• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшла на волю Дар’я Лосік, асуджаная за падтрымку мужа — блогера Ігара Лосіка

    Пра вызваленне Дар’і Лосік стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».  Тады быў анансаваны выхад на волю часткі палітычных вязняў.

    Дар'я Лосік жонка палітзняволенага Ігара Лосіка

    Дар’я Лосік. Фота: «Белсат»

    Дар’ю Лосік асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі 19 студзеня 2023 года. Праз некалькі месяцаў яна выйшла б на волю, цалкам адбыўшы прысуджаны тэрмін.

    Жанчыну затрымалі 18 кастрычніка 2022 года. У той жа дзень сілавікі зладзілі ператрус у кватэры, дзе яна жыла з дачкой Паўлінай — яе муж, блогер і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік, на той час ужо знаходзіўся ў зняволенні паводле рашэння суда.

    За гэты час журналіст на знак нязгоды з абвінавачаннем двойчы трымаў у СІЗА галадоўку. На знак салідарнасці з мужам да галадоўкі далучылася і Дар’я. Яна мусіла спыніцца пасля шматлікіх просьбаў ад сваякоў і грамадскасці.

    Пераслед

    Нагодай для пераследу Дар’і Лосік стаў каментар пра ўмовы ўтрымання мужа за кратамі, які яна дала незалежнаму тэлеканалу «Белсат». Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса). У лістападзе 2021 года беларускі рэжым абвесціў гэтае медыя «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Дар'я Лосік з дачкой

    Дар’я Лосік з дачкой да свайго затрымання. Фота: «Наша Ніва»

    Паводле боку абвінавачання, у сакавіку 2022 года  Дар’я дала інтэрв’ю «Белсату», дзе «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама давала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведамляла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».

    На пытанне падчас судовага працэсу, ці разумела яна, што дае інтэрв’ю экстрэмісцкаму фарміраванню і што яго могуць паглядзець вялікая колькасць людзей, абвінавачаная адказала: «Так, разумела. Але я пры гэтым нікога не абражала і не заклікала да здзяйснення якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў».

    На першым судовым пасяджэнні пракурор Кацярына Пакала запрасіла для Дар’і Лосік два гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі ж прызначыў у выніку суддзя Брэсцкага абласнога суда Мікалай Грыгаровіч. На судзе жанчына цалкам прызнала віну.

    Сёлета ў чэрвені па беларускім дзяржаўным тэлебачанні быў паказаны прапагандысцкі фільм «Сама сябе пасадзіла» з яе ўдзелам.

    У гэтым фільме Дар’я гаворыць, што пераасэнсавала жыццёвыя каштоўнасці і вырашыла, што самае галоўнае для яе — гэта дачка Паўліна, якой падчас зняволення апекаваліся ейныя бацькі і бацькі Ігара Лосіка. З прапагандысцкай стужкі стала вядома, што Дар’я развялася з мужам.

    Ігар Лосік: зняволены журналіст

    Адміністратар Telegram-канала «Беларусь головного мозга» і журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік у снежні 2021 года быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі па так званай «справе Ціханоўскага». Яго звінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці.

    Паводле звестак ад былых вязняў наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адбывае тэрмін зняволены Ігар Лосік, ён цяжка перанес паведамленне пра развод. Выказваліся меркаванні, што Дар’я зрабіла гэта пад ціскам, і галоўнай мэтай былі спробы дэмаралізаваць палітзняволенага блогера.

    Ігар Лосік палітзняволены журналіст

    Ігар Лосік. Фота: сацсеткі

    Былы вязень ПК № 1 таксама сведчыць, што ў калоніі на Ігара Лосіка пастаянна аказваюць маральны ціск: амаль увесь час трымаюць у адзіноце, змяшчаюць у памяшканне камернага тыпу, не заўсёды аддаюць карэспандэнцыю ад сваякоў, змушаюць падпісаць прызнанне.

    На маёмасць сям’і Лосікаў у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці