• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд запланаваў разгляд апеляцыі журналіста Генадзя Мажэйкі

    Апеляцыйная скарга ад імя экс-карэспандэнта беларускай рэдакцыі «Комсомольской правды» в Беларуси» Генадзя Мажэйкі будзе разглядацца 16 чэрвеня. Раней Мінскі гарадскі суд пакараў яго трыма гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.  

    Інфармацыя пра запланаваны працэс з’явілася на сайце Вярхоўнага суда. Удакладняецца, што будуць аспрэчвацца два крымінальныя артыкулы, на падставе якіх абвінавачаны журналіст. Гэта «распальванне варожасці» (арт. 130 КК) і «абраза прэзідэнта Беларусі» (арт. 368 КК).

    Згодна з анонсам, апеляцыю будзе разглядаць суддзя Уладзімір Чаравач, які ў папярэдніх «палітычных» справах яшчэ ніводнага разу не знайшоў прычын, каб засумнявацца ў кампетэнцыі сваіх калег з гарадскіх ці раённых устаноў.

    Сам вязень будзе чакаць канчатковага вердыкту ў СІЗА № 1 Мінска. У выпадку незадавальнення скаргі яго мусяць этапаваць у папраўчую калонію.

    Нагадаем, Генадзя Мажэйку затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. Прычынай паслужыў артыкул на сайце газеты «Комсомольская правда» в Беларусі», у якім знаёмая загінулага ад рук байцоў спецпадраздзялення КДБ праграміста Андрэя Зельцэра дала яму станоўчую характарыстыку. Пад тэкстам было пазначана аўтарства Генадзя Мажэйкі. 

    Згодна з тэкстам абвінавачвання, «праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці і з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га грамадзянін здзейсніў шэраг злачынстваў».

    Сярод іншага Мажэйку паставілі ў віну, што падчас сустрэчы з выбарцамі, якую неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў ініцыяваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі, журналіст, «падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль».

    Пры гэтым вялікая колькасць сведкаў сцвярджала, што Генадзь Мажэйка не выкрыкваў ніякіх лозунгаў, а моўчкі канспектаваў цытаты дэпутата і прысутных.

    Справу карэспандэнта «Камсамолкі» пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе 1 снежня 2022 года, працэс вяла Таццяна Фалькоўская. Ужо падчас першых пасяджэнняў журналіст заявіў, што ўсе абвінавачанні абсурдныя, адпаведна, сваёй віны ён не прызнае.

    У ходзе працэсу абаронцам удалося здабыць і прыкласці да справы відэазапіс, з якога вынікае: журналіст сапраўды не бярэ ўдзелу ў дыскусіі, а фразу «Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта звар’яцелы вырадак!», якую эксперты Следчага камітэта прыпісалі Генадзю Мажэйку і палічылі «абразай прэзідэнта», прамаўляе іншы мужчына.

    Нягледзячы на тое, што ў выніку справу супраць Генадзя Мажэйкі аб абразе Лукашэнкі нібыта вылучылі ў асобную вытворчасць, дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для журналіста 3 гады зняволення «сукупна» паводле двух першапачаткова інкрымінаваных артыкулаў. Сёлета 23 сакавіка суддзя Таццяна Фалькоўская прапанаваны тэрмін ухваліла ў поўным аб’ёме.     

    Паколькі з анонса на сайце Вярхоўнага суду вынікае, што 16 чэрвеня будуць разглядацца апеляцыйныя скаргі як на вынесенае пакаранне за «распальванне варожасці», так і за «абразу прэзідэнта», можна зрабіць выснову, што па факту яго асудзілі без аніякага пачатку «асобнай вытворчасці». 

    Чытайце яшчэ:

    Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник

    «Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

    У Светлагорску затрыманыя 8 супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці