Вярхоўны суд: выклікаць праз SMS – толькі ў выпадку своечасовага паведамлення пра дату
Прэс-служба ГА “БАЖ” працягвае разбірацца ў тым, ці могуць суды выклікаць удзельнікаў працэсаў праз SMS і ці трэба на такія паведамленні адгукацца.
Нагадаем, што толькі сёлета з такімі выклікамі сутыкнуліся Тамара Шчапёткіна і Аліна Літвінчук у Брэсце, Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч у Гродне, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй на Гомельшчыне.
Месяц таму прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскова патлумачыла нам, што такі від выкліку прадугледжаны арт.105 Інструкцыі па справаводстве ў судах агульнай юрысдыкцыі.
У інструкцыі гаворыцца, што “Асобы могуць быць выкліканы ў судовае паседжанне тэлефанаграмай, тэлеграмай, праз электронныя і смс-паведамленні пры фіксацыі факту адпраўлення і дастаўкі такога паведамлення адрасату. Для фіксацыі дадзенага факту сакратаром суддзі складаецца адпаведная даведка”.
Але які нумар лічыць нумарам тэлефона абвінавачанага і што рабіць, калі гэты тэлефон адключаны? Каб праясніць справу, мы накіравалі пісьмовы запыт у Вярхоўны суд.
У сваім адказе першы намеснік Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч амаль цалкам цытуе арт. 105 згаданай інструкцыі, а таксама дадае вельмі важную рэч.
– Пытанне аб спосабе паведамлення ўдзельнікам працэсу вырашаецца судом пры наяўнасці адпаведных звестак адносна адраса і нумара тэлефона асобы, у тым ліку прадастаўленых самімі ўдзельнікамі працэсу, а таксама ў выпадку, калі выбраны спосаб дазваляе забяспечыць своечасовае паведамленне аб даце судовага разбіральніцтва ці правядзенні працэсуальных дзеянняў, – гаворыцца ў адказе.
Іншымі словамі, калі суд не мае такіх звестак, альбо калі няма магчымасці своечасова паведаміць пра дату судовага разбіральніцтва, такі спосаб не павінен выкарыстоўвацца.
З другога боку, з адказу Вярхоўнага суда вынікае, што, калі на Вас усё ж склалі адміністрацыйны пратакол, кантактам будзе лічыцца менавіта той нумар, які Вы самі паведамілі міліцыянтам пры яго складанні.
Адсюль, па словах юрыстаў, і выснова для ўсіх: альбо называйце свой актуальны мабільны нумар; альбо ўласнаручна зрабіце запіс ў адміністрацыйным пратаколе аб тым, што просіце выклікаць сябе ў суд менавіта позвай.
Калі Вам усё ж своечасова не паведамілі пра судовыя слуханні – адразу пішыце касацыйную скаргу на рашэнне, вынесенае ў Вашую адсутнасць, бо Вас фактычна пазбавілі права на ўласную абарону.