Выйшаў фільм ад MOST Media «Апошнія сведкі старога Гродна»
Гэты фільм журналісты хацелі зняць яшчэ ў Гродне, у тым горадзе, адкуль родам героі карціны. Але зрабіць гэта не ўдалося, бо падзеі 2020 года ў Беларусі вымусілі многіх гродзенцаў пакінуць свае дамы, як, уласна, і аўтараў гэтага фільма. Ужо ў Польшчы, каб працягнуць гісторыю з успамінамі пра стары Гродна, журналісты сталі шукаць рэпатрыянтаў — тых людзей, якія з’ехалі з горада пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. З’язджалі яны дзецьмі. Гэтых людзей знайшлі ў розных месцах Польшчы. Яны не хацелі пакідаць свае дамы, але новая ўлада дыктавала свае ўмовы: Сібір ці Польшча. Сёння яны — апошнія сведкі Гродна 1930-40-х гадоў, з якімі мы можам пагутарыць.
Фільм «Апошнія сведкі старога Гродна» каманда МОSТ здымала цягам двух месяцаў у розных польскіх гарадах. Складанасці былі ў лагістыцы і дамоўленасцях з героямі. Карціна разбіты на чатыры часткі: міжваенны перыяд, 1939 год — прыход першых саветаў, жыццё ў Гродне падчас нямецкай акупацыі, пераезд у Польшчу.
Героі
Героямі карціны сталі тры жанчыны, якія калісьці жылі ў Гродне, але вымушаныя былі з’ехаць з роднага горада пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Крыстына Мішчук. Нарадзілася ў 1933 годзе, жыве ў Шчытне. З Гродна выехала ў 1946 годзе. Жанчына з інтэлігентнай сям’і. Яе бацька быў настаўнікам у школе імя Адама Міцкевіча, а маці працавала сакратаром на тытунёвай фабрыцы. Крыстына падчас нямецкай акупацыі хадзіла на таемныя заняткі ў падпольную школу. З’ехала з Гродна разам з цёткай. Збірала рэчы самастойна і вывезла цэлы вагон сямейных рэчаў, у тым ліку і навучальныя кнігі бацькі, па якіх ён потым вучыў пасляваенную моладзь у Шчытне.
Станіслава Хацяноўска. Нарадзілася ў 1941 годзе, жыве ў Беластоку. З Гродна выехала ў 1946 годзе. Родны горад яна амаль не памятае, але ў яе захавалася сямейная гісторыя пра добрае жыццё і перасяленне. Бацька Станіславы працаваў у адміністрацыі горада, яго забілі ў 1944 годзе пры дзіўных абставінах. Станіслава разам з мамай выехалі з Гродна праз год пасля заканчэння вайны. Заставацца ў горадзе яны не бачылі сэнсу.
Крыстына Юроўска. Нарадзілася ў 1934 годзе, жыве ў Лодзі. З Гродна выехала ў 1945 годзе. У бацькі гераіні да 1939 года была ўласная крама, але яе нацыяналізавала савецкая ўлада ў 1939 годзе. Некаторых сваякоў Крыстыны вывезлі ў Сібір. Таксама пасля вайны быў вывезены бацька жанчыны, уз’яднаўся з сям’ёй ён толькі ў 1950‑я гады. З’язджаць з Гродна сям’і Юроўскіх дапамагаў савецкі афіцэр у знак падзякі, што гродзенцы хавалі яго жонку ад немцаў падчас акупацыі.
У фільме выкарыстаны кадры 1930–40‑х гг. (польскі перыяд, уступленне ў Гродна бальшавікоў, нямецкая акупацыя).
«Край дзіцячых і юнацкіх гадоў назаўсёды застанецца прыгожым, як першае каханне…». Пад гэтай фразай гераіні фільма сёння падпішуцца тысячы гродзенцаў, якія не могуць вярнуцца ў родны горад з палітычных прычын, але ад гэтага любяць яго не менш. Праз 75 гадоў гісторыя зрабіла яшчэ адно кола. Мы з’ехалі, але ў кожны момант гатовыя вярнуцца. Бо Гродна — наш дом!
Чытайце яшчэ:
Визуал Instagram-страницы Hrodna.life признали экстремистским
У Кіеве з’явяцца вуліцы Караткевіча і Каліноўскага
Каця Пытлева: журналісту падчас вайны важна трымаць галаву халоднай