• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд запланаваў апеляцыі белапанаўцаў на 6 студзеня наступнага года

    Разгляд апеляцыйных скаргаў асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення фігурантаў справы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН папярэдне прызначаны ў Вярхоўным судзе на 6 студзеня 2023 года. Пра гэта Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі калегі і сваякі палітвязняў. 

    У парушэнне існуючых юрыдычных працэдур чатырох удзельнікаў  «справы БелаПАН» яшчэ ў канцы кастрычніка перавялі для пачатку адбыцця прызначаных тэрмінаў пакарання з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя месцы краіны. Нават не дачакаўшыся разгляду Вярхоўным судом касацыйных заяў на “несправядлівыя прысуды”.  

    Так, Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер знаходзяцца ў СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у аналагічнай установе Гомеля, СІЗА №3. Існуе вялікая верагоднасць, што пасля этапавання абвінавачаных з Мінску іх скаргі ў лепшым выпадку будуць агучаныя праз відэасувязь, або суддзі проста абмяжуюцца прысутнасцю абаронцаў зняволеных. Зрэшты, як сведчыць практыка палітычных працэсаў, абскарджанне ў вышэйшых інстанцыях не мае асабліва плёну: амаль стопрацэнтна першапачатковыя выракі застаюцца без зменаў. 

    Нагадаем, 6 кастрычніка Мінскі абласны суд агучыў у закрытым фармаце вердыкт у дачыненні фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Праз “сакрэтны” фармат пасяджэнняў і падпіску адвакатаў пра “неразгалошванне працэсуальнай таямніцы” не было нават вядома, якія тэрміны папярэдне запатрабаваў пракурор. Таму суддзя Вячаслаў Тулейка, на сумленні якога нямала суровых вердыктаў у палітычных справах, проста канстатаваў персанальнае рашэнне. 

    Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына — 4 гады калоніі.

    Экс-генеральны дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі.

    Колішні намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў — 14 гадоў калоніі.

    Сацыёлаг, грамадская актывістка Ірына Злобіна — 9 гадоў калоніі.  

    Акрамя таго, бальшыні прызначылі буйныя штрафы: з Андрэя Аляксандрава — 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), з Ірыны Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), з Дзмітрыя Наважылава — 700 базавых (22 400 рублёў).

    Суд над белапанаўцамі цягнуўся роўна чатыры месяцы: пачаўся 6 чэрвеня, затым быў аб’яўлены перапынак на засакрэчаную “экспертызу”, а ў канцы верасня зноў аднавіўся. 6 кастрычніка адбылося фінальнае пасяджэнне.

    Сілавікі прыйшлі з ператрусамі да Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і яшчэ некалькіх дзейных і былых супрацоўнікаў БелаПАН 18 жніўня 2021 года. Брутальны вобшук у той дзень адбыўся і ў офісе агенцтва на вуліцы Акадэмічнай у Мінску. Згодна з ордэрам Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, адпаведная пастанова была выпісаная яшчэ 10 жніўня. У выніку было канфіскавана амаль паўсотні адзінак абсталявання: серверы, ноўтбукі, жорсткія дыскі, бухгалтарская дакументацыя і інш.

    Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак абвінавачанне абодвум высунулі іншае — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Па ходу з’явіўся яшчэ адзін пункт — ч. 1 арт. 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Аказалася, што КДБ цішком прызнаў такім «групу грамадзян з ліку супрацоўнікаў ЗАТ БелаПАН». Агенцтва спыніла працу.

    Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ад 12 студзеня 2021 года. Фармальна іх затрымалі за “падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках”. Падставай стала аплата штрафаў рэпрэсаваным ад гвалту сілавікоў ды пацярпелым у выніку зняволення за пратэстную актыўнасць. Але неўзабаве справы фігурантаў перапляліся ў самых розных варыяцыях.

    Так, Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі яшчэ да таго, як Камітэта дзяржбяспекі прызнаў інфармацыйнае агенцтва “экстрэмісцкім фармаваннем”.  

    Чытайце яшчэ:

    «На вайне цяжка адпавядаць прафесійным стандартам». Размова з чарнігаўскім журналістам пра працу ва ўмовах вайны

    Прысуд журналістцы Ксеніі Луцкіной пакінулі без зменаў

    Нестандартны гардэроб, бан на танную гарэлку, Акрэсціна. Гісторыя журналіста і рэстаратара Івана Мураўёва

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці