Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю відэаператара Івана Мураўёва. Яго этапуюць у калонію
10 сакавіка Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу прадпрымальніка і журналіста Івана Мураўёва на прысуд першай інстанцыі і не знайшоў важкіх падстаў, каб яе задаволіць. Гэта азначае, што найбліжэйшым часам палітвязень пачне адбываць прызначаны тэрмін у папраўчай установе.
Відэааператар Іван Мураўёў, які ў якасці фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыя, чакаў дыстанцыйнага вердыкту Вярхоўнага суда ў следчым ізалятары пры турме № 4 Магілёва, куды яго перавялі з СІЗА № 1 Мінска яшчэ за месяц да агалошвання вынікаў разгляду апеляцыі.
Адвакаты намагаліся абскардзіць прысуд Мінскага гарадскога суда паводле крымінальнага артыкула 361. прым. 1 ч.3 — “стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім”. На гэтай падставе гаспадара папулярнай сталічнай “Кальяннай №1” і відэааператара па сумяшчальніцтву асудзілі да 2,5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Аднак прызначаны на працэс суддзя Вярхоўнага суда Сяргей Гураў не знайшоў магчымасці адправіць на перагляд ці прынамсі змякчыць абвешчаны вырак. Ягоныя аргументы з гэтай нагоды невядомыя — пасяджэнне адбывалася ў закрытым рэжыме без прысутнасці назіральнікаў.
Зрэшты, у фармаце поўнай сакрэтнасці праходзіў і ўласна суд, які пачаўся 22 снежня 2022 года. Тады прадстаўніца абвінавачання спаслалася на тое, што будуць разглядацца “экстрэмісцкія матэрыялы”, распаўсюд якіх супярэчыць абноўленаму заканадаўству.
Як стала вядома БАЖ, з досведу папярэднікаў Іван Мураўёў не надта спадзяваўся на ўдалы для сябе разгляд пададзенай скаргі, а таму адпачатку маральна быў падрыхтаваны да этапавання ў месца зняволення. Пры гэтым захоўвае пазітыўны настрой, перадае на волю, што “назапашвае ўражанні для творчай рэалізацыі пасля вызвалення”.
“Справа Мураўёва” заняла ўсяго два тамы з адным “злачынным” эпізодам — факт відэаздымкаў для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт пад назвай “Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў” з’явіўся ў ліпені 2022-га, а праз месяц у “Кальянную №1” па аператара прыйшлі сілавікі з ордэрам на ператрус.
Першапачаткова інкрымінаваны артыкул застаўся да канчатковага прысуду — ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (“уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці”).
Праваабарончая супольнасць Беларусі неадкладна прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем.
А ўжо 26 снежня суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько прыгаварыла фігуранта да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі перад тым запатрабавала прадстаўніца пракуратуры.
Праз два тыдні, не чакаючы пратэсту з боку абароны, асуджанага даставілі ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме № 4. Гэта азначае, што пасля сённяшняга незадавальнення апеляцыйнай скаргі ён неўзабаве пачне адбываць пакаранне альбо ў папраўчай калоніі № 15 у тым жа Магілёве, альбо ў аналагічнай установе № 2 у Бабруйску.
Справа фрылансера і прадпрымальніка ідэнтычная той, якую перад тым разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара Алеся Любенчука. На момант затрымання ён ужо не займаўся журналістыкай, але да таго таксама супрацоўнічаў з “Белсатам”. Паколькі ў яго фігуравалі два эпізоды, то і атрымаў пакаранне на паўгода большае — 3 гады зняволення.
Цяпер у СІЗА №1 Мінска чакае свайго лёсу яшчэ адзін прафесійны відэааператар Павел Падабед, але сутнасць учыненага ім “злачынства” пакуль не агучваецца. За кратамі ён ужо звыш паўтара месяца.
Чытайце яшчэ:
Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»
Сяргею Сацуку ў калоніі нарэшце пачалі даваць лекі
Зампредседателя БАЖ: «Решение властей признать БАЖ «экстремистским формированием» является политически мотивированным преследованием»