• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вядоўца ютуб-канала «Жизнь-малина» за два тыдні свабодна загаварыў па-беларуску. Расказваем, як яму гэта ўдалося

    Месяц таму вядоўца папулярнага youtube-праекту «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў паабяцаў зрабіць выпуск па-беларуску. Але пры ўмове, што на ягоным Instagram зьбярэцца 30 тысяч падпісантаў.

    Мікіту раскрытыкавалі ў камэнтарах за маніпуляцыю мовай, 30 тысяч падпісантаў ён так і не сабраў. Але беларускамоўны выпуск зьявіўся.

    Госьцем стаў кіраўнік НАК Павал Латушка, а сам Мікіта ўразіў нязмушанай беларускай мовай. Відэа ўжо мае больш за 200 тысяч праглядаў.

    Мы паўгадзіны гутарылі зь Мікітам і пераканаліся, што відэа з Паўлам Латушкам не deep fake і не мантаж.

    — Многія ўразіліся, як выдатна вы гаворыце па-беларуску. Можа, вы проста хацелі такім чэленджам прыцягнуць увагу да свайго інстаграму? Ці такая вольная гаворка каштавала вам намаганьняў?

    — Мне прыемна пачуць такое ад беларускамоўных калег. Але я цудоўна разумею, што спадар Латушка размаўляў больш за мяне. Я разумею, што рэдактар дапамагаў мне і рабіў маю мову прыгажэйшай на мантажы. І я разумею, што ўжываць мову штодня і зараз размаўляць з вамі мне даволі складана. Гэта як з ангельскай мовай, калі ты ведаеш 60 словаў і проста іх міксуеш. Пакуль гэта прыблізна такі ўзровень.

    Але мне заўжды падабаліся мовы. Я вучыўся ў ангельскамоўнай клясе ў вельмі добрай школе, 51‑й (цяпер гэта 29‑я гімназія Менску). Дзякуючы намаганьнямі сваіх настаўнікаў я карыстаюся ангельскай мовай дагэтуль без дадатковага курсу.

    Беларускую мову трэба было будзіць, і мы працавалі зь дзяўчатамі з «Мова нанова» (Варшава). Гэта была складаная, шчыльная і жорсткая праца.

    Натальля і Адэля працавалі паводле мной вызначанага рэглямэнту. Гадзіна на занятак, бо я даволі хутка стамляюся. Было 14–15 навучальных гадзін цягам 13 дзён.

    Я паслухаў два выпускі праекту «Гоман», які «Арт Сядзіба» запусьціла. Там Аляксей Шэін і Андрэй Такінданг расказваюць пра мову. Гэта вельмі файна, мне вельмі падабаецца, як яны гэта робяць. Гэта прыгожа і вабіць.

    Таксама ў Eco­l­ines Вільня — Варшава я глядзеў кіно па-беларуску: дзьве часткі «Таксі» і «Вікі, Крысьціна, Барсэлёна». Да апошняга фільма беларускі пераклад вельмі прыгожы. Я рабіў шмат нататак зь літаратурнымі словамі.

    Так што была падрыхтоўка, шмат хто дапамагаў, таму што ўсе былі зацікаўленыя ў тым, каб гэта зрабіць. Я лічу, што ў нас атрымалася. Гэта даволі няблага для нэафіта, навічкам і дурням шанцуе, як той казаў. Трэба паглядзець на дыстанцыі, што будзе атрымлівацца.

    — А што ў вас у школе было па беларускай мове?

    — Я ня памятаю.

    — А любілі ў школе беларускую мову?

    — Я лічу, што школа дагэтуль — дрэнная прамоцыя для беларускай мовы. Асабліва курс беларускай літаратуры. У мяне першая асацыяцыя зь ім, што гэта журботы-сумоты. Увесь час мы пакутавалі нібыта. Мне насамрэч вельмі падабалася «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча. Мама мяне вадзіла ў тэатар, і гэта было цікава, сьмешна.

    Агулам мне было цікава, у мяне было моўнае асяродзьдзе. Мы вучылі ангельскую мову, настаўніца па беларускай мове была досыць жорсткая, і па расёйскай таксама. Узровень быў добры. Ці мне гэта падабалася? Я памятаю, што мне папраўдзе падабалася геаграфія. Я ў той час яшчэ гуляў у футбол, і мне футбол падабаўся. У мяне не было нейкай любові да моў, я разумеў, што гэта інструмэнт. Але цяпер я вельмі ўдзячны сваім настаўніцам за тую базу, якая была закладзеная.

    А яшчэ сёлета я тыдзень правёў у шпіталі і прачытаў «Радзіва Прудок» Горвата. І гэта вельмі добра для рэклямы беларускай мовы, бо гэта зручна, каб закахацца ў яе. Горват — гэта one love.

    — Наша школа назаўжды адбівае жаданьне гаварыць па-беларуску ці гэта можна неяк выправіць?

    Школа — гэта дзяржаўная ідэалёгія. І трэба паправіць дзяржаўную ідэалёгію. Я цяпер, на жаль, вымушаны шмат вандраваць. Ніколі ў сваім жыцьці ня думаў, што буду ўжываць побач словы «на жаль» і «вандрую». Дык вось, я даволі шмат вандрую па «залатым коле» вакол Беларусі — Украіна, Польшча, Літва. І я гляджу на тых жа ўкраінцаў. Даволі шмат інфлюенсэраў зрабілі ўкраінскую мову сваёй фішкай, і гэта крута насамрэч.

