропкавыя крокі дээскалацыі магчымыя: адкрыццё памежных пунктаў пропуску ці іншыя касметычныя рэчы.

    Каго вызвалілі з турмаў?

    16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ, якім памілаваў 30 палітвязняў, асуджаных за пратэсты: 16 мужчын і 14 жанчын. Праваабаронцы сцвярджаюць, што ўжо вызваленыя 15 палітвязняў, але называюць прозвішчы толькі тых, каго «засвяціла» прапаганда.

    З‑за кратаў выпусцілі Ксенію Луцкіну – былую супрацоўніцу БТ, якая звольнілася адтуль у 2020 годзе на знак пратэсту. Журналістка пакутуе на астму і хварэе на рак: адна пухліна ў галаве выдаленая ў 2012 годзе, а другая за час зняволення сур’ёзна разраслася.

    На волі апынуліся Ірына Санкоўская  і Вольга Новікава, Ала Зуева і Вольга Стаброўская, Кацярына Леў, Наталля Пятровіч, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава.

    Вызвалены таксама адзін з найстарэйшых палітвязняў старшыня ліквідаванага прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў, які мае толькі адну нырку. Нягледзячы на гэта, суддзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

    Імёны астатніх палітвязняў пакуль не называюцца дзеля іхняй бяспекі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці