Выйшлі на свабоду журналісты Дашчынскі і Галёта
Вечарам 23 ліпеня стала вядома, што на свабоду выйшлі журналісты Алесь Дашчынскі і Ганна Галёта.
16 ліпеня пасля ператрусаў затрымалі журналістаў Алега Груздзіловіча, Інэсу Студзінскую і Алеся Дашчынскага, якія шмат гадоў працавалі на «Радыё Свабода», а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі. Інэса і Алег, паводле апошняй інфармацыі, застаюцца за кратамі. Невядома ў чым іх абвінавачваюць.
У Ганны Галёты 16 ліпеня таксама быў вобшук, яе затрымалі паводле 293 артыкулу КК 9«масавыя беспарадкі»). Ганна вядзе на «Белсаце» праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны».
Алесь дашчынскі расказаў пра абставіны вызвалення. З ім жа выпусьцілі і журналістку «Белсату» Ганну Галёту:
«Мы з Алегам [Груздзіловічам] былі ў адной камеры і сёння заявілі пра тое, што падтрымліваем Іну [Студзінскую] і абвяшчаем галадоўку салідарнасці зь ёй. Пра тое, што яна галадае, я даведаўся ад маёй адвакаткі, якая сёння прыходзіла да мяне. Пасля гэтага нас адразу развялі ў розныя камэры. Я ня ведаю, куды трапіў Алег, а мяне завялі ў камэру, дзе сядзіць Ігар Ільяш і яшчэ пяць чалавек.
Увечары, пасля вячэры — я ўжо не вячэраў — прайшло яшчэ гадзіна ці дзьве, там вельмі цяжка арыентавацца… нечакана прыйшлі і сказалі мне збірацца з рэчамі. Я думаў – можа, пераводзяць у якую іншую камэру. Мяне павялі ўніз, там я яшчэ ўбачыў журналістку «Белсату» Ганну Галёту — і нас выпусьцілі, спачатку яе, пасля мяне. Я яшчэ пасядзеў у стакане, нам аддалі перадачы, аддалі рэчы.
Там яшчэ быў следчы, і я падпісаў дакумэнты — аб неразгалошванні, абавязанне яўкі, і аб нявыездзе. Я зразумеў так, што я застаюся падазраваным па гэтай справе. Гэткім самым чынам выпусцілі і Ганну.