«Вы лічыце сябе вышэй за Канстытуцыю?” — віцебская блогерка Янушкоўская зрабіла відэазапісы з паседжанняў суда
Віцебская блогерка праігнаравала забарону на відэаздымкі ў зале суда, і гэта не мела ніякіх наступстваў. Алена Янушкоўская зрабіла відэазапісы шасці судовых разбіральніцтваў у Віцебскім абласным судзе па скаргах удзельнікаў акцый у падтрымку суверынітэту Беларусі. У тым ліку і двух працэсаў па ўласных касацыйных скаргах.
Блогерка, стваральніца відэаканала “Сапраўдная Беларусь” Алена Янушкоўская пачала рабіць відэаздымкі яшчэ ў фае будынка суда. А потым усталявала тэлефон на штатыве ў судовай зале — каля трыбуны для выступаў.
Суддзя Святлана Іванова спрабавала зрабіць ёй заўвагу, сказаўшы: “Я забараняю вам здымаць”. “Вы лічыце сябе вышэй за Канстытуцыю?”, — парыравала блогерка. Пытанне засталося без адказу, і Алена Янушкоўская бесперашкодна вяла здымкі, пакуль Святлана Іванова разбірала касацыйныя скаргі актывістаў.
«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве блогерка з‑пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты
“Ёсць Канстытуцыя, якая дазваляе грамадзянам збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Суд — гэта публічнае месца, працэс адкрыты, прысутныя ў зале не былі супраць, таму я здымала. Публічнасць і галоснасць — гэта наша абарона. Не трэба баяцца і прыслухоўвацца да выдуманых забаронаў. Я выкладу відэаролік, і няхай усе бачаць, як праходзяць працэсы ў абласным судзе,” — патлумачыла свой учынак відэаблогерка.
Суддзя Ірына Смалякова, якая змяніла Святлану Іванову, абмежавалася толькі агульнай заўвагай пра неабходнасць падтрымання парадку ў зале судовых пасяджэнняў.
На відэазапіс трапілі выступы ўсіх актывістаў, якія хацелі абскардзіць штрафы, вынесеныя ім раённым судом па абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У тым ліку Таццяны Севярынец, яна абскарджвала штраф “за заклікі на несанкцыянаваную акцыю” — за абвесткі ў Facebook пра падзеі ў Віцебску 29 снежня 2019 года.
Абвешчаны збор грошай на пакрыццё штрафаў віцебскай блогеркі