• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нейкі чалавек просіць Дзярждуму зрабіць яго прэзыдэнтам Беларусі». Выбары-1994 на старонках газеты «Свабода»

    Першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 1994 годзе з арыгінальных ракурсаў асвятляла самая папулярная апазыцыйная газэта таго часу — «Свабода».

    Выбары-1994 у СМІ

    Аляксандар Лукашэнка. Калаж: Радыё Свабода

    Яе галоўны рэдактар Ігар Гермянчук быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і назіраў за кампаніяй літаральна знутры. Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады газэту «Свабода» забаранілі.

    «Лукашэнка: „Я — нішчый“»

    19 красавіка 1994 году «Свабода» паведаміла: «Прэзыдэнцкая гонка стартавала», то бок усе кандыдаты падалі ў выбаркам сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў. У тым жа нумары зьявілася нататка «Лукашэнка: „Я — нішчый“»

    Гаворка ішла пра выступ кандыдата 15 красавіка перад выбарнікамі ў Горадні, дзе Лукашэнка паабяцаў, што мафія ў Беларусі ня пройдзе і што «возле кормушки, имя которой власть, все хрюкают одинаково: и красные, и белые»… На словы «господин Лукашенко» сказаў: «Нікагда ім не был, я — нішчый!»… Ад дактароў ён даведаўся, што апэрацыю апэндыцыту цяпер робяць нібыта без наркозу, замест якога хвораму даюць бясплатна тры чаркі гарэлкі або нават сьпірытусу. Гэтая навіна вельмі моцна ўразіла прысутных мужчын, якіх на сустрэчы з Лукашэнкам было ня менш за палову».

    Эксцэнтрычныя заявы будуць суправаджаць палітыка на працягу ўсёй ягонай кар’еры, нязьменна пакідаючы пытаньне: ці гэта наўмысная тактыка папуліста, ці ён сапраўды так думае, а гэта значыць: не хітруе і ня хлусіць, «як усе іншыя», а шчыры, свой, наш, гаворыць тое, што думае, хай сабе і глупства. Такое ўспрыманьне Лукашэнкі будзе падкупляць «просты народ» з заніжанай самаацэнкай праз усе наступныя трыццаць гадоў. Праўда, падкупляла тады ня толькі «шчырасьць».

    «Пяць цэнтаў за падтрымку Лукашэнкі»

    У сярэдзіне траўня ў «Свабодзе» выйшла нататка: у Скарынаўскім унівэрсытэце ў Гомлі студэнтам паабяцалі па пяцьдзясят даляраў за тысячу подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі. Карэспандэнт выканаў нескладанае арытмэтычнае дзеяньне — атрымалася па пяць цэнтаў за подпіс.

    Але поўнага даверу да беларускіх выбарнікаў кандыдат ня мае. Галоўны ягоны разьлік не на беларусаў, а на Маскву, на тамтэйшае крамлёўскае начальства — яны павінны дапамагчы яму стаць прэзыдэнтам Беларусі, таму ён «гатовы паўзьці ў Маскву на каленях». Гэтае фізычнае «практыкаваньне» ён таксама будзе выконваць на працягу ўсёй сваёй кар’еры.

    20 траўня 1994 году «Свабода» перадрукоўвае нататку з «Московского комсомольца» пад назвай «„Какой-то человек“ на трыбуне Дзярждумы»: «У Дзяржаўнай думе, мяркуючы па ўсім, адкрыўся месячнік дыпляматычнай самадзейнасьці. Частку мінулага пленарнага паседжаньня камуна-аграрыі падарылі нейкаму чалавеку, які, узабраўшыся на трыбуну, практычна папрасіў Думу зрабіць яго прэзыдэнтам Беларусі, а ўжо ён за гэта пасадзіць 70 беларускіх дэмакратаў-рыначнікаў за краты».

    «Лукашэнка любіць ВЧК, КГБ і КПБ»

    Варта мець на ўвазе, што для большасьці народу Лукашэнка сапраўды быў кандыдатам-загадкай: зь ягоных прамоваў скласьці ўражаньне пра тое, якая ў яго праграма, якія арыенціры, якія ідэалы, было немагчыма. «Свабода» імкнулася літаральна па штрыху сабраць зьвесткі пра прэтэндэнта. 31 траўня 1994 году яна цытуе англамоўную «Min­sk Eco­nom­ic News», якой кандыдат заявіў: Ф. Дзяржынскі, Ю. Андропаў і П. Машэраў — найбольшыя для яго аўтарытэты. На першым месцы — Жалезны Фэлікс.

    То бок і тут, як са шчырасьцю, напавер застаецца мутнае ўяўленьне, бо хоць кампанія куміраў і з аднаго флякону, але па-чалавечы эклектычная. Галоўнае, што іх аб’ядноўвае, — адсутнасьць хоць нейкіх выбітных пазытыўных вынікаў дзейнасьці і добрай памяці, пакінутай пасьля сябе.

    Два пальцы Вячаслава Кебіча

    Збор подпісаў закончаны. Адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў, якія заявілі пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Нататка ў «Свабодзе» мае назву: «Пазьняк не падаў рукі Кебічу. А Лукашэнка задаволіўся двума пальцамі Вячаслава Францавіча». Усе трое — прэтэндэнты на пасаду кіраўніка краіны.

    «Свабода» славіцца сваімі «кусьлівымі» фота. На здымку: Лукашэнка зь лісьлівай усьмешкай нахіліўся да Кебіча, які сядзіць (побач зь ім Новікаў). Вячаслаў Францавіч як гаспадар сытуацыі адказвае па-панску — падае два пальцы.

    Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў, Вячаслаў Кебіч, 1994

    Кебіч пра Лукашэнку: «Гэты чалавек на апошнім зьдзьвігу»

    Кебіч і Лукашэнка — два галоўныя прэтэндэнты на падтрымку Крамля. Чарнамырдзін, старшыня расейскага ўраду, асабіста даў Вячаславу Кебічу «пад выбары» два мільёны тонаў нафты. Па 20 даляраў за тону. А цяпер яна купляецца па 85. Прычына такой ласкі на паверхні, цытуе «Свабода» Вячаслава Францавіча:

    «У Расеі вельмі вялікая трывога за цяперашнюю абстаноўку, настолькі вялікая трывога, і асабліва ў Расеі трывожацца за Лукашэнку. Я, можа быць, новага вам нічога не скажу, але я яшчэ раз вам хачу сказаць, што гэты чалавек на апошнім зьдзьвігу».

    Зьвяртае на сябе ўвагу зьмест гэтай барацьбы за ўладу. Аніякай крытыкі палітычнага характару (праграмы, заявы, фармулёўкі), адна псыхіятрыя ці, калі зусім па-простаму, спрачаюцца, хто зь іх «сам дурань».

    Пра «замах на Лукашэнку», калі ў ноч з 16 на 17 чэрвеня дзесьці пад Лёзнам хтосьці стрэліў у «Мэрсэдэс», у якім ехалі Лукашэнка, Ціцянкоў і Шэйман, «Свабода» не напісала ўвогуле. Пэўна, не хацела «рабіць рэйтынг» кандыдату. Усе разумелі, што «замах» быў зроблены, праўдападобна, самім кандыдатам, інакш справа мела б працяг. Але справу «замялі», а скандальная слава кандыдата, безумоўна, узрасла.

    «Ці даб’е сын бацьку?»

    28 чэрвеня «Свабода» падсумоўвае вынікі першага туру выбараў: у другі тур выйшлі два барацьбіты за маскоўскую ласку — Кебіч і Лукашэнка. Узростам сапраўды — бацька і сын:

    «Прагаласаваўшы за „беларускага Жырыноўскага“, Беларусь зьдзівіла ўвесь сьвет». «Безумоўна, трохі сорамна за сваю краіну, дзе амаль палова выбаршчыкаў „пры ўсім багацьці выбару“ галасуе менавіта за Лукашэнку. Але нічога кепскага пакуль ня здарылася. Для нас з вамі. Гэта няхай Вячаслаў Кебіч з кампаніяй кусаюць локці ды абдумваюць сваю змрочную пэрспэктыву».

    Вынікі першага туру яўна азадачылі беларусаў. Першы раз у гісторыі выбіралі прэзыдэнта, а выбралі дваіх… У сваю чаргу ўжо зь беларусаў зьдзівілася заходняя прэса:

    «Спакойныя беларусы далі маху і прагаласавалі за шарлатана».

    Тым часам: «Лукашэнка вырашыў, не чакаючы другога туру, „прыступіць да выкананьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў“. На прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што зьбіраецца выклікаць усіх міністраў да сябе ў штаб-кватэру ў інтэрнаце былой ВПШ і азадачыць наконт забесьпячэньня ўраджаю. На пытаньне, хто ўзначаліць урад, пераможца першага туру парыраваў: „Прэм’ер не праблема, гэта вам не даярку на фэрму знайсьці“».

    «Усе на абарону „народнага героя“»

    5 ліпеня «Свабода» заўважае, што ў Рыжкавічах, дзе жыве сям’я Лукашэнкі, цяпер дзяжураць узброеныя міліцыянты.

    «Іх выставілі на загад міністра ўнутраных справаў, якому Лукашэнка нібыта заявіў, што ягоных дзяцей нехта зьбіраецца выкрасьці». Можна ўявіць, што будзе, калі Лукашэнка стане прэзыдэнтам — на ягоную ахову можа не хапіць міліцыі і КДБэшнікаў, пацьвельваецца галоўны рэдактар газэты, дэпутат Вярхоўнага Савету Ігар Гермянчук.

    Натуральна, у той адносна дэмакратычнай Беларусі ён ня мог уявіць сабе, што праз 30 гадоў нязьменнаму прэзыдэнту не хапаць будзе лекараў і настаўнікаў, рабочых і сялян — каго заўгодна, але толькі не міліцыянтаў і кадэбістаў.

    «Першы прэзыдэнцкі мітынг»

    «Таварыш прэзыдэнт абяцае ўсіх накарміць: адных — каўбасою, другіх — баландою». З такім загалоўкам выйшаў нумар «Свабоды» ўжо ў прэзыдэнцкай Беларусі. Краіна выбрала Лукашэнку.

    Газэта расказвае: у дзень галасаваньня ў другім туры Лукашэнка быў на радзіме. «Нейкі дзядзька крыкнуў: „Рыгоравіч! Налівай!“ — „Дык нясі!“ — з энтузіязмам адгукнуўся Рыгоравіч. Аднак калі дзядзька прыбег з пляшкаю гарэлкі, падступіцца да Рыгоравіча яму ўжо не ўдалося».

    «Лукашэнка падруліў на чорным „членавозе“ маркі „ЗИЛ“ зь бел-чырвона-белым сьцяжком на капоце». Гэта было ў Шклове. Ён загадаў склікаць усіх старшыняў калгасаў раёну — «каб не дапусьціць спаду вытворчасьці малака і мяса». «Гаспадар!» — падсумоўвае «Свабода».

    «Прэзыдэнта фатаграфаваць забаронена!»

    «Свабода» яшчэ друкуе свае фірмовыя «кусьлівыя» здымкі, але неўзабаве гэтай справе пакладуць канец. Будзе забаронена здымаць, а пасьля і пісаць, і друкаваць, і чытаць. І ўвогуле, калі ты не ляяльны, — быць.

    «Свабода» лічыць патрэбным нагадаць чытачам інцыдэнт, які здарыўся падчас выбарчай кампаніі. Адбыўся ён з дэпутатам і кандыдатам Лукашэнкам. Сваім часам нават трапіў у эфір БТ.

    «Лукашэнка зачапіўся за цьвікі»

    Скандалы, якія ўчыняў кандыдат падчас прэзыдэнцкай гонкі, цяпер страчвалі актуальнасьць, іх трэба было «замяць». Бо новая сытуацыя патрабавала новых, прэзыдэнцкага маштабу скандалаў, а ня нейкага там парванага пінжака… «Свабода» пісала:

    «Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, крымінальная справа, узбуджаная пасьля інцыдэнту ў Доме ўраду, хутчэй за ўсё, будзе хутка спыненая. Як паведаміў адзін супрацоўнік пракуратуры рэспублікі, які не пажадаў назваць свайго імя, Аляксандар Лукашэнка наўрад ці зацікаўлены ў правядзеньні сьледзтва па гэтай справе, паколькі экспэртыза ўстанавіла, што знакаміты гарнітур Лукашэнкі сапсавалі зусім не супрацоўнікі міліцыі, як раней заявіў пацярпелы. Аказваецца, Аляксандар Рыгоравіч у мітусьні проста зачапіўся за цьвікі, якімі некалі была прымацаваная шыльдачка на дзьвярах ягонага кабінэту, і разарваў гарнітур. Цяпер тыя клятыя цьвікі з валокнамі прэзыдэнцкага гарнітуру знаходзяцца ў лябараторыі крымінальнай экспэртызы. Акрамя таго, экспэрты лічаць, што плямы, якія засталіся на некаторых пікантных месцах гарнітуру Лукашэнкі пасьля паядынку зь міліцыянтамі, гэта ўсяго толькі плястылін, якім былі апячатаныя дзьверы кабінэту, а не сьляды міліцэйскіх ботаў».

    У кнізе «Спадар Свабода» пра галоўнага рэдактара гэтай легендарнай газэты ёсьць эпізод зь першых дзён прэзыдэнцтва Лукашэнкі, пра які ўспамінаў сам Ігар. Лукашэнка яшчэ хадзіў па Доме ўраду, як раней дэпутатам. І зайшоў у сталоўку.

    Гермянчук абедаў і зь месца запытаўся:

    — Што, Саша, закрыеш газэту?

    — Плоха аба мне думаеш, — адказаў Лукашэнка.

    Так і атрымалася: Гермянчук меў рацыю, калі «плоха» думаў пра Лукашэнку. Праўда, забароняць «Свабоду» толькі пад канец 1997 году — так што газэта пасьпее адлюстраваць усе найважнейшыя інсайды станаўленьня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

    Мілку на мяса пакуль не здалі

    22 лістапада «Свабода» тэлефануе жонцы прэзыдэнта — зьявіліся чуткі, што карову Лукашэнкі здалі на мяса. Галіна Радзівонаўна чуткі зьняпраўдзіла, а на пытаньне карэспандэнта, ці не зьбіраецца яна пераехаць да мужа ў Менск, цьвёрда адказала: «Не!».

    6 сьнежня абураны чытач «Свабоды» паведаміў, што на ўласныя вушы чуў, як Лукашэнка абразьліва выказаўся пра беларускую мову. Здарылася гэта ў Гомлі.

    «Свабода» нямала пакутавала з цытатамі Лукашэнкі: то перакладала іх на беларускую мову, то выпраўляла па-расейску, то махала рукой і давала ў арыгінале, на трасянцы.

    «1 сьнежня прэзыдэнт Лукашэнка, выступаючы на сэсіі Гомельскага гарсавету, патлумачыў дэпутатам, чаму ён не гаворыць па-беларуску
    „Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, ня могуць рабіць нічога, як толькі размаўляць на беларускай мове. Таму што па-беларуску нельга выказаць нешта вялікае.

    Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — гэта расейская і ангельская“, — кампэтэнтна адзначыў Аляксандар Рыгоравіч.

    Пасьля гэтых словаў, якія гучалі з вуснаў прэзыдэнта, мне стала няёмка і крыўдна за нашу Бацькаўшчыну. Не разумею, як можна так зьневажаць мову сваёй дзяржавы, тым больш, калі ты зьяўляесься ейным вышэйшым кіраўніком. Можна ўявіць, колькі б пратрымаліся на пасадах прэзыдэнты Францыі ці Фінляндыі, калі б хто-небудзь зь іх так абразьліва выказаўся пра мову сваёй краіны.

    Леанід Епішаў, дэпутат Гомельскага гарсавету».

    13 сьнежня «Свабода» згадвае пра скандальны перадвыбарны стрэл пад Лёзнам і пра скандальны перадвыбарны парваны пінжак Лукашэнкі — «Лукашэнка не атрымае кампэнсацыю».

    20 сьнежня ў Вярхоўным Савеце прагучаў даклад дэпутата Антончыка пра карупцыю ў атачэньні прэзыдэнта. Працоўная група Антончыка складалася з 231 чалавека: сьледчыя, апэратыўныя работнікі, пракуроры, экспэрты, аналітыкі, падатковыя інспэктары, супрацоўнікі міністэрстваў, пяць палкоўнікаў контравыведкі. Выснова: Беларусьсю сёньня кіруюць некалькі мафіёзных кланаў: аграрны, прамысловы, чарнобыльскі і гандлёва-зьнешнеэканамічны…

    Назаўтра газэты выйдуць зь белымі плямамі замест дакладу Антончыка. Надрукуе вынікі расьсьледаваньня «Свабода».

    У нумары за 27 сьнежня зьявіцца і кусьлівае фота галоўнага фігуранта дакладу, падпісанае: «Сьлёзы прэзыдэнта».

    «Я сёньня мыўся ў душы»

    Пра дзіўны візыт Лукашэнкі ў радзільню (куды яшчэ можна пайсьці ў пераднавагодні вечар?) «Свабода» паведаміць ужо ў новым, 1995‑м годзе:

    «Дзяжурны доктар спрабаваў быў патлумачыць, што гэта вельмі спэцыфічнае аддзяленьне з асаблівым санітарным рэжымам і што прэзыдэнт і ягоная сьвіта не адпавядаюць правілам асэптыкі, на што Лукашэнка ўпэўнена і з годнасьцю адказаў: „Ну почему же? Я сегодня мылся в душе!“».

    Наступны свой візыт Лукашэнка зрабіў у царкву — у менскі катэдральны Сьвята-Духаў сабор на сьвяточнае набажэнства Раства Хрыстовага, якое адпраўляў мітрапаліт Філарэт.

    «Свабода» піша:

    «Вернікаў вельмі зьдзівіла, што прэзыдэнт ня хрысьціцца, як усе. Але затое ўразіла, калі Лукашэнка выйшаў на амбон (!) і пачаў адтуль прамаўляць. Выдаў, напрыклад, такія пэрлы: „Символично, что наша страна отмечает этот праздник в начале года…“, „Мы, президент и его правительство…“, „Ваше Высокопреосвященство! Дайте общественности духовность. Остальное мы дадим сами“».

    А ўвечары за сьвяточным сталом у эпархіяльнай управе Лукашэнка зноў узяў слова: «Я скажу тост, который говорю уже третий раз в этом году. Я предлагаю выпить за женщин!» — заявіў прэзыдэнт на сьвята Божага Нараджэньня.

    * * *

    Так завяршыліся першыя быццам бы дэмакратычныя выбары ў гісторыі Беларусі. Мала хто верыў, што пераможца дасядзіць да канца першага тэрміну. Яшчэ меней дапускалі, што гэтыя выбары — першыя і апошнія, калі народу дазвалялі выбіраць.

    Ня верыў і не дапускаў гэтага і рэдактар «Свабоды» дэпутат Ігар Гермянчук. Тым ня менш ён яшчэ два гады будзе адчайна змагацца з абсурдам і спаўзаньнем краіны ў таталітарную мінуўшчыну, за што прэзыдэнт будзе ўсімі спосабамі імкнуцца зьнішчыць газэту і яго самога, публіка ўдзячна падыме наклад «Свабоды» да 100 тысяч асобнікаў, а Васіль Быкаў назаве Ігара самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты.

    Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці