• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Вясна хутка, і мы сустрэнем яе разам». Як справы ў затрыманых супрацоўнікаў Тут.бай

    Пад вартай у СІЗА застаецца 11 чалавек. Двое супрацоўнікаў пад хатнім арыштам, яшчэ двое на свабодзе, але застаюцца абвінавачанымі.

    15 затрыманых у траўні 2021 году па «справе Тут.бай». Цяпер зь іх пад вартай у СІЗА застаецца 11 чалавек.

    Сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю партала Тут.бай 18 траўня 2021 году. У той жа дзень былі затрыманыя 15 супрацоўнікаў Tut.by, сярод іх галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава, дырэктарка Людміла Чэкіна, журналістка Алена Талкачова і іншыя.

    Пасьля арыштаў Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што службовыя асобы ТАА «Тут бай медыа» атрымлівалі прыбыткі, якія не былі вынікам дзейнасьці, дазволенай удзельніку Парку высокіх тэхналёгій. У канцы траўня праваабаронцы прызналі ўсіх арыштаваных супрацоўнікаў партала палітвязьнямі, яшчэ празь месяц улады абвясьцілі інфармацыйную прадукцыю партала экстрэмісцкай.

    13 студзеня 2021 году стала вядома, што сьледзтва вызваліла ўдаву заснавальніка Тут.бай Юрыя Зісера Юлію Чарняўскую з‑пад хатняга арышту. Аднак яна застаецца падазраванай. Расказваем, як справы ў іншых арыштаваных супрацоўнікаў партала.

    «Працэсуальных дзеяньняў няма»

    «У нас было затрымана 15 чалавек, — расказалі Свабодзе ў рэдакцыі «Зеркало.іо. — Трое зь іх знаходзіліся пад хатнім арыштам. Гэта юрыстка Кацярына Ткачэнка, былая юрыстка Ірына Касьцючэнка і Юлія Чарняўская. Рэшта спачатку трапіла ў ІЧУ, затым у СІЗА. Нехта быў у СІЗА КДБ, але цяпер ужо ўсе ў СІЗА‑1 на Валадарскага. Павалішава (Сяргей Павалішаў, дырэктар hoster.by. — РС) некалькі месяцаў таму выпусьцілі, але ён па-ранейшаму абвінавачаны. Юлія Чарняўская таксама. Ёй зьмянілі меру стрыманьня, яна выйшла з‑пад хатняга арышту. Але па-ранейшаму абвінавачаная. У выніку ў нас 11 чалавек у СІЗА, двое пад хатнім арыштам, яшчэ двое на ўмоўнай свабодзе».

    Сувязь з арыштаванымі калегамі падтрымліваецца празь лісты. Яны больш-менш добра даходзяць ад усіх. Адвакаты супрацоўнікаў Тут.бай пад падпіскай аб неразгалошваньні, таму ад іх інфармацыі няма.

    «У дачыненьні да Тут.бай у цэлым узбуджаная справа па 130‑м артыкуле КК, гэта распальваньне варожасьці і ўсё такое іншае, — кажуць калегі затрыманых. — Але нікому з нашых, наколькі нам вядома, абвінавачаньняў па 130‑м артыкуле не прад’яўлялі. Усіх па-ранейшаму абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. У лістах усе пішуць, што ніякіх працэсуальных дзеяньняў няма, на допыты іх не выклікаюць. Людзі проста сядзяць, і ўсё».

    Сядзяць усе ў розных камэрах. Паводле заканадаўства фігурантам адной справы нельга знаходзіцца ў СІЗА ў адной камэры.

    «Навінаў агулам ніякіх няма ад іх, — кажуць супрацоўнікі «Зеркала». — Расказваюць, як праходзяць дні. Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Лена Талкачова трымаюцца з аптымізмам. Спадзяюцца на лепшае і вераць у будучыню. Марына шмат займаецца спортам, усю камэру падсадзіла на ЗЛЖ. Прабежкі нават на прагулках ладзіць для ўсіх. Стаяць у планцы, прэс качаюць. Такія вось навіны».

    Паводле заканадаўства, трымаць пад вартай у СІЗА абвінавачаных у эканамічных злачынствах можна нават паўтара года. Гэты тэрмін у фігурантаў «справы Tut.by» скончыцца толькі зімой 2023 году. 

    «Лена павіншавала нас са сьвятамі нават з‑за кратаў»

    Сяброўка Алены Талкачовай, журналістка Аляксандра Багуслаўская рэгулярна лістуецца зь ёю. А нядаўна Алена нават змагла перадаць Аляксандры нечаканы падарунак.

    «У мяне няма праблем зь перапіскай зь Ленай, нядаўна атрымала ліст ад яе, датаваны 1 студзеня, — кажа Аляксандра. — Лена ў ім расказвае, як сустрэла Новы год. Кажа, што быў звычайны дзень. Але гэта, канечне, трэба яшчэ Лену ведаць. Суседкі яе рыхтавалі салодкі стол, але Лена сочыць за фігурай, таму ела толькі мандарынкі. Бліжэй да поўначы суседкі па камэры заводзілі будзільнік, каб жаданьне загадаць. Але ў цэлым напісала, што быў добры дзень, яна добра выспалася. А 1 студзеня па тэлевізары паказвалі „Адзін дома“, і яна яго глядзела».

    Аляксандра расказвае, што сёлета ўсе блізкія Алены Талкачовай вырашылі загадаць разам адно жаданьне на ўсіх на Новы год, каб яна хутчэй выйшла на волю.

    «Больш нічога асаблівага ў Лены, — працягвае яе сяброўка. — Пасьля Новага году ўсе ў камэры ўжо чакалі панядзелка, у гэты дзень іх водзяць у душ звычайна. Пачалося звычайнае жыцьцё ў СІЗА».

    Празь некалькі дзён пасьля Новага году Алена Талкачова арганізавала для бліжэйшых сяброў сюрпрыз. Падарункі ад палітзьняволенай журналісткі атрымалі нават тыя зь іх, хто цяпер за мяжой.

    «Вельмі нечакана ўсё атрымалася, — прызнаецца Аляксандра. — Калегі мне напісалі і сказалі, што трэба сустрэцца. Што мне хочуць нешта перадаць ад важнага чалавека. Я кажу — вядома, так. І мне прынесьлі букет з касачоў. І паштоўку, на якой было віншаваньне ад Лены. Пра тое, што вясна хутка і мы абавязкова сустрэнем яе разам. Падпісала літарай „Л“. Яна заўсёды так падпісвае свае лісты. Вельмі прыемна было атрымаць ад яе такое прывітаньне. Прыемна ведаць, што яна там памятае пра нас і што ў яе ёсьць надзея. У такія моманты разумееш, што калі Лена там у турме пасьля паўгода зьняволеньня верыць, што ўсё будзе добра, то мы тут таксама ня маем права губляць надзею».

    Віншаваньні са сьвятамі ад Алены Талкачовай атрымалі і іншыя яе сяброўкі. Аляксандра Багуслаўская прызнаецца, што нават ведаць ня хоча, як Алене ўдалося арганізаваць віншаваньне з‑за кратаў — усё было проста вельмі прыемна і нечакана.

     

    «Марына кажа, што яна самы шчасьлівы чалавек на сьвеце»

    Муж Марыны Золатавай Васіль Кішкурна кажа, што родныя падтрымліваюць кантакт зь ёю праз адвакатку і ліставаньне.

    «Сувязь з Марынай ёсьць, — кажа Васіль. — Адвакатка бывае ў яе кожны тыдзень, лісты таксама даходзяць ад Марыны. І я атрымліваю, і дзеці. Паштоўкі атрымалі ад яе са сьвяточнымі віншаваньнямі. Расказвала нам, як яны сьвяткавалі за кратамі. Дзяўчаты, яны асобы творчыя. Зладзілі нават нейкую ялінку, з антыгрыпіну зрабілі шампанскае, шыпучку такую. Марына не губляе веры і надзеі. Яна ня раз у лістах пісала, што адчувае сябе самым шчасьлівым чалавекам на сьвеце».

    Васіль дадае, што Марыну моцна падтрымлівае ўся сям’я. Двойчы на тыдзень для яе робяць перадачы зь ежай і ўсім, што трэба.

    «Марына знаходзіць сілы займацца спортам, фізкультурай там, — дадае Васіль. — Але гэта таксама і дае сілы. Калі ты робіш зарадку, прабежку, гімнастыку — гэта таксама зараджае цябе. Сілаў становіцца толькі больш. Марына займаецца там рэгулярна. Гэта дае ёй сілы. У іх там такія правілы, што калі нехта не ідзе з камэры, то ніхто ня пойдзе. Але ў іх такога не здараецца».

    Зьвестак пра магчымае завяршэньне сьледзтва па справе Марыны Золатавай у Васіля няма. Адвакаты абвінавачаных праз падпіску аб неразгалошваньні не раскрываюць падрабязнасьцяў пра сьледчыя дзеяньні. За кратамі Марына Золатава ўжо восем месяцаў.

    «Марына вельмі добра трымаецца, яна добра выглядае, мае добры настрой, — кажа Васіль. — Зразумела, здараюцца моманты, калі яна можа быць расчуленая. Альбо нейкія навіны сумныя на яе ўзьдзейнічаюць. Але гэта звычайна для чалавека. Марына ўсё блізка да сэрца прымае, што тычыцца родных, блізкіх. Могуць быць моманты, калі яна можа і нэгатыўныя эмоцыі праявіць. Але ў цэлым Марына трымаецца добра, піша шмат сьветлых, бадзёрых лістоў. А мы як можам падтрымліваем яе. Калегі таксама. У іх там збольшага дзявочы калектыў. Кажуць, што сяброўства паміж жанчынамі не існуе. Гэта ўсё няпраўда. Я зараз бачу, што гэта дакладна ня так».

    Пра перасьлед Тут.бай

    • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

    • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар’я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

    • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.

    • Сам сайт Тут.бай заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.

    • У сьнежні 2020 году Тут.бай на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.

    • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.

    • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Тут.бай і новага праекту тутбаеўцаў Зеркало.іо экстрэмісцкімі.

    • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці