• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выява Анджэя Пачобута з’явіцца на мурале ў Варшаве

    Выявы двух палітзняволеных —  журналіста Анджэя Пачобута і праваабаронцы Марфы Рабковай— дапоўняць існы мурал у Варшаве, на якім адлюстраваны яшчэ адзін вязень — кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

    Анджэй Пачобут. Калаж: Радыё Свабода

    Пра планы абнавіць мурал, паводле інфармацыі прэс-службы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык паведаміла на сустрэчы з віцэ-дырэктарам польскага офіса міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty Inter­na­tion­al Ганнай Кулікоўскай.

    Перароблены мурал, мяркуе Коўшык, дапаможа свету “даведацца адразу пра трох беларусаў, якія і за кратамі даюць <…> прыклад мужнасці, моцнай грамадзянскай пазіцыі і адданасці дэмакратычным каштоўнасцям”.

    “Сёння як ніколі важна прыцягваць увагу да сітуацыі ў нашай краiне, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя сродкі”, — падкрэсліла яна.

    Мурал пачнуць абнаўляць “у найбліжэйшы час”, гэта зробяць “польскія творцы пры ўдзеле беларуска-польскай культурнай супольнасці”, гаворыцца ў паведамленні. Да абнаўлення насценнага роспісу будзе прымеркаваны “шэраг мерапрыемстваў з фокусам на сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

    Сярод іншага Коўшык і Кулікоўска абмеркавалі “каардынацыю сумесных намаганняў, накіраваных на прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да сітуацыі” у Беларусі.

    У каментарыі “Позірку” прадстаўніца АПК паведаміла, што першапачатковы мурал з выявай Бяляцкага быў створаны разам з Amnesty Inter­na­tion­al.

    “Зараз гэты мурал неактуальны, бо там напісана, што Алесь Бяляцкі на свабодзе, — звярнула ўвагу палітык. — Спачатку нашая ідэя была ў тым, каб гэты мурал актуалізаваць, напісаць, што Алесь зноў — ужо другі раз — стаў палітычным вязнем, і дадаць туды інфармацыю пра Нобелеўскую прэмію міра. Але ў Amnesty Inter­na­tion­al пайшлі насустрач, сказаўшы, што бачаць неабходнасць пашырыць гэты мурал, зрабіць яго з трох часткак”.

    Паводле слоў Коўшык, АПК спадзяецца, што мурал будзе гатовы сёлета ўлетку.

    У рамках кампаніі Amnesty Inter­na­tion­al па напісанні лістоў у абарону палітвязняў у 2012 годзе мурал з выявай Бяляцкага з’явіўся ў Гданьску. У 2021‑м яго адрамантавалі пасля таго, як нехта сапсаваў роспіс хуліганскімі надпісамі.

    Выявы беларускіх палітвязняў нанесеныя на сцяну “Беларускага Дома” ў Варшаве.

    У 2022 годзе мурал з Бяляцкім з’явіўся насупраць будынка беларускай амбасады ў Вільнюсе.

    3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы старшыня цэнтра “Вясна” Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч — да 9, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч — да 7. Праваабаронца Зміцер Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны на 8 гадоў зняволення.

    23 жніўня МУС прызнала “Вясну” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

    6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў дзесяцёх палітзняволеных, фігурантаў “справы анархістаў” да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. Праваабаронцу Марфу (Марыю) Рабкову ў рамках гэтай справы прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі.

    8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ), журналіста, палітвязня Анжэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) КК.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці