• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вынікі года ад медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага: інтэрнэт робіцца галоўным

    2019 год для беларускага медыярынку можа стаць пераломным, бо ўпершыню інтэрнэт-рэклама мусіць пераўзысці тэлевізійную. У цэлым аб'ём рэкламы ў Беларусі расце, але выдаўцы традыцыйных медыя скардзяцца, а папяровыя выданні скарачаюць наклады або перыядычнасць выхаду.

    Паводле Dig­i­tal Adver­tis­ers Barom­e­ter, апытанне кампаній-рэкламадаўцаў, праведзенае Асацыяцыяй інтэрактыўнай рэкламы (IAB Belarus) па выніках першага паўгоддзя, паказала, што ў Беларусі назіраецца агульны рост бюджэтаў на інтэрнэт-рэкламу, таргетаваную рэкламу ў сацсетках, павелічэнне долі трафіка з мабільных версій сайтаў і адпаведнай рэкламы, рост e‑commerce і магчымасць пераводу пакупнікоў з афлайна ў анлайн-продажы.

    Прагнозны паказчык ёмістасці рынку рэкламы Беларусі, паводле дадзеных Von­del, мусіць дасягнуць 114,4 млн USD па выніках года.

     

    Выдаткі на рэкламу па асноўных тыпах медыя ў Беларусі, млн USD

     

    Усяго

    Прэса

    Тэлебачанне

    Радыё

    Вонкавая (Out­door)

    Інтэрнэт

    2018

    103,9

    2,3

    41

    11

    12,4

    37,2

    2019 *

    114,4

    2,1

    42,3

    11,5

    14

    44,6

    Крыніца: Von­del 2019

    * прагноз

     

    З аднаго боку гэта значыць, што прагназуецца рост больш чым на 10 працэнтных пунктаў. З другога — гэта вяртанне да паказчыка 2008 года (з іншым міжсектаральнага размеркаваннем). Эканамісты адзначаюць завяршэнне аднаўленчага росту беларускай эканомікі да дакрызісных паказнікаў і запаволенне эканомікі.

    Kas­tryčnic­ki Ekanamičny Forum (KEF) апублікаваў макраэканамічны прагноз для Беларусі, які дае падсілкаванне для песімістаў: «Доўгатэрміновы эфект [расійскага падатковага манёўру] будзе выяўляцца ў зніжэнні доўгатэрміновых тэмпаў росту ў Беларусі і патэнцыялу гандлёвага ўзаемадзеяння дзвюх краін».

    Цалкам верагодна, што інтэрнэт-рэклама па выніках 2019 года мусіць пераўзысці тэлевізійную (гэта яшчэ раней адбылося ў нашых суседзяў), а гэта сведчыць пра якасныя змены на медыярынку. Між іншым, паводле дадзеных «Рэальнае вымярэнне», у 41,24 % гарадскіх хатніх гаспадарак Беларусі ёсць хаця б адзін тэлевізар з магчымасцю выхаду ў інтэрнэт.

    Надвор’е на рынку сэйлз-хаўзаў

    Апошнім часам на беларускім рэкламным рынку адбываліся ўзбуйненні. У выніку чаго кантроль над асноўнымі фінансавымі плынямі перайшоў да некалькіх прыватных структур.

    31 студзеня 2019 года прэзідэнт Беларусі правёў нараду па інфармацыйнай бяспецы, падчас якой паставіў пытанне пра неабходнасць абараніць рэкламны рынак Беларусі («Трэба паглядзець, як яго можна абараніць, калі ў гэтым ёсць пэўная патрэба. Словам, у якім кірунку, у якім кантэксце мы будзем дзейнічаць у плане рэкламы ў СМІ, каб гэтыя грошы засталіся перш за ўсё ў нас у краіне, у вас — вядучых СМІ»), а таксама стварыць арганізацыю, якая будзе ацэньваць рэйтынгі СМІ.

    У верасні Белтэлерадыёкампанія (НДТРК), ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (ОНТ), ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (СТВ) і прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» на парытэтнай аснове стварылі дзяржаўны сэйлз-хаўз дзяржпрадпрыемства «Тэлевізійны рэкламны альянс» (ТРА). З 1 студзеня 2020 года ТРА зойме месца прыватных сэйлз-хаўзаў VIBel і «Алькасар Медыя Сервіс» і будзе прадаваць рэкламу на тэлеканалах: «Беларусь 1», «Беларусь 2» , «Беларусь 3», «Беларусь 5», «НТВ-Беларусь», ОНТ, СТВ, «Расія-Беларусь», «Мір».

    Ёсць розныя версіі, якія наступствы гэтага перадзелу рынку будуць у цэлым, і ў прыватнасці для даследаванняў тэлеаўдыторыі, бо сёння яго замаўляюць сэйлз-хаўзы (пакуль ТРА будзе прадаваць рэкламу паводле прагнознага рэйтынгу), і ці паўплывае на лідарства на рынку інтэрнэт-рэкламы кампаніі ENTER NET AV, звязанай з адстаўленымі прадаўцамі тэлерэкламы.

    Папяровыя выданні мінусуюць

    Працягваецца тэндэнцыя скарачэння долі рэкламнага пірага для папяровых медыя, але яны шукаюць паратунку на іншых платформах, некаторыя з іх ужо каля траціны даходу атрымліваюць ад дзейнасці ў інтэрнэце.

    У 2019 годзе некалькі выданняў заявілі пра спыненне выхаду сваіх папяровых версій, а вось выдаўцы «Нашай Нівы» наадварот распачалі выданне некалькіх дзіцячых папяровых часопісаў. Новапрызначаны галоўны рэдактар «Белорусы и рынок» Андрэй Александровіч абвясціў пра пераход газеты з штотыднёвага на штомесячны выхад. Выдаўцы традыцыйных медыя шукаюць новыя фарматы, вольныя нішы, ідуць на рызыкоўныя эксперыменты. Цэлы шэраг газет, у тым ліку «Беларусь сегодня» пайшлі на заўважнае скарачэнне накладаў сваіх папяровых версій.

    Прававое поле

    У 2019 годзе медыя жылі па абноўленым законе «Аб СМІ», які забараніў ананімныя каментары на сайтах (рэдакцыі мусілі ўводзіць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў або закрываць магчымасць каментавання), а таксама з’явілася магчымасць рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ ў якасці сеткавых выданняў (па дадзеных на 1 снежня 2019 года Мінінфарм зарэгістраваў у гэтай якасці 20 выданняў — 14 дзяржаўных і 6 недзяржаўных).

    Можна падсумаваць, што пакуль няма медыя, якіх бы прыцягнулі да адказнасці за парушэнне правіл ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і што асноўную статыстыку па рэгістрацыі ў якасці сеткавых выданняў робяць і без таго зарэгістраваныя дзяржСМІ. Верагодна, гэта азначае, што прыватныя медыя ад навацый збольшага не пацярпелі, зрэшты як і не знайшлі ў іх вялікай карысці для сябе. Пры гэтым на рынку ёсць тыя, хто ўклаўся ў стварэнне сістэм ідэнтыфікацыі, хто зарэгістраваўся ў якасці сеткавых выданняў.

    Рэпрэсіі

    4 сакавіка 2019 года афіцыйна завяршылася «справа БелТА» абвінаваўчым прысудам для галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай. З яе знялі абвінавачанне ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, але суд яе прызнаў вінаватай паводле арт. 425 Крымінальнага кодэкса «Бяздзейнасць службовай асобы». Золатаву абавязалі выплаціць штраф 7 650 BYN і кампенсацыю 6 000 BYN на карысць БелТА.

    У 2019 годзе працягваўся пераслед журналістаў-фрылансераў, якія без акрэдытацыі пры МЗС Беларусі супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Разам з тым, у параўнанні з 2018 годам, па дадзеных БАЖ, такіх інцыдэнтаў было ў 2,7 разоў менш (летась было 118, сёлета — 43). Збольшага пераслед спыніўся перад правядзеннем у Мінску Еўрапейскіх гульняў. Пасля іх завяршэння зафіксавана толькі 4 інцыдэнты. Амаль усе яны тычацца супрацоўнікаў тэлеканала «Белсат».

    Адзін з вынікаў года — сталы пераслед папулярных палітычных відэаблогераў пры адносным прыпыненні пераследу белсатаўцаў (ператрусы, затрыманні, штрафы). З парламенцкай кампаніі беларускія медыя вышлі без стратаў, як не дзіўна, DDoS-атакі і ўзломы акаўнтаў, на якія скардзіліся цягам года асобныя медыя, не супадалі з выбарамі. Праўда, «Белсат» паведаміў, што атакі на яго сайт ішлі цягам двух дзён пасля анонсу стрымаў са снежаньскіх акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі Расіяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці