“Выбілі мабільны тэлефон і выдалілі відэа”. Журналістку вызвалілі пасля затрымання ў Курапатах
У Курапатах 16 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістку Вольгу Чайчыц, якая супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”.
— Падставай затрымання быў учорашні сюжэт пра падзеі ва ўрочышчы Курапаты. Сёння я прыехала ў Курапаты зноў, да мяне падышлі міліцыянты і затрымалі нібыта для складання пратакола, — распавяла Вольга Чайчыц прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Пасля гэтага журналістку завезлі ў аддзяленне міліцыі Мінскага раёна ў Бараўлянах, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў і склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта парушэнне заканадаўства аб СМІ.
— Я спрабавала здымаць на тэлефон, але супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Смык выбіў яго з маіх рук і забраў. З тэлефона выдалілі ўсё знятае відэа, а праз амаль тры гадзіны пасля затрымання іншы міліцыянт — Сяргей Кніга — склаў пратакол за тое, што я, нібыта, працую для “Белсата” без акрэдытацыі.
Цікава, міліцыянты чамусьці ведалі, што я сёння зноў прыеду ў Курапаты, і нават мелі на дыску сюжэт, які ўчора выйшаў у эфір на “Белсаце”, — расказала Вольга Чайчыц.
Гэта не першае затрыманне Вольгі Чайчыц у гэтым годзе — сёлета яе, як і многіх іншых журналістаў, пастаянна штрафуюць за супрацоўніцтва з неакрэдытаваным у Беларусі тэлеканалам “Белсат”.