«Вышыўка дапамагае дачакацца моманту, калі я вярнуся дадому». Былая дырэктарка Іўеўскага музея збегла з хіміі, а цяпер робіць вышыванкі ў Беластоку
54-гадовая культуролаг Рэгіна Лавор стварыла Музей нацыянальных культур і Цэнтр рамёстваў у Іўі. А ў 2021 годзе яе асудзілі на хатнюю хімію, некалькі разоў арыштоўвалі і выпісвалі вымовы — ад чаго яна з’ехала з краіны. Цяпер жанчына адраджае беларускую вышыўку ў Беластоку і кажа, што хоча адзець у свае кашулі ўсіх беларусаў, раскіданых па свеце. «Медыязона» распавядае гісторыю былой музейшчыцы.
Купляла прадметы для экспазіцыі за ўласныя грошы. Музей
Да 2013 года Рэгіна Лавор была дырэктаркай Музея нацыянальных культур у Іўі — жанчына апісвае гэты досвед як сваю самую вялікую працу. Цяпер гэта вядомае ў горадзе культурнае месца. У 2009 годзе экспазіцыю стваралі з нуля, пры гэтым часам ёй даводзілася самастойна шукаць прадметы для выстаў і набываць іх за свае грошы.
«Я сядзела на нейкіх аўкцыёнах, купляла іх [прадметы] за свае грошы як прыватная асоба і потым шукала кагосьці, хто мог гэты прадмет у музей аддаць», — успамінае яна.
Былі і іншыя цяжкасці: працу музея кантралявалі райвыканкам, Гродзенскае ўпраўленне культуры, гістарычны музей і Міністэрства культуры. «І ты павінен усім падпарадкоўвацца, пры гэтым твайго пункту гледжання развіцця музея ніхто не бачыць», кажа культуролаг.
Акрамя пошуку прадметаў для экспазіцый, яна як дырэктарка вырашала гаспадарчыя пытанні — як што парамантаваць, прыбіць, як знайсці машыну, каб нешта перавезці. Аднак установе ўдавалася рабіць і ноч музеяў, і сустрэчы з рознымі мастакамі, заўважае яна.
Былая дырэктарка ўспамінае гісторыю, як падчас экскурсіі, якую яна праводзіла ў музеі, у яе ў падлогу праваліўся абцас. Канструкцыя будынка была зроблена з парушэннем нормаў — балкі на другім паверсе пры рэстаўрацыі проста не змянілі, і яны пачалі гніць, тлумачыць яна. У райвыканкаме ей адказалі, што зрабілі так, каб зэканоміць грошы.
Пасля гэтага ўдалося «залапіць» падлогу на другім паверсе, але, кажа жанчына, яна не магла змірыцца з тым, як развіваўся музей, і сышла.
Пасля Лавор некалькі год працавала ў камунальнай сферы, а перад пачаткам пратэстаў зарэгістравала рамесніцкую дзейнасць, каб вышываць.
Назвала начальніка Іўеўскага РАУС «бандзітам у джынсах» і фашыстам. Хімія
У Іўі — невялікім амаль васьмітысячным горадзе Гродзенскага раёна — Лавор разам з паплечнікамі збіраліся, каб пратэставаць. У 2020 годзе актывістку судзілі па адміністрацыйных артыкулах тройчы, кожны раз яна атрымлівала штраф.
15 лістапада 2020 года, у памяць аб загінулым Раману Бандарэнку, жыхары Іўя зноў сабраліся — маліцца каля помніка Чатырох канфесій. Акцыю разагналі сілавікі, а загад на гэта даваў намеснік начальніка Іўеўскага РАУС Андрэй Ярохін, упэўненая культуролаг. Тады яна напісала ў адкрыты гарадскі чат «Ярохін — фашыст, бандыт у джынсах».
Следства не знайшло ў яе тэлефоне пацвярджэння, што паведамленне даслала менавіта Лавор, а ў пастанове суда напісалі, што надпіс зрабілі «з нявызначанага абсталявання і з нявызначанага месца», кажа яна.
16 верасня наступнага года яе прызналі вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады і асудзілі да 2 гадоў хатняй хіміі.
Пасля абвяшчэння прысуду Лавор трэба было ўладкавацца на працу, і яна «звярнулася ў сваю родную культуру». У цэнтры рамёстваў, дзе яна працавала да дырэктарства ў музеі, жанчыне спачатку сказалі, што вакансіі ёсць, але калі тая прынесла дакументы, адмовілі. «Потым мне далі адказ, што чалавек проста выйшаў з дэкрэтнага адпачынку», — кажа актывістка.
«Жанчына, з якой я раней працавала, сказала, што мне напісалі характарыстыку з апошняга месца працы. Мне паказалі гэту характарыстыку. Там было напісана, што я парушала працоўны рэжым, што ставілася нядобра да кліентаў, пры гэтым было пазначана, што прадставіць пісьмовыя пацвярджэнні яны не могуць», — успамінае культуролаг.
Тады Лавор вырашыла адчыніць наноў рэгістрацыю па рамесніцкай дзейнасці. І хаця паводле дакументаў гэта атрымлівалася, насамрэч працаваць было складана — праз хатнюю хімію жанчыне цяжка было набываць матэрыялы для творчасці і гандляваць тым, што яна рабіла.
Асуджаныя на хатнюю хімію падпісваюць дакумент, дзе апісана тое, што ім дазваляецца падчас адбывання пакарання. «Маеш права выхаду з дома на дзве гадзіны кожны дзень з панядзелка па пятніцу для вырашэння ўсіх сваіх пытанняў — банк, аптэка, крама, доктар, падатковая», — тлумачыць жанчына.
Працэс ускладняўся тым, што, як кажа актывіста, яна адзіная з Іўя была асуджаная да хатняй хіміі па палітычных матывах. Рамесніцкая дзейнасць пастановай не рэгламентавалася, таму на яе запыты інспектар адказаць не мог.
«Я звярталася неаднаразова з заявамі, дзе прасіла ўдакладніць графік працы рамесніка — мая праца ўвогуле не рэгламентаваная. І я такія адказы атрымлівала што «вам не забаронена, але пры гэтым забаронена». А калі мне патрэбныя ніткі, гузікі? Я проста не магу пайсці ў краму і купіць гэта, таму што ў мяне выхад з дому толькі з 10 да 12», — узгадвае Лавор.
Не паспела адчыніць дзверы міліцыянту. Арышты
Калі актывістка запісалася на прыём да старшыні райвыканкама, каб дазнацца пра свае правы і спытаць пра вакансіі, атрымаўшы на тое «вусны дазвол», ёй выпісалі вымову аб парушэнні адбыцця пакарання. Потым яна атрымала яшчэ некалькі такіх вымоваў, і яе арыштавалі агулам на 23 дні.
У студзені сілавікі пачалі прыходзіць да яе «амаль кожны дзень, 5–6 разоў за вечар», кажа культуролаг. Вымовы выпісвалі за тое, што яна «не магла забяспечыць уваход супрацоўніка ў дом», кажа актывістка.
«Супрацоўнік прыехаў, была навальніца, я яго дрэнна чула. Пачала адчыняць дзверы, а ён у гэты час развярнуўся і пайшоў, і яго відэарэгістратар адзначыў, што ён са мной размаўляў. Гэта быў вечар, таму я не магла пабегчы за ім і гукнула яго, але нічога. Потым спрабавала абскардзіць гэтае парушэнне праз суд», — расказвае жанчына.
Падчас першага і апошняга арышту Лавор трымала галадоўку супраць кепскіх умоваў утрымання ў 5–6 дзён. «Памятаю ляжала на гэтым унітазе, мяне ванітавала, я ўжо проста адключалася. Мне выклікалі хуткую дапамогу», — апісвае актывістка.
Падчас першай галадоўкі да жанчыны прыходзіў пракурор, які «выслухаў і сказаў, што дасць пісьмовы адказ».
Актывістка спрабавала абскарджваць вымовы і намагацца атрымліваць пісьмовыя адказы на свае запыты. Падчас аднаго з яе арыштаў начальнік ізалятара сказаў «не даваць ей паперы і асадкі», кажа жанчына.
«Я чытала заканадаўства, глядзела артыкулы, спрабавала разабрацца сама. Яшчэ ў мяне былі «віртуальныя сябры», якія дапамагалі з юрыдычнымі пытаннямі. З цягам часу я навучылася, каб у тэксце было менш эмоцыяў, больш пытанняў».
«Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі». Уцёкі і «іншы шлях» у Беластоку
У Іўеўскім ізалятары былі тры камеры — дзве з іх займалі мужчыны, а Лавор была адна на пакой з некалькімі нарамі, кажа яна. «Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі. У суботу выпусцілі, а ў панядзелак я ўжо з’ехала з краіны. Гэта не так проста, калі ты невыязны і ў цябе няма візы», — успамінае актывістка.
Зараз былая музейшчыца жыве ў Беластоку і стварае традыцыйную беларускую вышыўку — як асобныя кашулі, так і ўвесь строй.
Адну кашулю жанчына можа вышыць як за тры дні, так і за тыдзень, пры гэтым працуючы па 10–12 гадзін у дзень, кажа яна. Кошт такога вырабу будзе ад 150 даляраў, а з матэрыялу культуролаг выкарыстоўвае беларускі лён.
«Вышываць трэба калі ў цябе есць настрой, калі ты ведаеш, для якога чалавека вышываеш, трымаеш з ім нейкую такую віртуальную сувязь. Нават калі цябе просяць копію — яна ніколі не атрымаецца такой самай. Думкі твае павінны быць чыстымі, яны павінны быць добрыя, каб з такой энергетыкай яны перадаліся ў гэту кашулю», — распавядае яна.
У Беластоку жанчына жыве без сваей сям’і, і гэта для яе асноўная складанасць. Але ў Польшчы яна мае магчымасць займацца любімай справай, адзначае актывістка.
«Я разумею, што шляху дадому ў мяне няма. Але ў мяне ёсць іншы шлях — развіваць маю мову, маю культуру, падтрымліваць традыцыі, займацца адраджэннем беларусакай вышыўкі. Адзець у мае вышыванкі як мага больш беларусаў, якія сёння раскіданыя па ўсім свеце.
Калі я не выходжу з дома і проста займаюся вышыўкай, я забываюся на час. Мне здаецца, што я дома. Я для сябе стварыла нейкі свет, у якім я цяпер знаходжуся, дзе час ідзе хутчэй. Гэта не для грошай, я зараз проста хачу мець гэту справу, занятак, які мне дапамагае дачакацца моманту, калі я вярнуся дадому. Я ўпэўнена, што я вярнуся дадому, я гэтага чакаю», — кажа культуролаг.
Чытайце яшчэ:
Беларусы самі будуць шукаць Паўла Брэля. Журналіст знік без вестак у Рабцы-Здруі
На дачку журналіста Змітра Лупача заведзена крымінальная справа. Яна ў СІЗА пад вартай
Мининформ заблокировал сайт Plan B