Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Валерыі Касцюговай
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу журналісткі Валерыі Касцюговай і пакінуў у сіле вырак — 10 гадоў зняволення, вынесены ў сакавіку Мінгарсудом. Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе прайшло 25 ліпеня. Пасля разгляду апеляцыі спадарыня Валерыя мела кароткае спатканне з мужам. Цяпер на пачатку жніўня яе павінны этапаваць у Гомель, дзе яна будзе адбываць прысуджанае пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле родных і сяброў, Валерыя Касцюгова не спадзявалася, што Вярхоўны суд задаволіць яе апеляцыйную скаргу. Але вырашыла аспрэчваць рашэнне суда першай інстанцыі, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з вынесеным прысудам.
17 сакавіка 2023 года суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук прызнала Валерыю Касцюгову вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 357 (дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт.130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
У апеляцыйнай скарзе Валерыя Касцюгова прасіла адмяніць пастанову Мінгарсуда і прызнаць яе не вінаватай. Суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Чаравач пакінуў скаргу без задавальнення.
Валерыя Касцюгова — паліталагіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтар «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» — была затрыманая 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікамі КДБ пасля вобшуку ў яе жыллі.
Жанчыну змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, адтуль перавялі ў СІЗА № 1. Амаль два гады яна правяла на «Валадарцы» ў чаканні суду і яшчэ некалькі месяцаў — пакуль прысуд уступіў у законную сілу. За кратамі сустрэла свой 55-гадовы юбілей.
Валерыю Касцюгову судзілі разам з Таццянай Кузінай — адной з заснавальніц праекта SYMPA, даследчыцы ў сферы дзяржаўнага кіравання. Кузіну затрымалі на дзень раней за Касцюгову ў мінскім аэрапорце на пашпартным кантролі перад рэйсам на Тбілісі.
У чым канкрэтна звінавацілі жанчын-экспертак, застаецца не вядомым: з адвакатаў узялі падпіскі пра неразгалошванне, а суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Чытайце яшчэ:
Беларускія медыйшчыкі Батумі выйшлі на цэнтральную плошчу з партрэтамі палітзняволеных калег
«Зняволеныя журналісты церпяць за прафесію». Пра што гаварылі прадстаўнікі БАЖ падчас анлайн-марафона салідарнасці
Заяўкі па радыё, малюнкі ў камерах, лісты падтрымкі. Пра тое, што дапамагала ў няволі, распавядаюць блогеры і журналісты