    Мне адзін з гасьцей праекту сказаў, што ён вельмі натхнёны тым, як атрымалася з Паўлам Латушкам, і прапанаваў, ці не зрабіць нам зь ім на беларускай мове. Гэты чалавек, безумоўна, не non­ame, але пэрсанаж, якога трэба будзе прасоўваць, і я задумваюся, ці паглядзяць яго па-беларуску?

    А пасьля гэтага я гляджу на ўкраінскіх хлопцаў, на якіх я падпісаны ў Insta­gram. Ёсьць кухар з Кіева, які прыехаў у Нью-Ёрк, робіць свае рэцэпты на ўкраінскай мове і ня мае такіх сумневаў, як я: ці паглядзяць, ці не.

    Таму трэба рабіць праект па-беларуску. Я гляджу, пасьля інтэрвію з Латушкам даволі шмат хто мне пісаў «дзякуй». Адна дзяўчына мне напісала, што размаўляе па-беларуску, але пакуль што «толькі з мужам і катом». Мне здаецца, што калі людзі пачнуць стасавацца па-беларуску ў кампаніях, у кавярнях, гэта будзе вельмі файна, вельмі карысна.

    Таму што ў мяне заўсёды была такая ж праблема, што я неяк абражаю беларускую мову, калі размаўляю на ёй з памылкамі. У мяне няма стоадсоткавых стасункаў па-беларуску, але гадзіну ці пэўную колькасьць хвілін у дзень я размаўляю на беларускай мове. І я разумею, што даволі шмат людзей ведаюць яе горш за мяне, у іх вельмі шмат русізмаў — і нічога, і цудоўна, і яны размаўляюць.

    Мікіта Мелказёраў

    Мы гутарылі з Пашам Гарадніцкім з гурту «РСП», дзе культавыя хлопцы што да трасянкі, дык ён мне сказаў, што нейкі хіба мовазнаўца сказаў, што трасянка — гэта шлях да мовы. І што сарамаціць, прымушаць кагосьці саромецца мовы — гэта вельмі дрэнная гісторыя.

    Улічваючы палітычнае становішча ў краіне, той крызіс, страх, помсту, якую чыніць дзяржава, чакаць ад школы, што яна будзе неяк правакаваць любоў да мовы, ня трэба. Трэба рабіць самім. І прасоўваць беларушчыну зь нізоў, з нашага ўзроўню, наверх. Бо мне здаецца, што патрыятызм, воля, якая абудзілася ў 2020 годзе, гэта ўсё пасунулася зь нізоў, не ад дзяржавы. І з мовай трэба рабіць нешта такое.

    — Колькі цяпер будзе на «Маліне» беларускай мовы?

    — Калі мы разважаем пра звычайны месяц, то гэта будзе 1 тыдзень з чатырох — 25% (выпускі выходзяць раз на тыдзень. — РС). Я лічу, што ўсё павінна быць натуральна, гарманічна. Калі чалавек не размаўляе па-беларуску ў жыцьці, то я яго ня буду прымушаць да мовы.

    І, на жаль, існуе шмат перабольшаньняў. На выходных я зрабіў пост на расейскай мове. Мне пасьля напісаў нейкі хлапец: «Даруй, гэта гамон. Адпісваемся, беларусы». Я лічу, што гэта «беларушчына галаўнога мозгу» і гэта занадта. Навошта нам прымушаць да беларускай мовы? Трэба дэманстраваць, якая яна файная, мілагучная, як лёгка на ёй размаўляць і як гэта карысна для нас як для нацыі.

    Неўзабаве выйдзе выпуск, дзе мы зрабілі беларускамоўную рубрыку. Мы размаўлялі з чалавекам па-расейску, і было фінальнае пытаньне: «Ці сорамна беларусу размаўляць па-беларуску з памылкамі?». У яго было вельмі шмат русізмаў, але гэта было гарманічна, і я ўдзячны чалавеку, што ён пагутарыў са мной. То бок мы будзем рабіць часткі беларускамоўныя і адзін беларускамоўны выпуск на месяц. Пакуль што так.

    Што гавораць пра Мелказёрава-вучня выкладчыцы Адэля і Натальля, зь якімі ён ніколі ня бачыўся офлайн:

    «Знаёмства зь Мікітам адбылося так. Мы напісалі яму ў сацыяльныя сеткі словы падтрымкі ў момант сумна вядомага хейту. Падчас перапіскі дамовіліся, што цягам двух тыдняў будзем дапамагаць рыхтавацца да інтэрвію.

    Гэта былі ня лекцыі, а звычайныя цікавыя размовы на самыя розныя тэмы. Адначасова абмяркоўвалі лексыку, граматыку, дыскутавалі. Мікіта паставіўся да беларускамоўнага выкліку самому сабе вельмі адказна. У выніку абодва суразмоўцы ў інтэрвію гучаць натуральна і шчыра. Нас гэта вельмі цешыць!

    Няма беларуса, які не разумее беларускай мовы. Кожны беларус можа размаўляць па-беларуску. Галоўнае — пачаць, не саромеючыся рабіць памылкі. Таксама важна знайсьці таго, хто падтрымае, асабліва напачатку.

    Курсы „Мова нанова з Варшавы“ распачынаюцца ўжо 26 верасьня. Мы вывучаем беларускую мову проста і нязмушана, так, каб умець ёю карыстацца. Запрашаем!».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці