Выбары блізка: рэдактара будуць судзіць за “замежную бязвыплатную дапамогу”
На рэдактара інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігара Барысава супрацоўнікі магілёўскай міліцыі завялі дзве справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яго будуць судзіць 15 ліпеня, у тым ліку за атрыманне замежнай бязвыплатнай дапамогі на выданне.
Журналіста вінавацяць у парушэнні Закона “Аб СМІ”, а таксама ў парушэннях пры атрыманні дапамогі з‑за мяжы на сваё выданне. Разгляд адміністрацыйных спраў адбудзецца 15 ліпеня а 9.30 у судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва.
Па словах журналіста, пра новыя справы ён даведаўся 13 ліпеня. Міліцыянты запрасілі яго забраць камп’ютары, канфіскаваныя падчас ператрусу 12 сакавіка 2015 г. У міліцыі Ігару Барысаву паведамілі, што праверка па факце паклёпу скончана, і справу супраць яго не распачыналі. Затое ў дачыненні да яго завялі адміністрацыйныя справы – за парушэнне Закона “Аб СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і за атрыманне грашовай дапамогі з‑за мяжы на працу выдання (ч. 2 арт. 23.24 КаАП).
Ігар Барысаў змог часткова азнаёміцца з матэрыяламі спраў і атрымаў позву ў суд Кастрычніцкага раёна на 15 ліпеня.
Нагадаем, што раніцай 12 сакавіка 2015 г. на кватэру Ігара Барысава завіталі супрацоўнікі міліцыі. Яны прад’явілі пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па факце паклёпу (арт. 188 ч. 2 КК РБ). Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што Ігар Барысаў падазраецца ў паклёпе на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”. Пасля сканчэння агляду міліцыянты забралі з кватэры для экспертызы тры камп’ютары, мадэм і нататнік. У той жа дзень “агляд” быў праведзены на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Там забралі тры камп’ютары і мадэм. “Агляд” праводзілі тыя ж самыя супрацоўнікі міліцыі, што і ў кватэры Ігара Барысава.
У судзе 15 ліпеня высветліцца, на чым грунтуюцца новыя абвінавачанні на адрас Ігара Барысава.
Нагадаем, што ў канцы 2011 года ў Беларусі ўвялі адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнні, звязаныя з замежнай бязвыплатнай дапамогай. У прыватнасці, ч. 2 арт. 23.24 забараняе «атрыманне, а таксама захоўванне, перамяшчэнне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці альбо іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, альбо фінансавання палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі альбо правядзення выбараў,… арганізацыі або правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання, забастовак, вырабу або распаўсюду агітацыйных матэрыялаў, правядзення семінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства».