• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў апеляцыю журналіста Сяргея Сацука

    Сяргея Сацука адправяць на 8 гадоў у калонію: Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак першай інстанцыі. Гэта азначае, што найбліжэйшым часам яго перавядуць на ўзмоцнены рэжым адбыцця пакарання, як раней і пастанавіў Мінскі гарадскі суд. 

    Пасяджэнне па справе Сяргея Сацука адбылося 10 лютага ў закрытым рэжыме. З прычыны фармату “сакрэтнасці” невядомыя акалічнасці дыскусій з бакоў нагляднага органа і юрыдычнай абароны, аднак па выніку суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч не знайшла прычын да рэвізіі вынесенага абвінавачання ці прынамсі змякчэння тэрміну зняволення. 

    Гэта пры тым, што Сяргей Сацук, які доўгі час сам спецыялізаваўся на прававой тэматыцы спачатку ў “Белорусской деловой газете”, а пасля на інтэрнэт-партале “Ежедневник”, да складання скаргі падыйшоў надзвычай адказна. Вядома, што пісьмовы пратэст заняў ажно 85 старонак з пацвярджэннямі доказаў уласнай невінаватасці. Аднак выглядае, што тыя аргументы суддзю з 20-гадовым досведам вяршэнства закона не ўразілі.

    Такім чынам, Вярхоўны суд пацвердзіў “апраўданасць” трох крымінальных артыкулаў, на падставе якіх журналіста асудзілі :

    • ч. 2 арт. 426 — “перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў”;

    • ч. 2 арт. 130 — “распальванне расавай, нацыянальнай, релігійнай або іншай сацыяльнай варожасці”;

    • ч.2 арт. 430 — “атрыманне хабару”.

    Нават не чакаючы фінальнага судовага пасяджэння па апеляцыйнай скарзе, у канцы мінулага года журналіста перавялі з СІЗА №1 Мінска ў СІЗА турмы №4 Магілёва. Там ён і чакаў каначатковага рашэння адносна свайго лёсу. 

    Цяпер ужо ў агляднай перспектыве вязня этапуюць у адну з калоній узмоцненага рэжыму для адбыцця прысуджанага 8‑гадовага тэрміну.

    Сяргея Сацука сілавікі затрымалі 8 снежня 2021 года, у той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by (“Ежедневник”). Спачатку абвінавацілі ў эканамічных “злачынствах” — “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК) і  “атрыманне хабару” (арт. 430 КК), а ўжо за кратамі справу разбавілі палітыкай — “распальванне варажнечы” (арт. 130 КК).

    Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем, паколькі відавочны элемент помсты: гэта адзін з самых вядомых у Беларусі расследавальнікаў, а яго матэрыялы прымушалі праваахоўнікаў ужо постфактум рэагаваць на факты карупцыі пад патранажам дзяржавы. Асаблівую ўвагу Сяргей надаў расследаванню хабарніцтва са шматмільённымі “адкатамі” ў медыцынскай сферы, якую ў тым ліку дзякуючы актыўнасці “Ежедневника” скалынула чарада гучных адставак і судовых працэсаў.

    Аднак замест гэтага ўлады распачалі арганізаваную кампанію дыскрэдытацыі і пераследу аўтара ў прапагандысцкіх СМІ і з дэлегаваннем высокіх чыноўнікаў, якія ўгаворвалі ўпартага журналіста суцішыць свой імпэт “пінкертона”. Калі той адмовіўся, яго проста нейтралізавалі.   

    Журналист Сергей Сацук попросил опубликовать этот текст, если его задержат

    Летась 26 кастрычніка суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка на падставе згаданых крымінальных артыкулаў прысудзіла Сяргею Сацуку 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў.

    Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы суму ў памеры 12 тысяч 384 рублёў. Дзеля забеспячэння выканання прысуду арыштавана маёмасць журналіста: аўтамабіль, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя электронныя прылады. Акрамя таго, на 5 гадоў пасля адбыцця пакарання ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

    Пры гэтым правы самога палітвязня ігнаруюцца. У лістах на волю Сяргей Сацук неаднаразова наракаў, што адміністрацыя магілёўскага ізалятара наўмысна не выдае яму лекі, атрыманыя ад сваякоў — хоць там цудоўна абазнаныя наконт медычных прадпісанняў.  

    У журналіста сур’ёзныя праблемы з сэрцам, яму прапісаны пажыццёвы прыём адмысловых прэпаратаў, інакш могуць быць непажаданыя наступствы — за кратамі ўжо здарыўся прыступ мярцальнай арытміі. 

    З улікам гэтага Сяргей Сацук вымушаны самастойна зніжаць дозы, каб расцягнуць таблеткі ў часе. Але ў перспектыве гэта пагражае істотным ускладненнем яго фізічнага стану.

    Чытайце яшчэ: 

    Сяргей Сацук: абяцалі забіць ці пасадзіць

    «Ежедневник» адказаў на абвінавачаньні БТ у замоўных матэрыялах пра карупцыю ў мэдыцыне

    Пра крыніцы ў КДБ і Юрыя Зісера, фантастычныя раманы і слёзы жонкі: шчырая гутарка з Сяргеем Сацуком

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці