• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выстава беларускіх фотакніг і зінаў адкрылася на фотафестывалі ў Лодзі

    Сёлета беларускі ўдзел звузіўся да некалькіх невялікіх імпрэзаў, сярод якіх — сустрэча беларускіх фатографаў і выстава, прысвечаная беларускім фотакнігам і часопісам, выдадзеным за некалькі гадоў у розных краінах. Усіх аўтараў аб’ядноўвае цікавасць да калектыўнай і індывідуальнай памяці.

    Беларускія фатографы фотафестываль Лодзь

    Сустрэча па iнфраструктурных пытаннях для фатаграфічнай супольнасці за межамі Беларусі ў Лодзі. Фота: Слава Цой

    Фотафестываль у Лодзі – адна з галоўных фатаграфічных падзеяў Польшчы, тры папярэднія гады ў яго рамках праходзіў «Месяц фатаграфіі ў Мінску» — галоўная беларуская міжнародная фотападзея.

    Беларускія фотакнігі

    Выстава «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны». Фота: Слава Цой

    У «Адысеі Чаромушак» Андрэй Логінаў распавядае гісторыю пра выяўленне шкляных негатываў, на якой невядомы фатограф у сельскай мясцовасці Заходняй Беларусі захаваў людзей у няпростыя перыяды гісторыі. Логінаў працягнуў гэты праект, фатаграфуючы сучасных жыхароў вёскі.

    Зін Андрэя Анро «Таварыства шчаслівай смерці» — гэта гісторыя бабулі аўтара, Галены, якая далучылася да апостальства добрай смерці і вырашыла да канца жыцця заставацца ў ложку.

    Беларускія фатографы фотакнігі

    «Адысея Чаромушак». Андрэя Логінава. Фота: Слава Цой

    На выставе «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны» паказалі кнігу Veha «Людзі лесу, фотаальбом Аляксея Казанцава «Relax­ing Cham­ber», які даследуе архетыпічную сімволіку жывёл у калектыўнай несвядомай памяці чалавецтва.

    Беларускія фатографы фотаальбом Аляксея Казанцава

    Фотаальбом Аляксея Казанцава «Relax­ing Cham­ber». Фота: Слава Цой

    Яўген Атцецкі фіксаваў гісторыю «Плошчы Перамен» у Мінску.

    Яўген Атцецкі Плошча Перамен

    Яўген Атцецкі «Плошча Перамен». Фота: Слава Цой

    Фотаздымкі Сяргея Брушко з альбома «Zмена» сталі сімвалам эпохі пераменаў у Беларусі 1980–1990 гадоў.

    Кацярына Кузьмічава ў сваім Зіне «Beto­ni­um» даследуе сучасную ідэнтычнасць былых краін Усходняга блока і іх архітэктурную спадчыну – шматкватэрныя дамы з жалезабетонных панэляў. Куратарка праекта — Вольга Мжэльская.

    Зін Кацярыны Кузьмічавай

    Зін Кацярыны Кузьмічавай «Beto­ni­um». Фота: Слава Цой

    Reform.news пацікавіўся ва ўдзельніка сустрэчы беларускіх фатографаў, арганізатара і куратара фестывалю фатаграфіі Pho­toArt­Doc у Літве Сяргея Міхаленкі, ці не сведчыць адсутнасць вялікай штогадовай беларускай выставы пра пэўныя крызісныя з’явы ў беларускай фатаграфіі.

    — Мяркую, што не сведчыць, проста беларускія фатографы цяпер раскіданы па свеце, а тым, што засталіся ў краіне, складана паказваць свае працы. Я б сказаў, што мы хутчэй можам фіксаваць крызіс камунікацыі паміж фатографамі і куратарамі. Таму зараз трэба працаваць, ствараць інфраструктуру, выходзіць у публічнае поле за межы Беларусі, яднацца. Напрыклад, адна з задачаў нашага фестывалю Pho­toArt­Doc, які праходзіць у рамках стварэння Беларускай незалежнай фатаграфічнай асацыяцыі (BIPA), — з’яўленне новых сувязей паміж фатографамі і куратарамі праектаў, ­— распавёў Сяргей Міхаленка.

    Выстава «Пробліскі часу — беларускія фотакнігі і зіны» працуе па 23 чэрвеня, як і сам фотафестываль у Лодзі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці