Вярхоўны суд даслаў пісьмовае рашэнне па іску супраць “Белсата” (+ копія дакумента)
Вярхоўны суд Беларусі накіраваў пісьмовае рашэнне па іску Андрэя Белякова супраць “Польскага тэлебачання” адносна гандлёвага знаку “Белсат”.
4 верасня бягучага года Судовая калегія па інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Беларусі пад старшынствам Галіны Глухоўскай прыняла рашэнне задаволіць іск Андрэя Белякова і прызнала незаконным выкарыстанне “Польскім тэлебачаннем” назвы “Белсат” (БЕЛСАТtv BELSAT) на тэрыторыі Беларусі.
Вярхоўны суд абавязаў акцыянернае таварыства “Telewizja Polska S.A” спыніць выкарыстанне дадзенага гандлёвага знаку пры трансляцыі перадач на тэрыторыю Беларусі і на сайце тэлеканалу www.belsat.eu.
Самі ж прадстаўнікі канала неаднаразова заяўлялі ў судзе, што “Telewizja Polska S.A” не вядзе ніякай гаспадарчай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і такім чынам не можа парушаць аўтарскія правы Андрэя Белякова. Да таго ж гандлёвы знак “Белсат” быў яшчэ раней зарэгістраваны ў Польшчы з выкананнем усіх еўрапейскіх юрыдычных норм.
Першапачаткова зыск супраць “Telewizja Polska S.A” быў пададзены Беляковым яшчэ ў маі 2013 года. У студзені 2014-га Вярхоўны суд адхіліў іск прадпрымальніка ў сувязі з тым, што заяўнік не прадставіў доказаў парушэння яго выключных правоў. Аднак праз пяць месяцаў справа раптоўна была накіраваная на новы разгляд, які і скончыўся чаканай перамогай заяўніка. Кіраўніцтва тэлеканала назвала рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі палітычна матываваным.