Вяртанне з Лацінскай Амерыкі. Думкі
Так яшчэ нядаўна я любаваўся бурштынавым лацінаамерыканскім сонцам, якое хавалася за горы кантона Сан-Рамон. А цяпер плыву па родных раўнінах аўтобусам Коўня-Мінск. Так скончылася мая лацінаамерыканская вандроўка.
З непрывычкі адчуваю сябе дома дзіўна. Людзі мала ўсміхаюцца і не выглядаюць шчаслівымі. Маральная несвабода нібы раніць стрыманых у эмоцыях беларусаў нажніцамі хірурга, на якія забыліся пасля аперацыі. Такое склалася ўражанне.
Пры гэтым шмат шчырых людзей. Прадавачкі ў крамах не ўсміхаюцца, але і не хлусяць, адпускаючы свае тавары. Праўда, кідаюцца ў вочы алкаголікі, якіх непрапарцыйна шмат. А на будаўнічым рынку вугалкі для шафы мне прадае ветлівы бубачны наркаспажывец.
Мінск (Менск) выглядае развітым горадам. Усяго толькі за чытыры месяцы тут многае змянілася.
***
Я дома. Тут, канешне, ва ўсім бачны падзел на ідэалагічна-маральныя касты, ад чаго я адвык.
Сотні мільёнаў лацінаамерыканцаў маюць маналітнае мысленне. На “Саміце Амерык” лідары гішпанамоўных краін, розных па палітычнай скіраванасці, бароняць аўтарытарную Кубу перад ЗША і Канадай. Беларусы, якіх не набярэцца 9,5 мільёнаў, расколатыя. Гэта паслабляе нашу краіну.
Хвароба тычыцца і беларускай незалежнай журналістыкі. Праблему відаць голым вокам.
Некаторыя калегі спісваюць сваё нежаданне развівацца на “дыктатуру”. Маўляў, прыціснулі паліцэйскім ботам, няма як прадыхнуць, будзем кляпаць навіны, будзем прадукаваць фаст-фуд… Некаторыя калегі любяць бесперапынна перадрукоўваць чужую працу.
У прынцыпе, падобныя праблемы – нармальныя для не самых топавых краін. Параўнаем, напрыклад, з Коста-Рыкай. У прэсе квітнеюць лёгкія жанры ў стылі цяп-ляп. Праўда, жыць на перадрукоўках матэрыялаў – забаронена.
У кастарыканскіх калег таксама ёсць праблемы, падобныя да нашых
***
Гэтыя праблемы можна спісаць на “фактар другога эшалону”. Аднак Беларусь мне бачыцца краінай з прэтэнзіямі. Некалі мы былі адным з геапалітычных цэнтраў планеты (я пра часы ВКЛ). І пры гэтым цяжка выставіць нашым продкам папрокі ў імперыялістычнасці, агрэсіі. Асэнсаванне значнасці – гэта тое, што вынішчалі з нас стагоддзямі і з усіх франтоў.
Але нават на энергетычным узроўні беларусы маюць шанцы стаць краінай першага эшалону.
Я ведаю, што журналістыка з’яўляецца ці не найважнейшым фактарам, ад якога залежыць наша будучыня. Няпраўда, што ў сённяшніх умовах слова не мае вагі. Я сам праверыў, што грунтоўны, сумленны матэрыял дае вынік у любых умовах. Ёсць прыклады калег, чые моцныя работы нарабілі шоргату.
Я ведаю, што побач са мной працуе нямала прафесійных журналістаў, здольных дапамагчы краіне і вылекаваць яе ад “хваробы расколу”.
***
Дык як трымацца праўды ў Беларусі, як развівацца журналісту? Для сябе я вызначыў такія прынцыпы:
- Усведамляць значнасць Беларусі ў геапалітычных працэсах. Верыць у будучыню.
- Цвёрда прытрымлівацца журналісцкай этыкі і стандартаў. Пазнаёміцца нарэшце з гэтымі галоўнымі пастулатамі і не адхіляцца ад іх. Выпраўляць памылкі, калі такія ёсць, умець прыносіць прабачэнні.
- Адмовіцца ад пошукаў ворагаў, інтэгравацца ў грамадства і аб’ядноўваць яго вакол агульных праблемаў.
- Паваліўшыся, умець падымацца і ісці далей.
З такімі вось не самымі песімістычнымі прыцэлам я вярнуўся. І распавяду вам пасля, ці атрымаецца зноўку знайсці месца ў беларускай журналістыцы…