Рэдкая выстава класіка беларускай фатаграфіі Віктара Бутры праходзіць у Мінску
«Простыя сюжэты. Частка 3» — у галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць рэдкая выстава класіка беларускай фатаграфіі Віктара Бутры.
«Рэпартажнасць, спачуванне да персанажаў, філасофскае і псіхалагічнае напаўненне, метафарычнасць, шматзначнасць, гумар і дакументальнасць», — гэтымі словамі апісваюць работы майстра фатографы і фотакрытыкі. Віктар Бутра — аўтар такіх культавых для беларускай фатаграфіі твораў як: «Натхненне дантыста», «Неспрыяльны зыход», «Букавы лес», «Да Калядаў», «Індывідуальнасць» ды іншых.
«Простыя сюжэты. Частка 3» – трэцяя аднайменная персанальная выстаўка мастака – першыя былі адкрыты ў 2004‑м («Простыя сюжэты») і 2021 гадах («Простыя сюжэты. Частка 2»). У галерэі прадстаўлены работы, выкананыя цягам 1960–2010 гадоў — многія з іх экспануюцца ўпершыню.
Пра фатаграфію Віктар Бутра, які сёлета адсвяткаваў свае 80-годдзе, кажа так: «Гэта магчымасць захаваць памяць пра людзей і падзеі, падзяліцца ўбачаным ці тым, што перажыў, ды праз здымкі выказаць свае стаўленне да чалавека ці таго, што адбываецца».
Мастак заўжды звяртаў увагу пры стварэнні фотаздымкаў на кампазіцыйнае рашэнне, узаемадзеянне блізкага і дальняга планаў, натуральнае святло, інфармацыйную насычанасць, аднак што вызначае ўнутранае напаўненне яго работ — гэта эмацыйная далучанасць, смеласць сапраўднага мастака зрабіць той фотаздымак, які пераадкрывае свет.
На жаль, майстар, які з’яўляецца сябрам Беларускага грамадскага аб’ядання фатаграфаў, да гэтай пары не мае персанальных фотаальбомаў.
Фотавыстава Віктара Бутры будзе працаваць у галерэі «Лабірынт» да 15 студзеня 2025 года.